Зборнік апавяданняў «У ціхай вадзе»

Анатацыя

У зборнік увайшлі 17 апавяданняў, некаторыя з якіх ужо былі выдадзеныя раней. Сярод іх вядомыя "Соцкі падвёў", "Кантракт", "Чорт", "Тоўстае палена" (да гэтага выйшла асобнай кнігай у Пецярбурзе) і інш. Асноўны змест твораў ─ жыццё і побыт беларускага народу, яго барацьба за лепшую будучыню. Гэтыя бытавыя, сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні пісьменніка прадстаўляюць класічны ўзор "малой прозы". У іх выразна акрэслены вобразы, намаляваны тыповыя характары беларускіх селян-працаўнікоў. У форме анекдота або лірычнай экспрэсіі аўтар звяртаў увагу астатняга свету на гэтых нібыта "несамавітых" герояў і іх "нецікавае" жыццё. Апавяданні Якуба Коласа характарызуюцца шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, тэматычнай разнастайнасцю, мастацкай дасканаласцю. Яны напісаны сакавітай народнай мовай, вызначаюцца непаўторным нацыянальным каларытам.

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 9206)

Цытата

"А тымчасам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракту, асадку, чарніла, пяро. Гэта ўсё такія рэчы, якіх паляшукі ня ўжывалі з тых часоў, як паўстаў сьвет. Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішч. Змяты аркуш паперы дасталі ў Бэркі. Па чарніла і асадку прышлося йсці за дзве вярсты да старога Ірша. Прашла добрая гадзіна часу, покі ўсе патрэбныя рэчы былі раздабыты.

Цяпер на самае важнае месца выступіла пытанне: хто-ж будзе пісаць кантракт. Усе паляшукі, у тым ліку і стараста, пісаць ня ўмелі. А калі яму трэба было заверыць якую бумагу, то ён браў сваю пячатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ёй не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да паперы, папляваўшы на тое месца, дзе павінна быць пячаць. І "Яміцкі сельскі стараста" ня раз стаяў дагары нагамі."

("Кантракт". 1908 г.)