Фонды беларускіх архіваў

Апрача Дзяржаўнага Літаратурнага музея Янкі Купалы, дакументы пра жыццёвы і творчы шлях песняра ёсць і ў іншых сховішчах Беларусі, напрыклад, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці і інш. Але відавочна, што па-за Літаратурным музеем Янкі Купалы найбольшая колькасць паэтавых дакументаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ).

Частка купалавых дакументаў, што мае архіў-музей, сабрана ў фондзе № 8 “Збор матэрыялаў Янкі Купалы”. Гэты фонд пачаў стварацца ў 1960 г. Згодна з распараджэннем Галоўнага архіўнага ўпраўлення СССР № 3/5568-П ад 14 ліпеня 1960 г. з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва СССР у Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР было перададзена восем адзінак захавання за 1929-1942 гг. Перадача гэтых дакументаў адбылася 7 чэрвеня 1961 г. У выніку ў архіў паступілі:

  • аўтограф урыўка “Замест уступу” з паэмы “Над ракою Арэсай” [1929]

  • аўтограф верша “Памяці дагестанскага ашуга Сулеймана Стальскага” з паметкай М. Ісакоўскага (1937)

  • пераклады С. Гарадзецкага вершаў Я. Купалы “Горад Барысаў” (1934), “У краю балот, у краю туману” (1930)

  • фотаздымак Янкі Купалы на дачы ў Ляўках [1936]

  • паведамленне Савета Народных Камісараў БССР, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і ЦК КП(б)Б аб смерці паэта

  • некралог з газеты “Известия”, падпісаны А. Талстым, А. Фадзеевым, І. Эрэнбургам і інш.

(У Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва СССР гэты фонд значыўся пад № 1092. Першым унескам у яго быў урывак з паэмы “Над ракою Арэсай”, які паступіў у 1941 г. з Дзяржаўнага літаратурнага музея СССР).

У 1972 г. у БДАМЛМ адбылося значнае папаўненне “Збору матэрыялаў Янкі Купалы”. Рагнеда Гарадзецкая (дачка рускага паэта і перакладчыка твораў Я. Купалы) перадала 4 лісты Я. Купалы да Сяргея Гарадзецкага, якія былі напісаны ў 1933 і 1935 гг.

У 1973 г. у “Збор матэрыялаў Янкі Купалы” былі ўключаны фотаздымкі і машынапісныя копіі лістоў паэта да Браніслава Эпімах-Шыпілы, Яўхіма Карскага, Льва Клейнбарта і іншыя дакументы, вылучаныя з калекцыі Л. Бэндэ пры яе навукова-тэхнічнай апрацоўцы. Арыгіналы гэтых дакументаў зберагаюцца ў бібліятэцы Інстытута рускай літаратуры ў Маскве.

У 1982 г. архівам-музеем быў зроблены запыт у Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Літоўскай ССР на выяўленне і капіяванне матэрыялаў Янкі Купалы. Тады былі атрыманы 22 адзінкі фотакопій: здымка Я. Купалы з А. Жукаўскасам, Л. Гірам, А. Венцлавам, аўтографаў вершаў “Прыяцелі”, “Лямант пана Кавалюка”, “Нашы дэпутаты”, напісаных у 1909 г., і інш.

Акрамя “Збору матэрыялаў Янкі Купалы”, дакументы песняра ёсць і ў іншых фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Цалкам лагічна пачаць такі агляд з фонду Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, дзе зберагаецца і архіў газеты “Наша ніва”, рэдактарам якой быў Янка Купала. Але, на вялікі жаль, у гэтым фондзе захавалася толькі сем дакументаў, якія маюць дачыненне да асабістага архіва Янкі Купалы:

  • “Сваякам па гутарцэ”. Верш. 1916 (“Беларускі каляндар на 1917 год”, Вільня) (ф. № 3, воп. 1, спр. 52)

  • “Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць…”. Верш [1910-я гг.]. Машынапіс (ф. № 3, воп. 1, спр. 120)

  • “Вучыся!”. Верш. 1926. Друк (ф. № 3, воп. 1, спр. 259)

  • “Над калыскай (Наследаванне з Лермантава)”. Верш. 26.06.1906

  • Гранкі (ф. № 3. воп. 1, спр. 38)

  • Ліст да Браніслава Тарашкевіча. 04.03.1914 (ф. № 3. воп. 1, спр.226)

  • Ліст у рэдакцыю газеты “Наша ніва”. 24.07.1911 (ф. №3, воп. 1, спр. 82)

  • Пратакол пасяджэння Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні з удзелам Я. Купалы (Луцэвіча). [09-10].1919 (ф. № 3, воп. 1, спр. 34).

Цікавыя дакументы да біяграфіі Я. Купалы ёсць і ў фондзе Л. Бэндэ (ф. 66):

  • Адносіна віленскага губернатара ў Галоўную ўправу па справах друку аб перадачы рэдактарам-выдаўцом “Нашай нівы” А.М. Уласавым правоў і абавязкаў адказнага сакратара “Нашай нівы” I.Д. Луцэвічу і аб выдачы яму пасведчання ад 28.02.1914 г.;

  • Адносіна віленскага губернатара ў Галоўную ўправу па справах друку аб перадачы А.М. Уласавым І.Д. Луцэвічу права адказнага выдаўца “Нашай нівы” ад 22.04.1914 г.

  • Выпіска з журнала пасяджэння Часовага Камітэта па справах друку ў г. Вільні аб артыкуле “Думкі”, змешчаным у № 2 за 1915 г. газеты “Наша ніва”, і аб узбуджэнні судовага пераследу супраць рэдактара “Нашай нівы” I.Д. Луцэвіча ад 15.01.1915 г.

  • Данясенне Часовага Камітэта па справах друку ў г. Вільні ў Галоўную ўправу па справах друку аб накладанні арышту на газету “Наша ніва” № 2 за 1915 г. і аб узбуджэнні судовага пераследу супраць рэдактара газеты

  • Данясенне Часовага камітэта па справах друку ў г. Вільні ў Галоўную ўправу па справах друку аб распараджэнні пракурора Віленскага акруговага суда пачаць папярэдняе следства па абвінавачванні I.Д. Луцэвіча ад 11.02.1915 г.

Усё гэта машынапісныя копіі, зробленыя Л. Бэндэ ў Гістарычным дзяржаўным архіве ў Ленінградзе падчас працы над манаграфіяй пра Янку Купалу.

Дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, ёсць таксама ў фондах Цішкі Гартнага, Рыгора Бярозкіна, Сцяпана Майхровіча, Канстанцыі Буйло, Ларысы Александроўскай, Міхася Забэйды-Суміцкага, Яўгена Мазалькова, Валянціна Таўлая і інш. У гэтым шэрагу трэба адзначыць рукапісную копію сшытка польскіх вершаў Янкі Купалы, зробленую В. Таўлаем і захаваную ў ягоным асабістым архіве. На вокладцы сшытка надрукавана: Ian Lucewicz. Wersze. Арыгінал сшытка раней зберагаўся ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, куды трапіў, як відаць з далучанай да яго прыпіскі, у 1939 г. з маёнтка Я. Обста каля Лаварышан на Віленшчыне. Сшытак (паводле апісання В. Таўлая) уяўляў з сябе друкаваныя на машынцы аркушы з праўкамі чарнілам і алоўкам. Аркушы былі абгорнутыя ў вокладку і сшытыя зялёнай шаўковай ніткай. Літары сінія, папера вокладкі таго самага гатунку, што і аркушы. Вершы В. Таўлай перапісаў дакладна, з усімі праўкамі і пазнакамі. Склаў і змест:

  • Leć piosenka (Ляці, песня)

  • W noc majową (У травеньскую ноч )

  • Jesień (Boceнь); Ze wspomnień (3 ycпaмінаў)

  • Białorusin (Беларус); Nie dla was… (Не для вас…)

  • Wiosna (Вясна); Tułacz (Вандроўнік)

  • O zmroku (Пасля змяркання); Przestańcie marzyć… (Пакіньце марыць)

  • Wróci wiosna, wróci… (Вярніся, вясна, вярніся…)

  • Miłuje cię, ziemio… (Люблю цябе, зямля…)

  • Hej, w świat (Гэй, у свет)

  • Z bólem wieczystym… (З болем адвечным…)

  • Z motywów jesiennych (З восеньскім матываў)

  • Z piosen sieroty (З песняў сіраты)

  • Jak wiosna… (Як быццам вясна..)

  • Wczorai było (Было ўчора)

  • Ziemio!.. (Родны кут); Fragment (Фрагмент)

  • Sny ułudne, nierozbudne… (Сны чароўныя, непрабудныя…)

  • Kto z was, druhy… (Хто з вас, сябры…).

Значная дакументальная спадчына аб жыцці Янкі Купалы зберагаецца і ў многіх іншых беларускіх архівах. Адну з унікальных старонак Купаліяны стварае Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), дзе захоўваюцца дакументы са звесткамі пра род Луцэвічаў ад 1795 г.: пасямейны спіс чыншавай шляхты засценка Луцэвічы Нясвіжскага павета Мінскай губерніі, дзе пад № 1 указана сям’я Івана Ягор’ева Луцэвіча – прапрадзеда Янкі Купалы, і пастанаўленне Мінскай шляхецкай дэпутацкай зборні аб прызнанні шляхецкай годнасці роду Луцэвічаў герба “Навіна”, з уключэннем у 1-ю частку радаводнай кнігі Мінскай губерні. Дакументы НГАБ называюць мясціны, дзе жылі і якія належылі продкам Янкі Купалы: Засценак Лазараўшчына Ігуменскага павету Мінскай губерніі, маёнтак Слабодка Мінскага ваяводства. У архіўных справах праз усё 19 стагоддзе сустракаюцца дакументы аб шляхецкім паходжанні роду Луцэвічаў: прашэнне і пасведчанне (1864 г.); прадпісанне (1865 г.); радавод, пастанаўленне і вопіс дакументаў на шляхецкае паходжанне (1868 г.); пасведчанне (1870 г.) і інш. Пра змены ў статусе гэтага роду сведчыць Прадпісанне шляхецкай дэпутацкай зборні Ігуменскаму паліцэйскаму упраўленню аб аб’яўленні А.Д. Луцэвічу (дзеду Я. Купалы) Указа Правячага Сената аб адмове у зацвярджэнні роду Луцэвічаў у шляхецкай годнасці № 4177 ад 5 кастрычніка 1871 г.

У НГАБ захоўваюцца таксама Пасямейныя спісы мінскага мешчаніна А.Д. Луцэвіча, у якім значыцца сын Дамінік (бацька Я. Купалы) (1874 г., 1884 г.), унук Іван (Я. Купала) (1894 г.) – ф. № 330, Прызыўны спіс 1-га участка Мінскага павета, дзе пад № 164/213 упісана імя Івана Дамінікавіча Луцэвіча – будучага паэта Янкі Купалы – ф. № 1.

Каштоўны дакумент зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна: метрычны запіс Радашковіцкага касцёла Вілейскай губерні аб нараджэнні 25 чэрвеня і хрышчэнні 12 ліпеня 1882 г. Івана Луцэвіча.

Агромністы пласт дакументаў аб жыцці і дзейнасці Янкі Купалы зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Сярод іх асобнае месца займаюць аўтографы паэта: пісьмы, асабістыя анкеты, спіс кніг бібліятэкі пры “Беларускай хатцы”, складзены Купалам, запісы, хадайніцтва, распіскі, рахункі, ведамасці, падрыхтаваныя Я. Купалам. Грамадска-палітычная, навуковая, культурна-асветніцкая дзейнасць песняра выяўляецца ў шматлікіх пратаколах, стэнаграмах, пастановах, афіцыйных лістах Савета Народных Камісараў і камісарыятаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), Белнацкома, Сакратарыята і Бюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, Прэзідыума Акадэміі навук БССР і інш. Значнае месца ў гэтым шэрагу займаюць дакументы аб святкаванні 30 і 35-гадовага юбілею творчай дзейнасці песняра, аб увекавечванні памяці, аб устанаўленні ў 1959 г. літаратурнай прэміі імя Я. Купалы і інш. У пераважнай большасці дакументы НАРБ увайшлі ў 9-ты том Поўнага збору твораў Янкі Купалы (Кн. 1-2. Мн., 2003), большая частка з якіх была апублікавана ўпершыню.

Багаты збор дакументаў захоўвае Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, фотаздымкі (у значнай колькасці копіі) і, што з’яўляецца самым унікальным, фоназапісы з жывым голасам Я. Купалы: выступленне на вечарыне, прысвечанай 85-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча, выкананне ўласных вершаў “Песня будаўніцтву” і “Трэба нам песень”, а таксама рэдкія кадры кінадакументаў.

Цікавыя дакументы па мемарыялізацыі мясцін Я. Купалы выяўлены ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі: эскізны праект помніка Купалу знакамітага архітэктара Г. Заборскага, прапанаваны ім пасля трагічнай смерці паэта ў 1942 г.; малюнкі і эскізныя праекты дома-музея ў Мінску архітэктараў І. Валадзько і А. Войнава, 1947 г.; праекты аднаўлення дачы ў Ляўках Аршанскага раёна; мемарыяльнага Купалаўскага запаведніка ў Вязынцы архітэктара С. Мусінскага і інш.

Дакументы аб жыцці Янкі Купалы сустракаюцца і ў дзяржаўных абласных і занальных архівах Беларусі. Напрыклад, у Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці захоўваюцца дакументы аб пакупцы Я. Купалам дома № 36 па вул. Кастрычніцкай у г. Мінску ў 1926 г. і асабістая картка Я. Купалы – дэлегата гарсавета за 1929 г.; у Занальным дзяржаўзным архіве ў г.Орша – рашэнне Аршанскага савета аб выдзяленні Я. Купалу лесу для будаўніцтва лецішча у Ляўках у 1935 г.