29 студзеня 2013 г. адбудзецца прэзентацыя зборніка дакументаў «Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст.»

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі і Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» 29 студзеня 2013 г. у 15.00 у краме «Прэзентацыя» (пр-т Пераможцаў, 51/1) праводзіць прэзентацыю зборніка дакументаў «Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст.» (з актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі).

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі працягвае традыцыю выдання дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага, якія патрабуюць глыбокага ведання палеаграфіі і з’яўляюцца маладаступнымі для непадрыхтаванага чытача.

У зборніку прадстаўлены 116 дакументаў апошняй волі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, унесеных у актавыя кнігі гродскіх і земскіх судоў Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Новагародскага, Слонімскага паветаў, а таксама г. Магілёва за 1559—1600 гг.

Публікацыя тэксту тастаментаў суправаджаецца разгорнутымі асабовым і геаграфічным паказальнікамі, тлумачальным слоўнікам. Мова пераважнай большасці дакументаў — старабеларуская, некалькі тастаментаў напісаны на старапольскай мове.

У прэзентацыі возьмуць удзел прадстаўнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, гістарычнага факультэта БДУ, гістарычнага факультэта БДПУ імя М. Танка, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, сродкаў масавай інфармацыі.

Зборнік — вынік шматгадовай працы супрацоўнікаў аддзела старажытных актаў НГАБ: загадчыцы аддзела Вольгі Уладзіміраўны Бабковай, галоўнага архівіста Ірыны Міронаўны Бобер, галоўнага палеографа Альбіны Францаўны Аляксандравай. Навуковую рэдакцыю ажыццяўляў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Барысавіч Доўнар.

Інфармацыя аб выданні

Тастаменты (завяшчанні) — унікальная па інфарматыўнасці гістарычная крыніца. Тастаменты адлюстроўваюць канфесійную прыналежнасць чалавека, яго маёмасны стан, склад сям’і, ступень адукаванасці. Яны выдатна ілюструюць стаўленне да жыцця і смерці, да сваіх родных, да пасмяротнай памяці. Менавіта тастаменты адносяцца да нешматлікай катэгорыі дакументаў, у якіх выразна гучыць голас тагачаснага чалавека. Пераважная большасць аўтараў прадстаўленых у зборніку дакументаў складалася з прадстаўнікоў сярэдняй шляхты – зямян, што валодалі невялікай маёмасцю, а таксама асоб вышэйшага стану, якія займалі розныя кіруючыя пасады і мелі важнае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Сярод тастатараў ёсць такія вядомыя асобы, як першая жонка канцлера ВКЛ Льва Сапегі – Дарота Фірлей, маці княжны Сафіі Слуцкай – Барбара Кішка, бацька мітрапаліта Іосіфа Вельяміна-Руцкага – Шчасны Вельямін-Руцкі, смаленскі ваявода Васіль Тышкевіч, слонімскі староста Міхал Валовіч, віцебскі гараднічы Багдан Янушкоўскі, князь Шчасны Свірскі, магілёўскі бурмістр Кузьма Есманавіч і многія іншыя.

Кантактная асоба:
Лісейчыкаў Дзяніс Васільевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НГАБ – (017) 286 75 26, (029) 682 48 47.