6 кастрычніка 2015 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХІІI Архіўныя чытанні, прысвечаныя 25-годдзю Беларускага таварыства архівістаў

6 кастрычніка 2015 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХІІI Архіўныя чытанні, прысвечаныя 25-годдзю Беларускага таварыства архівістаў. На канферэнцыю сабраліся пераважна гісторыкі і архівісты з Мінска, Гомеля, Гродна, Дзяржынска, якіх прывітала першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова. Можна сказаць і пра завочны ўдзел замежных навукоўцаў: на пленарным пасяджэнні былі агучаны прывітальныя і віншавальныя словы ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) і Аляксандра Гараніна, дырэктара Украінскага навукова-даследчага інстытута архіўнай справы і дакументазнаўства. Дацэнт БДУ Міхаіл Шумейка разважаў пра месца і ролю архівіста ў сучасным грамадстве і дзяржаве, а дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка правяла прэзентацыю фондаў БДАМЛМ, апрацаваных у 2014 – 2015 гг.

Частка выступленняў на секцыях была прысвечана жыццю і дзейнасці выбітных дзеячаў архіўнай справы, пра што сведчаць назвы дакладаў: “Новыя крыніцы і факты з гісторыі жыцця і дзейнасці архіварыусаў Архіва Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў” (дакладчык Андрэй Латушкін), “Руководящий состав Государственного архива Гомельской области в 1920 – 1930-е годы” (Марына Бартноўская), “А. Н. Плешевеня (1923 – 1993) – заслуженный работник культуры БССР, архивист” (Ганна Гукасян), “Дакументальная спадчына В. У. Скалабана” (Ірына Евенка), “Дакументы з асабістага архіва А. В. Вараб’ёва ў кантэксце гісторыі архіўнай справы на Беларусі ў 2-й пал. ХХ ст. (па матэрыялах сямейнага фонду А. В. і Т. А. Вараб’ёвых)” (Міхаіл Скамарошчанка). Двое ўдзельнікаў канферэнцыі прысвяцілі даклады архіўным фондам у кантэксце даследавання архітэктурна-гістарычнай спадчыны: Антон Астаповіч распавёў пра матэрыялы з Нацыянальнага фонду Рэспублікі Беларусь, а Алена Траццяк – пра дакументы фатографа-аматара В. А. Васіленкі. Прадметам дакладаў іншых даследчыкаў сталі матэрыялы да біяграфіі вядомых асобаў: спевака-эмігранта Пётры Конюха (Наталля Гардзіенка), пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Валерый Пазднякоў). Вадзім Вярыга засяродзіўся на праблеме вывучэння грамадска-палітычнай дзейнасці моладзі на тэрыторыі беларускіх губерняў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст.; Мар’яна Тумаш распавяла пра каштоўную дакументальную серыю НАРБ “Архіў. Гісторыя. Памяць”, а Аксана Данільчык – пра цікавы факт з гісторыі беларуска-італьянскіх літаратурных сувязяў: рэцэнзію Уліссе Алессіё Фларыдзі на кнігу Джузэпэ Месіны “Беларуская літаратура”.