Фонд Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
Пасля смерці Янкі Купалы ўрадам Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) былі прыняты захады, каб сабраць і зберагчы яго рукапісную спадчыну. Спецыяльнай пастановай Савета Народных Камісараў БССР і Бюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) (ЦК КП(б) Беларусі ад 2 ліпеня 1942 г. “усе літаратурныя працы: кнігі, рукапісы, выданыя і нявыданыя, пісьмы, перапіска народнага паэта з грамадскімі дзеячамі, фатаграфіі і інш. матэрыялы, якія адносяцца да жыцця і дзейнасці паэта”, былі абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю. Для збірання, арганізацыі захавання і падрыхтоўкі да выдання гэтых матэрыялаў створана ўрадавая камісія на чале з Я. Коласам.
Да вызвалення Беларусі часовым месцам захоўвання рукапісаў і ўсіх матэрыялаў Народнага паэта вызначаўся архіў ЦК КП(б) Беларусі, які знаходзіўся ў г. Уфа. Перш за ўсё былі сабраны рукапісы паэта перыяду вайны. Шмат матэрыялаў рознага часу паступіла ад дзеячаў культуры, з якімі быў звязаны Я. Купала. Пасля вайны адшуканы рукапіс зборніка “Шляхам жыцця”, аўтографы паэм “Сон на кургане”, “Бандароўна”, камедыі “Паўлінка” і інш.
У Дзяржаўную бібліятэку БССР з Германіі былі вернуты , а пасля перададзены ў музей, аўтарская карэктура зборніка “Шляхам жыцця”, рукапісы перакладаў “Слова аб палку Ігаравым”.
У Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР сярод матэрыялаў, вернутых з Германіі, былі знойдзены 2 папкі, якія змяшчалі 70 аўтографаў Я. Купалы: рукапісы вершаў “Мая доля”, “Беларусі ардэнаноснай”, “Алеся”, “Хлопчык і лётчык” і інш., з Ленінграда атрыманы рукапісы яго 15 ранніх вершаў, паэмы “Нікому”, машынапісныя сшыткі Б.І. Эпімах-Шыпілы з дарэвалюцыйнымі творамі паэта.
Частка аўтографаў Янкі Купалы, вывезеных у Германію, была выяўлена ў Падольскім філіяле Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі Акадэміі навук Украіны і ў 1945 г. перададзена ў музей паэта ў Мінску.
Па дадзеных Энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала” (Мн., 1986), у Дэяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы захоўваецца больш за 500 рукапісаў паэта. Яны складаюць асобны фонд № 1. Сярод іх:
-
уласна аўтографы – 1154 старонкі
-
аўтарызаваны машынапіс – 107 старонак
-
друкаваныя тэксты – 827 старонак
Найбольш ранні – аўтограф верша “Мая доля” (“Мая доля, дык вось доля”) з паметай: “1904. 15 ліпеня. I . Луцэвіч”. На адвароце гэтага аўтографа жартоўны верш на польскай мове “ O kobiecie ” (“Пра жанчыну”) з датай 14.7.1904.
Ранняя творчасць прадстаўлена вершамі, якія ўвайшлі ў зборнік “Шляхам жыцця”. Апрача поўнага рукапісу зборніка, падрыхтаванага Я. Купалам для выдання ў 1913 г., які складаецца з аўтографаў, газетных выразак, машынапісаў з аўтарскімі праўкамі, ёсць карэктура зборніка, а таксама экземпляр зборніка з праўкамі Я. Купалы, зробленымі пры падрыхтоўцы другога, віленскага выдання 1923 г.
У музеі зберагаюцца таксама белавыя і чарнавыя аўтографы асобных вершаў дарэвалюцыйнага перыяду, машынапісныя тэксты вершаў Янкі Купалы з уласнаручнымі праўкамі, тлумачэннямі і перакладамі на рускую мову асобных слоў, што былі зроблены паэтам для А.А. Карынфскага, які ў 1913-1914 гг. перакладаў творы Янкі Купалы на рускую мову.
Захаваўся машынапісны тэкст 22 вершаў паэта на польскай мове з аўтарскімі праўкамі і подпісам “Пісаў у 1906 г. I . Луцэвіч”.
Вялікую каштоўнасць маюць аўтографы паэм “Нікому”, “Бандароўна”, “Яна і я”, драматычных паэм “Сон на кургане”, “На папасе”, п’ес “Прымакі”, “Раскіданае гняздо”.
Знакамітая камедыя “Паўлінка” прадстаўлена 2 аўтографамі – чарнавым і белавым. Захаваліся пачатковыя старонкі першага, празаічнага варыянта “Паўлінкі” – “А вербы шумелі”. У адным сшытку з “Паўлінкай” змешчаны тэкст незавершанай паэмы Я. Купалы “Гарыслава”.
З твораў 1918-х –1930-х гг. захаваліся 3 аўтографы верша “Спадчына” – белавы з паметай “Янка Купала. Орша. 19.ХІ.18 г.” і 2 чарнавыя. Зберагліся чарнавыя аўтографы паэм “Безназоўнае”, “З угодкавых настрояў”, “Тарасова доля”. Аўтограф “Тарасовай долі” ў 1940 г. быў падораны Янкам Купалам музею Т. Шаўчэнкі ў Кіеве, а пасля вайны перададзены з Кіева ў Інстытут літаратуры Акадэміі навук БССР і адтуль у Літаратурны музей Я. Купалы.
Некалькімі аўтографамі прадстаўлены празаічны і вершаваны пераклады “Слова аб палку Ігаравым”, ёсць аўтографы перакладаў лібрэта оперы “Галька” У. Вольскага і С. Манюшкі, драмы “Эрос і Псіха” Е. Жулаўскага, польскіх тэкстаў “Сялянкі” (“Ідыліі”) В. Дуніна-Марцінкевіча.
У музеі захоўваюцца шматлікія аўтографы пісьмаў і запісак Я. Купалы да розных асоб, яго кнігі і фатаграфіі з дароўнымі надпісамі паэта.