Зборнік паэзіі «Дудар беларускі, або Усяго патроху»

Анатацыя

Чацвёрты зборнік паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча. У яго ўвайшлі вершаваная аповесць у 2-х абразках «Шчароўскія дажынкі» (1857 г.) і «Верш Навума Прыгаворкі» (1856 г.) на беларускай мове, а таксама празаічны зварот «Да Уладзіслава Сыракомлі» (1857 г.) — вядомага польскага і беларускага паэта, які лічыцца своеасаблівай прадмовай да змешчанага ў зборніку вершаванага апавядання ў 3-х частках «Літаратарскія клопаты» (1856 г.), і верш «Да пачцівых беларусаў» (1857 г.) — на польскай мове.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць рукапісны спіс зборніка, зроблены нявызначанай асобай у1890-я гг., а таксама 2-е выданне аповесці «Шчароўскія дажынкі», здзейсненае лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1910 г.

У вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі» галоўная ідэя заключаецца ў тым, што крытэрыем ацэнкі чалавека павінны быць яго сумленнасць і працавітасць. Расказваецца, як сяляне выбіралі найбольш дастойную дзяўчыну — царыцу дажынак — аж з дапамогай варажбіткі. Пасля дажынак усе весяляцца і гуляюць у панскім двары.

«Верш Навума Прыгаворкі» напісаны з нагоды чаканага прыезду ў Мінск скрыпача і кампазітара Апалінарыя Концкага, паэта, драматурга, перакладчыка, крытыка, краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі  і кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць рукапісны спіс верша, зроблены Б. Эпімахам-Шыпілам у 1890-я гг.

Верш «Да пачцівых беларусаў» гэта вершаваная прадмова-зварот да ўсяго зборніка.

У вершаваным апавяданні «Літаратарскія клопаты» расказваецца пра нялёгкі шлях паэта, які вырашыў прысвяціць сваё пяро простаму люду. Усе сумненні і пакуты зможа пераадолець той пісьменнік, які выразна ўсведамляе свой абавязак служэння народу. Вялікае значэнне для яго мае, як сказана ў звароце «Да Уладзіслава Сыракомлі»,  «разуменне… знакамітых людзей, якія вызначаюцца шляхетнасцю душы».

Цытаты

«Грыпіна рукой махнула,
Трэйчы ўголас кашлянула,
І цікавы беларусы
Змоўклі, вось маўляў трусы;
Чакаюць, што стара скажа,
Як ім загадку развяжа
І якія падасць рады,
Каторай з дзяўчат грамады
Вянком прыбраці галоўку?
Трэба ж прыгожу дый лоўку;
Штоб сорам знала божы,
Чэсць хавала у старожы,
Галасочак звонкі мела,
Штоб песенькі громка пела,
Сялу штоб не было стыдна. —
Дзяўчаты глядзяць завідна,
Чакаюць на старых волю,
Каторай бог пашле долю?»

(«Шчароўскія дажынкі»)

«Засвяцілі тры звездачкі ў пару нам шчасліву!
Заляцелі тры сакалы дый на нашу ніву!
Не звездачкі ж то нябесны, што ярка мігаюць,
Не сакалы, што шырока бушуюць у полі;
А прыбылі тры дудары — так пяюць, іграюць,
Што ангелы надзівіцца не ў сіле здаволі!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Злосна вам, сыны заморскі, завідна, панята!
Што славянская зямелька у розум багата;
Вы б хацелі усе розумы — і свае і нашы,
Маўляў саранча на ніве, паесці ў кашы, —
Не даждання ж, мудрагелі! — і нашая ніва
Вялікімі дударамі уздаволь шчасліва! —
Біце ж чалом тром сакалом, хлапцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі, славянскай зямліцы!»

(«Верш Навума Прыгаворкі»)

«Шлю, браты, вам прывітанне,
Помніце павек спяванне
Дудара, што к вам імкнуўся.
Ад цнатлівай Беларусі
Дар прыміце — вершаў ношку;
Ёсць тут усяго патрошку.»

(«Да пачцівых беларусаў»)

«А што ж дае мая скупая ніва,
Быллём паросшая? Шмат трэба працы,
Пакуль уробіш! Дык хачу прызнацца,
Што трачу дух. Я гэтак клапатліва
Шмат месяцаў тварыў, і ўвесь здабытак, —
Што многа слоў пустых пачуў і крытык.
Здароўя шмат забрала гэта праца!
Якім паддаўся прыніжэнням, мукам,
Пакуль яе ўдалося выдаць друкам…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Падзяка, беларусы, вам за тыя хвілі,
Калі вы к вашым сэрцам дудара тулілі.
За шчырасці, з якімі быў я ў вас прыняты,
Свае да вас пачуцці я ўтрымаю свята,
І захаваюць праўнукі мае і ўнукі,
Знаходзячы ў вас добры прыклад для навукі!»

(«Літаратарскія клопаты», пераклад Пятра Бітэля)