Рассакрэчаныя архівы: Дакументы дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь, якія пераведзены на адкрытае захоўванне: Даведнік
Прадмова
З мэтай пашырэння інфармацыйнай базы для даследаванняў па гісторыі Беларусі Камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў даведнік аб дакументах дзяржаўных архіваў рэспублікі, якія пераведзены на адкрытае захоўванне. Раней яны знаходзіліся на сакрэтным захоўванні. Дзяржаўная архіўная служба рэспублікі ажыццяўляе навукова-інфармацыйную дзейнасць па забеспячэнню грамадства рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыяй. З 1987 г. у архівах рэспублікі праводзіцца мэтанакіраваная праца па ліквідацыі абмежаванняў на выкарыстанне дакументаў, якія знаходзіліся на сакрэтным захоўванні. У выніку на адкрытае захоўванне пераведзена 119337 спраў (58,4% ад агульнай колькасці засакрэчаных дакументаў). Цалкам скончана праца ў гэтым накірунку з дакументамі дарэвалюцыйнага часу і дакументамі ўстаноў Заходняй Беларусі ў перыяд уваходжання ў склад Польшчы (1919–1939 гг.), а таксама з дакументамі беларускіх нацыянальных партый, устаноў і арганізацый.
Актыўна ідзе перавод на адкрытае захоўванне дакументаў савецкага перыяду. На 1 студзеня 1991 г. 56% дакументаў, якія раней знаходзіліся на закрытым захоўванні, сталі даступнымі для даследчыкаў.
Даведнік (выпуск 1) складаецца з чатырох раздзелаў:
1. Дакументы па гісторыі Беларусі дарэвалюцыйнага перыяду.
2. Дакументы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў савецкага перыяду.
3. Дакументы ўстаноў Заходняй Беларусі ў перыяд уваходжання ў склад Польшчы (1919–1939 гг.)
4. Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў гор. Вільні (1835–1942 гг.)
У раздзелах фонды размешчаны па значнасці ўстаноў-фондаўтваральнікаў. Назвы фондаў даюцца па апошняй назве фондаўтваральнікаў. У характарыстыку дакументаў уваходзяць назва фонду, яго нумар, колькасць рассакрэчаных спраў, храналагічныя рамкі гэтых спраў, у дужках даецца ўмоўнае абазначэнне назвы дзяржаўнага архіва, у якім захоўваюцца дакументы.
Анатацыі складзены як асобныя на дакументы фондаў, так іагульныя на групы аднародных спраў (фонды выканкамаў, воінскія ўстановы, добраахвотныя ваенізаваныя таварыствы і інш.). Пры наяўнасці дакументаў, характэрных для пэўнага фондаўтваральніка, назва яго абумоўлена ў агульнай характарыстыцы, якая дадзена на групу фондаў.
Перад кожным раздзелам маецца кароткая даведка аб дакументах, што ўвайшлі ў раздзел.
У першым выпуску даведніка матэрыялы савецкага перыяду прадстаўланы ў асноўным дакументамі, якія захоўваюцца ў абласных дзяржаўных архівах і іх філіялах. Што датычыць цэнтральных архіваў рэспублікі, то рассакрэчванне дакументаў трэба праводзіць у БДА і БДАНТД. У БДА на агульнае захоўванне з закрытага пераведзены толькі адзін фонд Наркамата ўнутраных спраў БССР.
У гэтым архіве праца па рассакрэчванню дакументаў ускладняецца ў сувязі з вялікім аб’ёмам фондаў.
У БДАНТД праведзена комплексна рассакрэчванне фондаў Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект», праектнага Інстытута «Віцебскграмадзянпраект» і БелНДІ градабудаўніцтва.
Інфармацыя аб далейшым пераводзе дакументаў на адкрытае захоўванне будзе дадзена ў наступных выпусках даведніка. Для зручнага карыстання да даведніка складзены: агульная прадмова, прадмова да кожнай часткі, спіс скарачэнняў і скарочаных слоў, спіс умоўных абазначэнняў назваў дзяржаўных архіваў і змест.
Даведнік складзены на падставе матэрыялаў, якія пададзены дзяржаўнымі архівамі.