Драма «Вайна вайне»

Анатацыя

Твор напісаны ў 1926-1931 гг., апошняя рэдакцыя  — у 1938 г. П’еса прысвечана падзеям Першай сусветнай вайны, адлюстроўвае сацыяльна-грамадскія канфлікты напярэдадні Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г. Якуб Колас апісвае працэс паступовага ўсведамлення салдатамі несправядлівага характару вайны, іх выступленні за яе хуткае заканчэнне, братанне з салдатамі варожых армій. Апісвае ён і прадстаўнікоў розных палітычных сіл — бальшавікоў і эсэраў, якія па-рознаму ўяўляюць шляхі далейшага развіцця падзей пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., іх змаганне за душы і розум салдат. У апошняй рэдакцыі, значна перапрацаванай, аўтар давёў развіццё падзей да пачатку Грамадзянскай вайны 1918-1920 гг.

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 6437)

Цытата

"П а т а п. Ужо другі месяц, як пачалася рэвалюцыя, мы ж усё яшчэ гніем у акопах. За гэты час пабывала тут шмат народу, розных прадстаўнікоў ад розных партый. Што ж яны гавораць нам? Яны кажуць: "Ваюйце, вольныя салдаты! Абараняйце свабоду, нашы героі!" Усе яны дудзяць па адной дудцы: і меншавікі, і эсэры. Словам, таварышы, канца вайне не відаць. А як мы, салдаты, ставімся да вайны? У нас — так і пішы — адно жаданне: скончыць яе як найхутчэй…

Хто ж нас у гэтым падтрымлівае? Хто выказвае нашы набалелыя жаданні, нашы мыслі, нашы пачуцці? Толькі адна партыя — гэта партыя бальшавікоў. Бальшавікі кажуць нам: "Салдаты! вы самі бярыцеся канчаць вайну. Братайцеся з вашымі праціўнікамі — яны такія ж, як і мы, рабочыя, сяляне. Дабівайцеся, каб уся ўлада перайшла Саветам"…

Дык давайце, таварышы, самі канчаць вайну. Давайце правядзем братанне арганізавана, цэлымі часцямі. Гэтым наблізім мір і канец вайны."