Зборнік апавяданняў «Нёмнаў дар і іншыя расказы»
Анатацыя
Зборнік апавяданняў ("Малады дубок", "Дудар", "Выстагнаўся", "Нёмнаў дар" (упершыню выдадзены ў 1913 асобнай кніжкай) і інш.), дзе аўтар паказвае глыбока-псіхалагічныя з’явы ў чалавечым жыцці. Рэчаіснасць адлюстравана аб’ёмна і падрабаязна, спалучаецца "высока" і "нізкае", "паэтычнае" і "празаічнае", "трагічнае" і камічнае", чаго не было ў ранейшых творах. Коласа вабіць хараство прастаты, псіхалагічная праўда. Асаблівасць яго твораў не толькі ў пейзажных замалёўках, але і ў перадачы дзеяння.
(Бібліятэка БДАМЛМ, № 10284)
Цытата
"Адрэзаная лука борзда засцілалася зялёнаю травою, і коні з вялікаю ахвотаю ўжо скубалі яе, а сяляне радаваліся, што цяпер быў хоць невялікі прыпынак для скаціны. Дык і ня дзіва, што з такою трывогаю пазіралі яны, куды паверне пан каморнік. Падыйшоўшы пад Нёман, гэты фацэтны пан звярнуў налева, як раз у луку. Яшчэ трохі прайшоўшы, ён спыніўся. Работнікі павольна і далікатна паклалі на пясок струмэнты, а пан каморнік, дастаўшы скрутак паперы і начапіўшы аукляры, стаў углядацца. Паглядзіць у паперы, потым на луку; ізноў уткнецца носам ды ўзноў глядзіць перад сабой. Для ўсіх цяпер стала ясна, што на гэтую луку скарб хоча налажыць сваю лапу. Сяляне, зліўшыся ў вялізарную грамаду, паволі паціснулі да пана каморніка. Гурт людзей ішоў спакойна, як далёкая хмара, але ў гэтым спакоі хаваліся бліскавіцы і громы затрыманага гневу. Сяляне спыніліся, акружыўшы каморніка таўстой сцяной жывых целаў."
("Нёмнаў дар". 1912 г.)