9 красавіка 2014 г. адбылася ўрачыстая перадача калекцыі архіўных дакументаў і музейных экспанатаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва Ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

9 красавіка 2014 г. адбылася ўрачыстая перадача калекцыі архіўных дакументаў і музейных экспанатаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (г. Нью-Ёрк) у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ініцыятыва перадачы гэтых каштоўнасцяў належыць сённяшняму кіраўніку БІНіМу Вітаўту Кіпелю і кандыдату гістарычных навук Наталлі Гардзіенка, на адрас якой дасылаліся матэрыялы.

“Беларускі Інстытут Літаратуры і Мастацтва” больш за 60 гадоў дзейнічае ў Злучаных Штатах Амерыкі, – кажа Наталля Гардзіенка. – Ён ствараўся з ідэяй гуртавання беларускіх інтэлектуалаў на эміграцыі, публікацыі розных твораў, звестак пра Беларусь на Захадзе, а таксама з ідэяй збірання ўсяго беларускага, што знаходзілася за мяжой. Бінімаўская калекцыя – гэта вельмі шмат: не толькі карэспандэнцыі, ліставанне з кіраўніцтвам БІНіМу, але і архівы пісьменнікаў, мастакоў, сабраныя ў Інстытуце. Ідэя сённяшняга кіраўніка Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Вітаўта Кіпеля – у тым, што беларускія скарбы павінны захоўвацца ў Беларусі, быць даступнымі для даследчыкаў. Менавіта таму ад пачатку 1990-х гг. пачаўся гэты паступовы працэс вяртання, перадачы розных матэрыялаў з архіва БІНіМа сюды ў Беларусь. Тое, што перадаецца сёння, я атрымлівала як даследчыца праблем беларускай эміграцыі і рэдактар альманаха “Запісы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва”. Таму шмат якія з гэтых матэрыялаў былі апублікаваныя на старонках выдання за апошнія 10 гадоў. Цяпер яны прадстаўлены ў гэтых скрынях, альбомах, тэчках. Вельмі важна, каб гэтыя матэрыялы не проста зберагаліся, а былі даступныя для навукоўцаў”.

Сярод новых паступленняў – фрагменты асабістых архіваў Антона Адамовіча, Наталлі Арсенневай, Юркі Віцьбіча, Алеся Салаўя, больш за 50 анкет, запоўненых вядомымі дзеячамі эміграцыі для ўступлення ў БІНіМ, багатыя калекцыі паштовак, марак, значкаў, медалёў, разнастайных бланкаў з беларускай сімволікай, што выходзілі ў беларускіх асяродках у Аўстраліі, Канадзе, ЗША, Вялікабрытаніі і г. д.

Пра важнасць справы захавання культурнай спадчыны беларускай эміграцыі казалі старшыня дэпартамента па архівах і справаводстве Уладзімір Адамушка, дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ Міхаіл Шумейка, дыпламат Віктар Чайчыц.

У рамках імпрэзы адбылася прэзентацыя 36-га нумара альманаха “Запісы БІНіМу”, цэнтральная тэма якога – “Беларусаведныя калекцыі” – мае на мэце рэпрэзентаваць чытачам разнастайнасць і разнапланавасць эміграцыйнай спадчыны. Выступілі аўтары нумара: мастак, літаратар і гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валеры Герасімаў, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. Унікальнасць і адметнасць выданню надае мультымедыйнае выданне “Беларускія эміграцыйныя калекцыі”, змешчанае на далучаным да альманаха дыску.