«Травіца брат-сястрыца»

Анатацыя

Твор напісаны ў 1857 г. Сучасныя даследчыкі адносяць яго да жанру балады. Падзеі ў ім адбываюцца ў далёкім мінулым, сюжэт мае выразную фальклорную аснову, матывы ўчынкаў герояў ацэньваюцца паводле народных крытэрыяў працавітасці і сумленнасці чалавека. Ліхая мачыха ўцякла з дому са сваім палюбоўнікам-аканомам і звяла з сабой дачку мужа Алёнку. Прайшло шмат часу, Алёнка пакахала сотніка Мірона. Маладыя людзі хацелі пабрацца шлюбам, але раптам высветлілася, што яны — брат і сястра. Закаханых, якія не вытрывалі такой весткі і загінулі, пахавалі ў адной магіле.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва  ёсць рукапіс І. Замоціна з праўкай (1920-я гг.).

Цытата

«Мірона ж Алёнку усе жалавалі,
У адной магіле родных пахавалі;
Да на той магіле вырасла травіца,
І людзі назвалі яе «Брат-сястрыца».
Дзеўкі ж маладзенькі траўку тую рвалі
І няшчасных песняй такой паміналі…»