Агляд архіўнай спадчыны і збораў дакументаў аб жыцці і дзейнасці Браніслава Эпімах-Шыпілы
Гісторыя стварэння калекцыі беларускіх рарытэтаў Б. Эпімах-Шыпілы
Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла ўсё сваё жыццё збіраў кніжныя, дакументальныя, археалагічныя помнікі гісторыі, этнаграфіі, фальклору, літаратуры Беларусі. Вялікай яго заслугай стала “Беларуская хрэстаматыя”, дзякуючы якой захаваліся і дайшлі да нас творы Ф. Тапчэўскага, І. Тамашэвіча, М. Марозіка і інш. У яго зборах, на час пераезду у 1925 г. у Мінск, значылася звыш 5 000 адзінак кніг, рукапісаў і дакументаў.
Б. Эпімах-Шыпіла вельмі ўважліва адсочваў усю інфармацыю, якая тычылася Беларусі, і ўсе выданні і публікацыі стараўся набыць, каб маглі мець доступ да іх беларусы ў Санкт-Пецярбургу. У яго бібліятэцы былі творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Цёткі, першыя выданні Янкі Купалы і Якуба Коласа, камплекты беларускіх газет, у тым ліку “Наша доля” і “Наша ніва”. І сёння ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца асобнікі газеты “Савецкая Беларусь” за 1920-1925 гг. з пазнакай адраса Б. Эпімах-Шыпілы. Значную частку яго калекцыі складалі спісы (копіі) літаратурных і гістарычных дакументальных помнікаў, якія ён выяўляў у прыватных калекцыях і архівах. У выпадку, калі ўладальнік рарытэта не мог саступіць яму арыгінал, Б. Эпімах-Шыпіла рабіў дакладную каліграфічную копію. Такі падыход выкарыстовываўся і пры складанні яго знакамітай “Беларускай хрэстаматыі”, пра гэта сведчаць спісы ананімных і некаторых аўтарскіх тэкстаў, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Мэтанакіраваны пошук беларускіх рарытэтаў пазнаёміў яго з многімі калекцыянерамі, у тым ліку і з А. Ельскім, які жыў у Замосці на Міншчыне. Вядома, што апошні прыслаў яму рукапіс недрукаванай камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча “Залёты” разам з рэдкім здымкам яе аўтара. Паводле бездакорнай копіі Браніслава Ігнатавіча нам і вядомы сёння гэты выдатны твор пачынальніка новай беларускай літаратуры. З далёкага Кракава дырэктар Ягелонскай бібліятэкі і знакаміты бібліёграф К. Эстрайхер у знак поўнага даверу прысылае яму ў арыгінале унікальны экземпляр марцінкевічаўскага перакладу “Пана Тадэвуша”, забароненага ў свой час царскай цэнзурай. Б. Эпімах-Шыпіла робіць каліграфічную копію і з гэтага выдання, як капіруе і адшуканы недзе ў бібліятэчных нетрах верш А. Плуга 1856 г. “Да В. Марцінкевіча, беларускага пісьменніка”.
Звяртае на сябе ўвагу не толькі надзвычай акуратная перадача тэксту пры капіраванні, але і імкненне да дакладнай пашпартызацыі тэкстаў. Копіі па магчымасці забяспечваліся ім даведкамі атрыбуцыйнага характару, часам вельмі падрабязнымі. Напрыклад, на копіі згаданага вышэй марцінкевічаўскага перакладу ён напісаў: “Гэтая копія перакладу “Пана Тадэвуша” на беларускую мову В. Марцінкевіча зроблена мною з экзэмпляра, друкаванага ў Вільні ў 1859 г. у Сыркіна, які знаходзіцца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве пад сігнатурай: Poezye 260; 1871.ХІІ.187, без тытульнага ліста, пераплецены разам з яго творам “Люцынка” з літарамі I.S. і ласкава надасланы мне ў ліпені 1893 года ў Пецярбург п.Каралем Эстрайхерам, дырэктарам вышэй названай бібліятэкі. С.-Пецярбург. 1893. Браніслаў Эпімах-Шыпіла”. Рымскае Х пад рыскай азначае кастрычнік (дзень не прастаўлены). Выходзіць, праца Браніслава Ігнатавіча над рэдкім выданнем доўжылася з ліпеня ажно тры месяцы і ўвесь гэты час Эстрайхер у Кракаве цярпліва чакаў вяртання арыгінала.
Цікавіўся Эпімах-Шыпіла і нацыянальнымі рарытэтамі, якія ўяўлялі сабой музейную каштоўнасць, выкарыстоўваючы для іх набыцця любую нагоду. Нават Янку Купалу даваліся такога кшталту даручэнні. Улетку 1912 г. Купала ў Акопах вёў перамовы з уладальнікам нейкай адмысловай старасвецкай шаблі, каб набыць яе для збораў свайго пецярбургскага сябра.
Паступова зборы Б. Эпімах-Шыпілы папоўніліся аўтографамі Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, іншых пісьменнікаў, копіямі, а то і арыгіналамі важных гістарычных дакументаў. У архіве Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Ф. Багушэвіча “Скрыпачка”, які згубіўся пасля смерці Браніслава Ігнатавіча. На сценах у яго віселі карціны з беларускімі краявідамі. Мастак Я. Драздовіч перадаў Эпімах-Шыпілу на захаванне свае малюнкі. Таксама ён калекцыянаваў вырабы народных майстроў.
Страты ў архіўнай спадчыне Б. Эпімах-Шыпілы
Гаворачы пра архіўную спадчыну Б. Эпімах-Шыпілы, мы нязменна гаворым аб стратах. Былі гэтыя страты беззваротнымі не толькі для аднаго асобна ўзятага архіўнага фонда, але і для ўсёй нацыянальнай культуры ўвогуле. Б. Эпімах-Шыпіла на працягу свайго жыцця вёў актыўную перапіску з многімі дзеячамі літаратуры, мастацтва, адгукаўся на ўсе просьбы аб перасылцы тэкстаў са сваіх збораў для выдання кніг. Але пераважная большасць лістоў да Б. Эпімах-Шыпілы, напісаных ў розныя гады Е. Раманавым, Янкай Купалай, Я. Драздовічам, Я. Дылай, Ю. Дрэйзіным, А. Сапуновым і многімі іншымі, не захавалася. Сёння вядомы толькі 34 лісты самога Б. Эпімах-Шыпілы да Я. Драздовіча, Ю. Дрэйзіна, Янкі Купалы, Л. Клейнбарта, А. Сапунова, Е. Раманава і інш., якія зберагаюца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, розных сховішчах Расіі, Украіны, Літвы.
Першую вялікую страту калекцыі Б. Эпімах-Шыпілы прынёс пажар у яго сядзібе ў Залессі ў 1910 г. Пра гэта Браніслаў Ігнатавіч успамінаў: “Увесну 1910-га года, калі Янка (Янка Купала) жыў у мяне, атрымаў я са сваёй сядзібы Залессе за 20 вёрстаў ад Полацка сумную вестку пра тое, што дамок мой, які я будаваў сабе на старасць на працягу 10 гадоў, разам з іншымі пабудовамі згарэў датла. Гэта мяне так засмуціла і прыбіла, што я не мог ні есці, ні спаць і ледзь быў не захварэў”. Найгоршым было тое, што ў пажары загінула этнаграфічная калекцыя Б. Эпімах-Шыпілы, а таксама некаторая частка рукапісных і кніжных збораў, якія павінны былі пакласці аснову беларускага музея ў Залессі.
Асноўную частку дакументальных і кніжных збораў Б. Эпімах-Шыпіла захоўваў у сваёй кватэры ў Пецярбургу (Васільеўскі востраў, 4 лінія, д. 45, кв. 16). Самыя цяжкія і небяспечныя часы для захавання гэтых збораў, наступілі пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. У адным з лістоў да свайго сябра вучонага А.Сапунова Браніслаў Ігнатавіч пісаў:
“Глыбокапаважаны Аляксей Парфёнавіч!
Да гэтай пары змагаўся з голадам, які лютуе тут, у Пеклаградзе, але больш сіл не хапае і вымушаны звярнуцца да Вас, Глыбокапаважаны Аляксей Парфёнавіч, з пакорнай просьбай: выратуйце ад страшнай смерці галоднай – дашліце па пошце якіх-небудзь пару фунтаў чорных хлебных сухароў, які-небудзь фунцік гароху, бобу альбо круп. Накладзіце на пасылку плацёж або паведаміце пісьмова яе каштоўнасць, а я неадкладна адашлю грошы з удзячнасцю.
Адрасуйце ў Бібліятэку Адзінага Дзяржаўнага Петраградскага Універсітэта Браніславу Ігнатавічу Эпімаху-Шыпіле. Не адкажыце ў гэтай маёй просьбе. Мы перажываем тут жахлівыя часіны: голад, холад, цемень, адсутнасць сродкаў перамяшчэння, словам, сапраўднае пекла і людзі мруць як мухі. З усяго штату Бібліятэкі, чалавек з пятнаццаці, засталося каля пяці, астатнія памёрлі, і зараз чарга за мной, калі Вы не выратуеце.
У нецярплівым чаканні ад Вас пасылкі з правізіяй застаюся з найглыбейшым шанаваннем і адданасцю Ваш пакорны зямляк і слуга..”.
Гэты ліст сведчыць пра тое, што нават перад страхам галоднай смерці збіральнік не паступіўся і нават не падумаў аб абмене ці продажы хоць нечага са сваёй калекцыі. А хутка Б. Эпімах-Шыпіла сутыкнуўся з яшчэ адной вельмі сур’ёзнай пагрозай сваім зборам. У яго ўласную кватэру новая ўлада сабралася падсяляць іншых жыльцоў – сям’ю з 4-х чалавек (верагодна, што так і адбылося).
У 1921 г. урад БССР зрабіў спробу арганізаваць пераезд Б. Эпімах-Шыпілы ў Мінск. Але узніклі праблемы з вывазам маёмасці вучонага, і ён вымушаны быў адкласці пераезд. У 1922 г. Я. Дыла яму зноў прапануе пераехаць на працу у Беларусь. Але Браніслаў Ігнатавіч, паміж усім, напісаў да яго: “… Астаўшыся тут адзінокім, калі ўсе праве: крэўныя і землякі паўцякалі адгэтуль перад холадам, голадам і другімі напасьцямі, я такжэ, каб мага і сілы і каб ня кніжкі і зьбёры, у што ўлажыў усю сваю душу, пяхотай нават паплёўся б у Бацькаўшчыну, але ня мог гэтага зрабіць, бо жалеў кідаць дарагое для сябе сабранне беларусшчыны і другіх ксёнжак, і вось перанёсшы праз чатыры з лішкам гады голад, холад і ўсялякія другія нягоды, страціў здароўе і дзіўлюся, як я яшчэ астаўся жывым? – ці не мана гэта!..”.
Пасада ва універсітэце давала Эпімах-Шыпілу мізэрны заробак. Беларускі наркамат асветы, жадаючы дапамагчы яму, у 1924 г. звярнуўся ў Савет Народных Камісараў (СНК) БССР з хадайніцтвам: “У Ленінградзе ў цяжкім стане жыве вядомы культурна-грамадскі дзеяч Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. 25 рублёў супрацоўніка Ленінградскай універсітэцкай бібліятэкі не даюць яму мажлівасці ні купіць дроў, ні дагледзіць кватэры, ні паехаць куды-небудзь, ні хоць бы па-людску карміцца. […] У цяперашні час Эпімах-Шыпіла ўжо мае 65 гадоў і фактычна ўжо служыць не можа. І таму прымаючы пад увагу крупныя заслугі Браніслава Эпімах-Шыпілы ў справе культурна-нацыянальнага адраджэння Наркамасветы БССР просіць назначыць яму персанальную пажыццёвую пенсію ў размеры 75 рублёў у месяц”. 17 снежня 1924 г. СНК БССР прыняў рашэнне аб прызначэнні пенсіі. Да таго ж Б. Эпімах-Шыпіла быў абраны членам Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). Яго жыццё вярталася ў вартае рэчышча. Ён цяпер мог прыязджаць у Мінск, актыўна перакладаў, рэцэнзаваў, кансультаваў праз перапіску.
Неўзабаве Б. Эпімах-Шыпіла прыняў рашэнне пераехаць у Мінск. Ён са шкадаваннем пакінуў бібліятэку універсітэта. Пра акалічнасці яго звальнення сведчыць такі запіс: “И только в 1925 г., когда возвратившись с каникул в деревню (Полоцком округе), услышал от некоторых товарищей-сослуживцев по университетской библиотеке (Ленинград), что будто бы меня за преклонностью лет намерены уволить со службы в библиотеке. Мне это показалось очень больным, так как я мог ещё работать, и не проверив этого слуха, написал в Минск Павловичу Альберту о согласии поехать в Минск на Родину”.
І ўсё ж Б. Эпімах-Шыпіла вяртаўся на Радзіму з вялікай радасцю і адчуваннем упэўненасці, што прынясе яшчэ многа карысці яе адраджэнню. Ён прыняў рашэнне аб перадачы сваіх унікальных збораў Інбелкульту. Па прыездзе ў Мінск Браніслаў Ігнатавіч быў прыняты ў доме А. Паўловіча, а яго калекцыю, па-ўсяму, размясцілі ў будынку Інстытута беларускай культуры па вул. Рэвалюцыйнай 21. Разборам і апісаннем калекцый у Мінску займаўся сам Б. Эпімах-Шыпіла. Пра гэта гаворыць заўвага М. Каспяровіча ў артыкуле “Там, дзе тварыў Каганец”, які быў надрукаваны ў часопісе “Наш край” (№ 10 за 1928 г.): “Магчыма, што ў канцы разьбіраньня сваіх колекцый проф. Эпімах-Шыпіла (Менск, Рэвалюцыйная, 21) знойдзе якія-небудзь творы нябожчыка (К. Каганец)”. Як бачым, у канцы 1928 г. калекцыі ўсё яшчэ разбіраліся і апісваліся і іх поўная перадача ў Інстытут беларускай культуры да арышту вучонага ў 1930 г. так і не была завершана. У гэты час некаторыя экспанаты з яго збораў выстаўляліся на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы: карціны Я. Драздовіча, мастацкія вырабы народнага майстра С. Кавалеўскага і інш..
Самым непрадказальным і трагічным у жыцці Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы стаўся 1930 г. Фабрыкуецца сумна вядомая справа “Саюз вызвалення Беларусі”. Дзесяткі таленавітых дзеячаў літаратуры і навукі апынуліся ў турмах і высылках. 18 чэрвеня арыштоўваюць і Б. Эпімах-Шыпілу. Пад час вобыску і арышту забіраюць асабістыя дакументы і перапіску вучонага, якая так і застанецца беззваротна страчанай. Сямідзесяцігадовага хворага чалавека пратрымалі ў турме 2 месяцы і адпусцілі. Фінал усяго гэтага быў надзвычай трагічным: яму загадалі ў самы кароткі тэрмін пакінуць Беларусь.
У Ленінград Б. Эпімах-Шыпіла павёз невялікі пакунак дарагога для яго скарбу, дзе паміж усім была яго знакамітая “Беларуская хрэстаматыя”, перапісаная ім у 1893 г. паэма А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” у перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову, фарс-вадэвіль “Zaloty” В. Дуніна-Марцінкевіча, спіс “Рэвізіі ваяводства Полацкага” з арыгінала 1552 г., “Калядную пісанку” на 1904 г., лісткі з перапісанымі ў розны час беларускімі творамі і інш..
У Ленінградзе Браніслаў Ігнатавіч пражыў свае апошнія і самыя цяжкія гады. Ленінградскі вучоны-славіст К. Пушкарэвіч, актыўны ўдзельнік дарэвалюцыйнага гуртка, які збіраўся на кватэры Б.. Эпімах-Шыпілы, у гэты час як мог падтрымліваў свайго старога сябру. Ім жа быў зроблены і гістарычны запіс на форзацы “Беларускай хрэстаматыі”: “2-га чэрвеня пасля другога ўдара Браніслав Ігнатавіч страціў прытомнасць і сканаў 6.VI.34 а 8-ай г. раніцы ў бальніцы імя С. Пяроўскай”. Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што Б. Эпімах-Шыпіла менавіта К. Пушкарэвічу перадаў свой рукапісны скарб, які захоўваўся ў асабістым архіве вучонага да яго смерці ў 1942 г.. На форзацы “Беларускай хрэстаматыі” з’явіўся яшчэ адзін запіс, на гэты раз рукой Л.Бэндэ: “Атрымана ад Канстанціна Аляксеевіча Пушкарэвіча 13/1 – 1936 г. Завешчана ва ўласнасць 1.1.1942. Памёр Канстанцін Аляксеевіч у лютым 1942 у гасцініцы “Асторыя”. Так архіў Б. Эпімах-Шыпілы перайшоў у калекцыю Л. Бэндэ, якая разам з асабістым архівам апошняга ў 1963 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
Б. Эпімах-Шыпіла вельмі шчодра дзяліўся рарытэтамі са сваіх збораў з многімі выдаўцамі, вучонымі, а асноўную іх частку ў 1929 г., як было ўжо сказана, перадаў Інстытуту беларускай культуры ў Мінску. У рэдакцыю першага акадэмічнага збора твораў М. Багдановіча (1927-1928 гг.) аддаў пісьмы паэта ў выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”. Захоўваліся ў яго зборах дакументы некаторых палітычных партый, частку якіх ён перадаў у 1927 г. для выдання зборніка “Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.”. У фондзе Л. Бэндэ захаваўся толькі канверт з надпісам “Беларускія адозвы і лісткі”, у які збіральнік пазней змясціў аўтограф перакладу Н. Чарноцкага з А. Чэхава “Сватанне”. Напачатку 1929 г. Б. Эпімах-Шыпіла перадаў Янку Купалу некалькі дзесяткаў яго вершаў дарэвалюцыйнага перыяду, якія ў свой час не друкаваліся з цэнзурных меркаванняў. Частку купалаўскіх матэрыялаў пераслаў літаратуразнаўцу Л. Клейнбарту, які распачаў працу над манаграфіяй пра Янку Купалу. Колькі яшчэ людзей атрымалі неацэнныя дарункі ад Браніслава Ігнатавіча!? Сёння на гэта пытанне нельга даць вычарпальны адказ. Няшмат ацалела з яго багатых збораў. Згарэлі ў віхуры вайны многія рукапісы Янкі Купалы, страчаны рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Ф. Багушэвіча “Скрыпачка”, магчыма разам з арыштам М. Мялешкі зніклі “Беларускія адозвы і лісткі” (менавіта ён укладаў зборнік “Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.”), і найвялікшая страта – вывезеная ў Германію ў час Вялікай Айчыннай вайны калекцыя, перададзеная ў свой час Інстытуту беларускай культуры, амаль цалкам загінула. Сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, рукапісных аддзелах некаторых бібліятэк, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Інстытуце рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук і інш., можна сустрэць толькі адзінкавыя рарытэты з некалі багацейшых збораў Б. Эпімах-Шыпілы.
Архіўная спадчына і дакументы аб жыцці і дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы ў фондах беларускіх і замежных архіваў, бібліятэк, музеяў
Аўтографы Б. Эпімах-Шыпілы і дакументы аб яго жыцці і дзейнасці захоўваюцца і ў некалькіх фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ).
-“Беларуская хрэстаматыя”, сабраная і запісаная Б. Эпімах-Шыпілам (66 — 1 — 1256);
— рукапісная копія Б. Эпімах-Шыпілы паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” у перакладзе . В. Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову (66 — 1 — 1283);
— рукапісная копія Б. Эпімах-Шыпілы фарс-вадэвіля В. Дуніна-Марцінкевіча “Zaloty” (66 — 1 — 1283);
— рукапісная копія Б. Эпімах-Шыпілы “Rewizya Woiewodztwa Połockiego” з арыгінала 1552 г. (66 — 1 — 1333);
— гектограф верша Гаўрылы “Музыкант беларускі” (66 — 1 — 101);
— “Калядная пісанка” на 1904 г., выдадзеная нелегальна гектаграфічным спосабам у Пецярбургу ў 1903 (з экслібрысам Б. Эпімах-Шыпілы) (66 — 1 — 1004);
— ананімныя творы ХІХ ст. “Не хачу я гарэліцы”, “Вецер вее”, “Вясна” і інш. у запісе Б. Эпімах-Шыпілы (66 — 1 — 1953, 1961);
— вершы А. Паўловіча “Да скрыўджанага бога” (66 — 1 — 1320), А. Пяткевіча “Да В. Марцінкевіча (66 — 1 — 1322), Я. Баршчэўскага “Bunty poddanych…” (66 — 1 — 1328) у рукапісе Б. Эпімах-Шыпілы;
— рэестр маёнткаў Полацкіх і Ігуменскіх манастыроў і цэркваў, скл. Ф. Скуміным і Ю. Друцкім-Сакалінскім і рэестравы спіс маёмасці і сялян Полацкага ваяводства 1570 г. і інш. у рукапісе Б. Эпімах-Шыпілы (66 — 1 — 1332, 1365, 1366).
Найбольш верагодна, што рукапісныя копіі многіх твораў неўстаноўленых аўтараў ХІХ ст., якія захоўваюца ў фондзе Л. Бэндэ, таксама належылі да збораў Б. Эпімах-Шыпілы.
— фатаграфія Б. Эпімах-Шыпілы з дароўным надпісам “Многоуважаемому Владимиру Ивановичу Самойло, меценату Белорусской литературы от Бронислава Игнатовича Эпимаха-Шипилло”. 18.04.1908 г. Санкт-Пецярбург (3 — 3 — 58);
— фатаграфія Б. Эпімах-Шыпілы з А. Астрамовічам, А. Паўловічам і інш. [1911-1912] (3 — 3 — 41);
— фатаграфія Б. Эпімах-Шыпілы ў групе з выкладчыкамі і навучэнкамі жаночай гімназіі п. Магілянскай у Санкт-Пецярбургу [1910-я гг.] (401 — 1 — 15);
— фатаграфія членаў камісіі мовы і літаратуры Інбелкульта У. Чаржынскага, А. Гурло, Б. Эпімах-Шыпілы, Якуба Коласа, І. Замоціна, С. Некрашэвіча, М. Байкова, Я. Пушчы, В. Мачульскага. 1926 г. (26 — 1 — 113);
— інш.
Вельмі каштоўная частка эпісталярнай спадчыны Б. Эпімах-Шыпілы захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: 16 пісем і паштовак Б. Эпімах-Шыпілы да мастака Я. Драздовіча.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Прэзідэнцкай бібліятэцы зберагаюцца выданні з асабістай бібліятэкі Б. Эпімах-Шыпілы. Частка выданняў выяўлена і зроблена іх поўнае апісанне.
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы захоўваюцца:
— чарнавыя аўтографы асобных вершаў Янкі Купалы дарэвалюцыйнага перыяду;
— машынапісныя сшыткі з вершамі і артыкуламі Янкі Купалы з калекцыі Б. Эпімах-Шыпілы;
— некалькі здымкаў.
У Рукапісным аддзеле Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом) у фондзе № 586 (Л. Клейнбарта) захоўваюцца аўтографы Янкі Купалы, якія зберагаліся ў зборах Б. Эпімах-Шыпілы і якія былі дасланы Л. Клейнбарту для часовага выкарыстання ў манаграфіі і не вернуты. З асабістым архівам літаратуразнаўцы яны і паступілі ў вышэйназваную установу.
У архіве Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу ў фондзе № 792 (К. Пушкарэвіча) захоўваецца рукапісны слоўнік Б. Эпімах-Шыпілы, выяўлены Р. Семашкевічам і апублікаваны ў часопісе “Полымя” за 1969 г. № 7.
Выяўлены і вядомы многія дакументы да біяграфіі Б. Эпімах-Шыпілы.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца дакументы да радаводу Б. Эпімах-Шыпілы.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь знаходзяцца наступныя дакументы:
— ліст паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М. Мароза аб прадстаўленні права вывазу маёмасці Б. Эпімах-Шыпілы (1921 г.);
— зварот Наркамата асветы БССР у СНК БССР аб назначэнні Б. Эпімах-Шыпілу персанальнай пенсіі (1924 г.);
— зварот Наркамата асветы БССР у СНК БССР аб зацвярджэнні ўстаноўленай персанальнай пенсіі з прадстаўленнем звестак аб дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы (1925) (15 — 1 — 24);
— пастанова СНК БССР ад 17.12.1924 “Аб прызначэнні дажывотнай пэнсіі Браніславу Ігнатавічу Эпімаху-Шыпіле” (7 — 1 — 57).
У архіве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у матэрыялах справы “Саюз вызвалення Беларусі” захоўваюцца паказанні Б. Эпімах-Шыпілы, якія ён даваў знаходзячыся ў турме. Гэтыя матэрыялы былі змешчаны ў публікацыі ст. навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Н. Васілеўскай (“Навіны беларускай акадэміі”. 1992. № 21-22).
Да унікальных архіўных дакументаў трэба аднесці “Дело студента Б.И. Эпимах-Шипилло” (14 — 3 — 2155) і “Дело библиотекаря Б.И. Эпимах-Шипилло” (14 — 1 — 9212), якія зберагаюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве г. Санкт-Пецярбурга. Гэтыя справы адлюстроўваюць жыццё Б. Эпімах-Шыпілы ад часу яго паступлення ў Імператарскі Санкт-Пецярбургскі універсітэт у 1880 г. і да звальнення з пасады загадчыка філолага-лінгвістычнага аддзела Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта у 1925 г.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ф. 53. Воп. 1. Адз.зах. 239.
- Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ф. 66. Воп. 1. Адз.зах. 1283.
- Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ф. 340. Воп. 1. Адз.зах. 756.
- Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ф. 340. Воп. 1. Адз.зах. 757
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 7. Воп. 1. Адз.зах. 57.
- “Скарыніч”. Літаратурна-навуковы гадавік. Выпуск 1. Мн., 1991.
- Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 2. Воп. 1. Адз.зах. 54.
- Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Санкт-Пецярбурга. Ф. 14. Воп. 1. Адз. зах 9212.
- [Эпімах-Шыпіла Б.] [Ліст да А.П. Сапунова ад 19 снеж. 1919 г. у арт. І. Шарухі “Браніслаў Эпімах-Шыпіла”] // Роднае слова. 1994. № 9. С. 10.
- [Эпімах-Шыпіла Б.] “Жывучы у Беларусі, адчуваў сябе шчаслівым…”: [З архіваў КДБ] // Навіны Беларускай акадэміі. 29 мая, 5 чэрв. 1992 г. / Публ. і падрыхт. Н. Васілеўскай.