Ацэнка асобы і дзейнасці Браніслава Эпімах-Шыпілы сучаснікамі і нашчадкамі
Вершы Андрэя Зязюлі, Міколы Ермаловіча, Ірыны Багдановіч, А. Куржалава, прысвечаныя Б. Эпімах-Шыпілу.
Андрэй Зязюля
МАЁВАЯ НОЧ
Прысвячаю Прафесару Браніславу Эпімаху-Шыпіле
Цемра пануе ўсюды ў прасторы.
Ціша глухая, наўкола,
Ноч абняла ўсё. У цяжкім уморы
Меркнуць павольна ясныя зоры,
Моцна сьпяць вёскі і сёла.
Вечар за горы гдзесь прытуліўся,
Дробных лісточкаў павевам
Песьціць ня хоча, пэўна змарыўся,
Як бязупынна з хмарай днём біўся,
Дышучы злосьцяй і гневам.
Белы туман скрозь улёгся над лугам,
Рэчку завесіў мысьлонам,
Быццам спужаўся месяца Кругам,
Што ўзіраўся ў прозру з натугам,
Бледным, нясмелым сьвятлонам.
Ў сіні нябеснай ледзь відны воку
Зорачкі сьвецяць блудліва,
Вун каламашка ясьніцца з боку,
У дышлі тры коні, поўны уроку,
З ёй парадуюць ляніва.
Месяц плыве ў высь па небаглядзе
З зоркамі сесьці на веча.
Воддаль ад рэчкі ў ценістым садзе
Вечна шчасьлівы ў стройным суладзе
Ўсьцеж салавейка шчабеча.
Зычна нясецца ў гушчы сьвісш, — рэху
Будзіць наўкруг, мімаволі
Беднай душы ўлівае пацеху,
Міласьць да цноты, ненавісьць грэху
Родзіць там, лечачы болі.
О, як прыемна ў гэткую ночку
Вольным ад дзеннага шуму,
Ад салавейкі туж неўдалёчку,
Сеўшы пад дрэвам ў сонным куточку,
З мар занурыцца ў задуму.
Мікола Ермаловіч
БРАНІСЛАЎ ЭПІМАХ-ШЫПІЛА
Беларусь, ці памятаеш ты
Пра свайго Шыпілу? Эпімаха?
Гэта ж – найсвяцейшы твой святы,
Працай ты яго ўваскросла з праху.
Ён сыноў тваіх к табе збіраў,
Каб твой лёс у рукі свае бралі,
Кроў жыцця да целу твайму гнаў
Ён, якога сэрцам тваім звалі.
А за подзвіг свой у век стары
Атрымаў ён крыўду, нібы плаху…
Беларусь, ад сораму згары –
Ты не ўратавала Эпімаха!
Ірына Багдановіч
АЎТОГРАФ
І нумар з завітком, пастаўлены чарнілам,
І дробных літарак прыгожы ланцужок
Даводзілі, што Эпімах-Шыпіла
Валодаў гэтай кнігаю. І ўжо,
Яна і маёй сагрэтая рукою,
Душу кранула ўпэўненым штуршком
І павяла ў дзівосныя пакоі,
Дзе сьпіць сама Гісторыя такою,
Якой была яна, давераная вою.
Прыгожых літар дробным ланцужком.