Выдатны дзеяч беларускай культуры Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Аб праекце

Праект «Выдатны дзеяч беларускай культуры Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Да 150-годдзя з дня нараджэння» з’яўляецца спецыяльнай юбілейнай рубрыкай інтэрнэт-рэсурсу Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь — сайта «Архивы Беларуси».

Прапануемы матэрыял прысвечаны знакавай, унікальнай асобе: беларускаму асветніку — збіральніку і захавальніку нацыянальных рарытэтаў, выдаўцу, выхавацелю моладзі, выдатнаму арганізатару, вялікаму эрудыту — беларусазнаўцу, этнографу, фалькларысту, паліглоту-мовазнаўцу, літаратуразнаўцу, бібліяфілу, высокамаральнаму, бескарысліваму чалавеку, патрыёту, жыццё і дзейнасць якога былі цалкам аддадзены нацыянальнаму адраджэнню Беларусі.

Мэты і магчымыя вынікі праекта

Распрацоўка праекта абумоўлена імкненнем адзначыць вялікі ўклад Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы ў развіццё беларускай культуры і нацыянальнае адраджэнне Беларусі, пазнаёміць шырокае кола грамадскасці з яго дзейнасцю і падзеямі жыцця. Акрамя таго, стварэнне гэтай падборкі матэрыялаў мае на мэце пашырэнне ведаў па беларускай культуры і гісторыі канца ХІХ — першай трэці ХХ ст.

Вынікам праведзенай работы будзе фарміраванне ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт больш поўнай інфармацыйнай карціны па ўзнятых пытаннях, прычым у першую чаргу на падставе далучэння дакументальных першакрыніц.

Усё гэта павінна садзейнічаць папулярызацыі архіўных фондаў Рэспублікі Беларусь, аблягчэнню доступу да матэрыялаў устаноў Дзяржаўнай архіўнай службы, пашырэнню інтарэсу да нацыянальнай культуры і гісторыі, выхаванню патрыятызму ў беларускіх грамадзян і больш глыбокаму азнаямленню сусветнай грамадскасці з Беларуссю.

Структура праекта

Рубрыка складается з 3-х асноўных раздзелаў:

  • Аглядная даведка аб асобе і дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы
  • Агляд архіўнай спадчыны і збораў дакументаў аб жыцці і дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы, якія знаходзяцца ў фондах беларускіх і замежных архіваў, бібліятэк, музеяў
  • Выстаўка архіўных дакументаў пра Б. Эпімах-Шыпілу.

Усяго экспануецца 160 дакументаў (электронных варыянтаў першакрыніц ці іх копій), якія знаходзяцца ў сховішчах 3-х дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь: Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (147 дакументаў), Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (6), Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (2), а таксама ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (5).

Экспазіцыя складзена з 10-ці тэматычных распрацовак, у якіх адлюстроўваюцца розныя напрамкі і этапы жыцця і дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы. Структурна гэты матэрыял пададзены ў 2-х узроўнях:
— 1-шы ўзровень: пералік дакументаў, які ўключае іх назву, месца і дату стварэння, від, мову, наяўнасць аўтографа, а таксама забяспечаны архіўнымі ўказальнікамі да іх. Пералік прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці. Тут жа (з правага боку) на выяве першакрыніцы, выкананай у мінімальным маштабе (для фотаздамкаў), або на спецыяльным значку, які абазначае тэкставы дакумент, размешчаны спасылкі для прагляду матэрыялу ў поўнамаштабным выглядзе;
— 2-гі ўзровень: электронныя выявы архіўных першакрыніц ці іх копій (тэкставых дакументаў, фотаздымкаў), якія зроблены ў максімальна магчымым у дадзенай канкрэтнай сітуацыі памеры.

Каля дзвюх трэцяў пададзеных у рубрыцы дакументаў з’яўляюцца арыгіналамі.

Аснову экспазіцыі складаюць тэкставыя матэрыялы (122 адзінкі). Акрамя таго, выстаўлены 1 малюнак і 37 фотадакументаў (у тым ліку на 3-х фотаздымках маюцца надпісы). Больш паловы тэкставых дакументаў з’яўляюцца рукапісамі, каля трэці — друкаваныя матэрыялы і яшчэ 14 % выкананы машынапісным спосабам. Тэксты галоўным чынам пададзены ў выглядзе фрагментаў (урыўкаў).

Прадстаўлены дакументы розных гістарычных эпох: апошняй трэці ХІХ ст., першай трэці ХХ ст.(і да 1917 г., і паслярэвалюцыйнага часу), а таксама сучаснага перыяду. Амаль трэць тэкставых матэрыялаў выканана на бланках розных устаноў як Расійскай імперыі, так і савецкіх.

Пераважная большасць змешчаных тэкстаў пададзена на беларускай (43 % дакументаў, у тым ліку 8 % — лацінскім шрыфтам) і рускай (42 %) мовах. Апрача таго, экспануемыя дакументы выкананы з выкарыстаннем і іншых моў: польскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, нямецкай, англійскай.

На гэтай выстаўцы дэманструюцца экслібрыс Б. Эпімах-Шыпілы і 36 яго аўтографаў на 6 мовах і яшчэ 11 аўтографаў іншых вядомых асоб (Янкі Купалы, Цёткі, Тамаша Грыба, Янкі Станкевіча, Паўліны Мядзёлкі, Юліяна Дрэйзіна).

Удзельнікі праекта

Ідэя праекта належыць дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва
Г. Запартыцы.

Агульнае кіраўніцтва праектам і ўзгадненне падрыхтаваных да размяшчэння на сайце матэрыялаў ажыццяўляла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. Бірукова.

Фарміраваннем інфармацыйнага напаўнення займаліся супрацоўнікі:

  • Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі
    (- кіраўніцтва па пытаннях зместу праекта, распрацоўка яго структуры, раздзела «Аб праекце» і біяграфічнай даведкі, адбор і апрацоўка па змесце дакументаў архіваў, выяўленне новых першакрыніц, сыстэматызацыя дадзеных, тэсціраванне змешчаных матэрыялаў — Д. Глазоўская;
    — распрацоўка біяграфічнай даведкі, апрацоўка па змесце дакументаў архіваў, кантроль адпаведнасці тэкстаў нормам стылістыкі і правапісу — А. Саламевіч)
  • Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва
    (- распрацоўка даведкі па агляду матэрыялаў архіваў, бібліятэк, музеяў па тэме праекта, выяўленне ў архівах новых дакументаў — Г. Запартыка;
    — выяўленне ў архіве матэрыялаў па тэме праекта, іх адбор і падрыхтоўка зыходных дадзеных для распрацоўкі раздела па архіўных дакументах — Т. Кекелева).

Выяўленне дакументаў па тэме праекта праводзілі супрацоўнікі:

  • Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь — Н. Дзюба, М. Бягун
  • Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі — У. Дзянісаў
  • Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — Н. Саевіч.

Тэхнічныя аспекты працы над праектам знаходзіліся ў кампетэнцыі супрацоўнікаў Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі
(- кіраўніцтва працай па тэхнічным забеспячэнні праекта, праграмная падтрымка і апрацоўка выяў дакументаў — Г. Каханава;
— дызайн, апрацоўка выяў дакументаў, размяшчэнне матэрыялаў праекта ў сетцы Інтэрнэт — Г. Дашкевіч).

Заўвагі

Пры выкарыстанні матэрыялаў праекта неабходна рабіць спасылку на крыніцу (сайт «Архивы Беларуси» і архіў — уладальнік арыгінала дакумента). Па іншых пытаннях выкарыстання дадзеных дакументаў трэба звяртацца ў адпаведныя архівы (кантактная інфармацыя аб іх маецца ў рубрыцы «Органы и учреждения Государственной архивной службы» сайта «Архивы Беларуси»).

Свае водгукі і прапановы, якія тычацца дадзенага праекта, можна накіроўваць па электроннай пошце (е-mail: ed@archives.gov.by).

Умоўныя скарачэнні, выкарыстаныя ў матэрыялах праекта

БДАМЛМ — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
БССР — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
ВНУ — Вышэйшая навучальная ўстанова
ДПУ — Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне
НАРБ — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
НГАБ — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
РСФСР — Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка
СНК — Савет Народных Камісараў
СПб — Санкт-Пецярбург
СССР — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Республік
ЦДГА — Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў