Фонды замежных архіваў
Значная частка дакументаў В. Дуніна-Марцінкевіча захоўваецца за межамі Беларусі. Дзякуючы намаганням беларускіх даследчыкаў вялікая частка іх выяўлена і надрукавана.
Першай з краін у гэтым шэрагу стаіць Літва.
Гістарычны архіў Літвы захоўвае:
— «Справу канцылярыі папячыцеля Беларускай навучальнай акругі 1838 “Об определении Викентия Дунина-Марцинкевича письмоводителем в Минскую дирекцию и увольнении его» (ф. 567, воп. 2, спр. 4241);
— «Справу канцылярыі віленскага генерал-губернатара пра выдачу В. Дуніна-Марцінкевічу замежнага пашпарта» (ф. 378, спр. 1158);
— «Справу канцылярыі віленскага генерал-губернатара «По прошению дворянина Викентия Марцинкевича о помещении дочери и сына его на казённый счёт в учебное заведение для изучения в музыке» (ф. 378, спр. 93);
— «Дело аудиториата «О коллежском регистраторе Викентии Марцинкевиче» (ф. 1248, воп. 1, спр. 689);
— «Справу канцылярыі віленскага генерал-губернатара «С перепискаю о книгах, брошюрах, журналах, воззваниях и других предосудительных изданиях» (ф. 378, спр. 10 (паліт. аддзел 1889 г.). У фондзе вядомага фалькларыста і этнографа Я. Карловіча захоўваецца тэкст камедыі «Пінская шляхта», у гэтым жа фондзе знаходзіцца ліст Камілы Асіповіч – дачкі В. Дуніна-Марцінкевіча (ф. 1135, воп. 10, спр. 219) і інш.Архіў літаратуры і мастацтва Літвы мае ўнікальныя аўтографы В. Дуніна-Марцінкевіча двух вершаваных пасланняў да У. Сыракомлі (ф. 69, воп. 1, спр. 101).
у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы (архіве фірмы Завадскіх) знаходзяцца:
— 4 пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча да віленскага кнігавыдаўца і кнігагандляра А. Завадскага (ф. 7 , спр. 743);
— пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча да М. Аргельбранта (ф. 7, спр. 1824);
— пісьмы да А. Кіркора (калекцыя А. Заштаўта. Ф. 273, спр. 1752) і інш.
У Расіі ў рукапісным аддзеле Інстытута рускай літаратуры захоўваецца ліст пісьменніка ў рэдакцыю “Виленского вестника” з прыкладзеным пачаткам «Быліцы, расказы Навума» (ф. 569, № 337, арх. М.Ф. Дэ-Пуле). У свой час гэтую рэліквію адшукаў беларускі вучоны Г. Кісялёў і дзякуючы гэтаму было ўзноўлена каля 50 радкоў твора.
У Польшчы ў Нацыянальнай бібліятэцы ў фондзе А. Ельскага ў 1964 г. беларускі даследчык А. Мальдзіс выявіў арыгінал паэмы «З-над Іслачы, або Лекі на сон».
Сучаснае пакаленне вучоных-марцінкевічазнаўцаў актыўна працуе ў бібліятэках і архівах Еўропы над выяўленнем і апісаннем новых дакументаў жыцця і дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча і яго роду. Дакладнае апісанне гісторыі кожнага твора В. Дуніна-Марцінкевіча можна знайсці ў даследаванні Г. Кісялёва «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (Мн., 1988).