Супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці падрыхтавалі зборнік дакументаў «Аўгустоўскі канал і яго наваколле»

Супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці падрыхтавалі зборнік дакументаў «Аўгустоўскі канал і яго наваколле».

Навуковы рэдактар гэтага выдання – доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы С.Я. Куль-Сяльвестрава. Яна падрыхтавала ўводзіны і каментарыі. Камісію па адбору і падрыхтоўцы дакументаў да публікацыі ўзначальвала намеснік дырэктара архіва А.В. Кісель. З дапамогай калег па архіву яна выканала камп’ютарны набор дакументаў.

Усяго ў зборнік уключана 40 дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню. Многія з іх раней мелі грыф «Сакрэтна», а цяпер рассакрэчаны. Яны размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці з 1945 па 2004 г. і падаюцца на мове арыгінала і без літаратурных і другіх правак. У іх утрымліваецца многа інфармацыі аб гісторыі Аўгустоўскага канала і вакольных населеных пунктаў, рабоце крухмальнага завода, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў былога Сапоцкінскага раёна, найменаванні пагранічных застаў, уроне, нанесеным нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленні народнай гаспадаркі і арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў пад агульнай рубрыкай «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў». Дапаўняюць зборнік ілюстрацыі некаторых дакументаў таго часу, карты і чарцяжы.

Зборнік выдадзены ў Слонімскай друкарні за сродкі аблвыканкама. Ён будзе карысным для вучоных, студэнтаў і ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Прынёманскага краю і Беларусі. Кніга, безумоўна, пасадзейнічае развіццю турызму ў Гродзенскай вобласці.