Фонды замежных архіваў



Немалая частка дакументаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа захоўваецца ў архівах і бібліятэках многіх краін свету. Сярод іх у Расіі:

  • Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (у розных фондах выяўлены пераклады твораў Я.  Коласа на рускую і іншыя мовы, стэнаграмы яго выступленняў, дагаворы, перапіска, рэцэнзіі і іншыя дакументы за 1930-я – 1940-я гг.);
  • Архіве Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук (фонд 108);
  • Аддзеле рукапісаў Інстытута рускай літаратуры Расійскай Акадэміі навук (фонд 586).

Акрамя названых сховішчаў, дакументы Я. Коласа выяўлены ў Літве:

  • Рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд № 21 – некалькі аўтографаў вершаў Я. Коласа і рукапіс “Другога чытання для дзяцей беларусаў”);
  • Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (фонды 466, 567).

Унучкай і даследчыцай жыцця і творчасці Я. Коласа М.М. Міцкевіч у Вялікабрытаніі (Скарынаўская бібліятэка ў Лондане) знойдзены рукапісы і выданні Я. Коласа.

Творы Якуба Коласа перакладзены на англійскую, балгарскую, венгерскую, грузінскую, кіргізскую, малдаўскую, нямецкую, польскую, рускую, фінскую, французскую, чэшскую і вялікую колькасць іншых моў свету. Многім перакладам спадарожнічала перапіска аўтара з перакладчыкамі. Гэта ярка адлюстравана на прыкладах С.М. Гарадзецкага, П.А. Сямыніна, Я.С. Мазалькова. Думаецца, што пошук на гэтым не павінен вычарпацца. Ёсць яшчэ магчымасці для знаходак невядомых лістоў і аўтографаў, а таксама рукапісаў перакладаў яго твораў, фотаздымкаў і інш. у блізкіх і далёкіх краінах.