27 красавіка 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра

27 красавіка 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Янкі Маўра (1883 – 1971).

Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) – адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, класік прыгодніцкага, фантастычнага і навукова-пазнавальнага жанраў. Яго творчасці ўласцівыя захапляльны сюжэт, непасрэднасць, даступнасць выкладання. Як зазначыла літаратуразнаўца Маргарыта Яфімава, Я. Маўр быў “вялікім аптымістам, фантазёрам, узяў з дзяцінства і захаваў на ўсё жыццё свежасць і яркасць успрымання, здольнасць здзіўляцца, захапляцца, знаходзіць незвычайнае ў штодзённым”.

Дакументы Янкі Маўра паступілі ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР 3 ліпеня 1984 г. ад сына пісьменніка – вядомага фізіка, акадэміка Фёдара Фёдарава. Сёння асабісты фонд Я. Маўра ў БДАМЛМ налічвае 165 адзінак захоўвання. Гэта – рукапіс неапублікаванага рамана “Дзяўчына-маці”, аповесцяў “Шлях з цемры”, “Аповесць будучых дзён”, “Тысяча дзён”, “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, п’ес, апавяданняў, нарысаў, замалёвак, нататак, фельетонаў, а таксама перапіска, дакументы службовай і літаратурнай дзейнасці, фотаздымкі. Некаторыя з гэтых дакументаў знайшлі сваё месца на выставе, прадстаўленай стэндамі “Яго шлях”, “Свет прыгодаў і фантастыкі”, “Талент – дзецям”, “Ад удзячных чытачоў”, “З калегамі па пяры”, “У коле сям’і”, “Сваты: Янка Маўр і Якуб Колас”, “Янка Маўр – эсперантыст”, “Памяць”.

На адкрыцці выставы дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка распавяла пра ролю Янкі Маўра ў беларускай літаратуры і яго архіўны фонд. З цікаўнасцю прысутныя слухалі ўнукаў вядомага пісьменніка: Марыя Міцкевіч падзялілася сваім успрыманнем творчай спадчыны Янкі Маўра, расказала пра новыя выданні яго твораў, а Андрэй Фёдараў прыгадаў яркія, памятныя з дзяцінства эпізоды з жыцця свайго дзеда. Пры канцы сустрэчы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль правёў экскурсію па выставе, якая, спадзяемся, хутка прыцягне ўвагу настаўнікаў і вучняў.

На адкрыцці выставы “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”

На адкрыцці выставы “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”

На адкрыцці выставы “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”

На адкрыцці выставы “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”

На адкрыцці выставы “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”

Падрабязней гл. на сайце БДАМЛМ