3 красавіка 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»

3 красавіка 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра», падрыхтаванай па выніках сумеснага праекта Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Мэтай праекта з’яўлялася атрыбуцыя, апісанне і стварэнне лічбавых копій рукапісных дакументаў XVI–XIX стагоддзяў з фондаў музея, прадастаўленне магчымасці азнаёміцца з імі шырокаму колу даследчыкаў, што з’яўляецца асабліва актуальным у бягучым годзе, абвешчаным у Рэспубліцы Беларусь Годам навукі.

Архівістамі была праведзена апрацоўка і алічбоўка комплекса дакументаў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Свята-Троіцкі манастыр у Слуцку з’яўляўся рэзідэнцыяй слуцкіх архімандрытаў і адным з найбуйнейшых цэнтраў праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У сувязі з гэтым у яго архіве захавалася мноства дакументаў, складзеных не толькі на тэрыторыі Слуцка і Слуцкага княства, але і ў Вільні, Кіеве, Заблудаве, многіх іншых гарадах і мястэчках Навагрудскага, Мазырскага, Пінскага, Лідскага і Гродзенскага паветаў.

На выставе прадстаўлена некалькі дзясяткаў найбольш цікавых дакументаў, у тым ліку аўтографы караля Аўгуста ІІ, князёў Крыштофа, Януша і Багуслава Радзівілаў, рэйнскага пфальцграфа Карла-Філіпа Нойбурга.

Падчас адкрыцця выставы перад прысутнымі выступілі старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы І.А.Марзалюк, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А.Г.Рыжкоў, дырэктар НГА Беларусі Д.У.Яцэвіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.В.Даніловіч, а таксама намеснік дырэктара НГА Беларусі Д.В.Лісейчыкаў.

У ходзе мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача музею вырабленых архівам лічбавых копій дакументаў.

У адкрыцці выставы таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі навуковай грамадскасці, студэнты вышэйшых навучальных устаноў.

Выстава працуе да 9 красавіка 2017 г. у памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12).

Адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»

Адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»

Адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»