Зборнік паэзіі «Вечарніцы і Апантаны»

Анатацыя

Другі зборнік паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча. У яго ўвайшлі вершаваная аповесць «Вечарніцы» (1855 г.), якая складаецца з дзвюх частак: Вечарніца 1 «Дурны Зміцер, хоць хітры» (у першавыданні гэтага загалоўка няма) і Вечарніца 2 «Стаўроўскія дзяды»  на беларускай мове і меладрама ў пяці карцінах «Апантаны» (1855 г.) на польскай мове.

Крыніцай для вершаванай аповесці «Вечарніцы» паслужыў беларускі фальклор. Расказваецца пра тое, што ў хаце старога дзеда Ананія любяць збірацца на вячоркі («вечарніцы») моладзь і сталыя людзі, каб паслухаць казкі гаспадара. Сюжэты цесна пераплецены з народнымі казкамі, анекдотамі, паданнямі. Падзеі ў Вечарніцы 1 адбываюцца ў Мінску і яго блізкім наваколлі, Вечарніца 2 пераносіць чытача ў далёкае мінулае, калі ў Лагойску, паводле падання, княжыў добры князь Грамабой.

У меладраме «Апантаны» аўтар высмейвае графаманства, бяздушнасць і фарысейства, няшчырасць у каханні.

Цытаты

«Няма як Мінск наш! — дзетачкі міленькі!
Прыгожы, відны, кругом весяленькі;
Ні адной мізэрнай не сустрэнеш хаты,
Вот, маўляў, снег белы, каменны палаты;
Пасярэдзіне ўецца круглай стружкай
Свіслач рака — зялёнай устужкай;
Вот не урокам — горад хоць куды!
І цару тут не было б нуды!
А людзі, людзі! — дзеткі дарагія!
Не заморскія, маўляў, не чужыя,
А ўсё свае — веры хрысціянскай,
Шчодры, дабры, натуры не панскай…»

(«Вечарніца: Дурны Зміцер, хоць хітры»)

«І з даўніх-даўна нескалькі сот лет,
Яшчэ разумным не быў так наш свет,
Як цяпер, дзеткі. Праведнага бога
Не ўсе хвалілі; было людзей многа,
Што не ў хрышчонай веры пражывалі,
Нячыстай сіле паклон аддавалі.

Вот у Лагойску, над Гайнай-ракой,
Быў вельмі крэпкі замак крывічан;
Там малады княжыў Грамабой;
Добры, адважны, шчэры быў то пан.
Не прапускаў кепства ён нікому,
Гатоў, бывала, хоць бы аканому
Заспяваць праўдай; мужычкам быў рад,
Не жалеў хлеба, солі для грамад.»

(«Вечарніца: Стаўроўскія дзяды»)

«Сягоння марыць, любіць цябе быццам,
Бо тваё каханне ўтраціць мо баіцца,
І раптам іншы хтось на вочы пападае,
Душу і сэрца скрывіць, думкай заўладае,
І вось яна зрачэцца дружбы і кахання
І абмінаць цябе аж за паўмілі стане!
І сэрца, што гарэла, зябне, як у гада,
Бо нават роспачы тваёй мо рада.
Ёй слёзы нечыя нічога ўжо не значаць,
Памры хоць перад ёй, не ўбачыць…»

(«Апантаны», пераклад Пятра Бітэля)