Фонд Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа



16 жніўня 1956 г. дому Я. Коласа ў Мінску, дзе ён жыў у апошнія гады, быў нададзены статус Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. 4 снежня 1959 г. установа адчынілася для наведвання. Экспазіцыя, якая прадстаўляе гледачу ўнікальную спадчыну пісьменніка, дала права музею сёння называцца навукова-асветным і духоўна-культурным цэнтрам вывучэння жыцця і творчасці Я. Коласа. У музеі 10 экспазіцыйных залаў, каля 30 тысяч экспанатаў асноўнага фонду. У экспазіцыі і фондах знаходзяцца:

  • рукапісы трылогіі «На ростанях», паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», вершаў 1941 – 1956 гг., апавяданняў, артыкулаў, выступленняў;

  • дзённікі, пісьмы;

  • зборы твораў, першыя выданні, кнігі паэта з яго аўтографамі Я.Ф. Карскаму, Я.А. Адамовічу, С. Гарадзецкаму, Я. Райнісу і іншым, кнігі паэта, што чыталіся ў франтавых акопах і партызанскіх зямлянках, вывезеныя фашысцкімі захопнікамі і зноў вернутыя ў Мінск;

  • калекцыя кніг беларускіх пісьменнікаў — П. Броўкі, К. Крапівы, А. Куляшова, М. Лынькова, М. Танка. I. Шамякіна, Я. Брыля, А. Бялевіча, А. Кулакоўскага, М. Лужаніна, пісьменнікаў літаратур народаў СССР — А. Венцлавы, Г. Гуляма, В. Каверына, Э. Межэлайціса, С. Міхалкова,  С. Муканава, А. Пракоф’ева, М. Рыльскага, П. Тычыны з дарчымі надпісамі Я. Коласу;

  • асабістыя рэчы і дакументы Я. Коласа, мэбля ў рабочым кабінеце і гасцёўні;

  • фотаздымкі з выявай Я. Коласа, асобныя сюжэты кінахронікі, дакументальныя фільмы пра Я. Коласа, яго родныя мясціны, фанаграмы выступленняў паэта, успамінаў пісьменнікаў П. Броўкі, А. Куляшова, А. Макаёнка, А. Сафронава, А. Суркова, дзеячаў культуры і мастацтва Л. Александроўскай, П. Малчанава, Р. Шырмы, брата і сясцёр паэта, песень і рамансаў на словы Я. Коласа, мастацкага чытання яго твораў.

У выяўленчым фондзе і экспазіцыі знаходзяцца творы жывапісу М. Беляніцкага, В. Волкава, У. Гардзеенкі, Я. Драздовіча, В. Жолтак, А. Малішэўскага, М. Манасзона, I. Немагая, З. Паўлоўскага, В. Цвіркі, Я. і Г. Ціхановічаў, графікі Э. Агуновіча, У. і М. Басалыгаў, Ю. Герасіменкі, А. Кашкурэвіча, П. Калініна, Я. Куліка, М. Купавы, А. Лапіцкай, А. Лось, В. Маркаўца, Г. Паплаўскага, Ю. Пучынскага, Я. Раманоўскага і многіх іншых.