26 мая ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся ІХ Узвышаўскія чытанні

26 мая ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся ІХ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Сяргея Дарожнага, Максіма Лужаніна, Лукаша Калюгі, Антона Адамовіча. У чытаннях прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобл., Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, Інстытута мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы, Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, выкладчыкі Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя М.Танка, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, пісьменнікі, журналісты.

Чытанні адкрыла дырэктар БДАМЛМ Г.В.Запартыка. Удзельнікаў чытанняў вітаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І.Адамушка, які заўважыў, што пачатак ХХІ ст. у БДАМЛМ азнаменаваны пачаткам Узвышаўскіх чытанняў, для якіх наступны год стане юбілейным. Ён падкрэсліў заслугі архіва-музея ў галіне выставачнай дзейнасці, адзначыў асаблівасці працы архіўнай сістэмы Беларусі у наладжванні сувязяй з архіўнымі ўстановамі Расіі, Польшчы, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Украіны. Мосцік паміж Узвышаўскімі і Гарэцкімі чытаннямі перакінуў акадэмік НАН Беларусі, сын Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік Максіма Гарэцкага, Р.Г.Гарэцкі, які адзначыў уклад іх ўдзельнікаў у даследаванне гісторыі беларускай літаратуры 20-30-х гадоў.

На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады М.Мушынскага, У.Конана, Л.Рублеўскай, М.Скоблы, у якіх была закладзена аснова сучасных поглядаў і ацэнкі дзейнасці пісьменнікаў-узвышэнцаў. Першая секцыя, на якой выступілі Г.Кажамякін, І.Шаладонаў, А.Белая, Ж.Капуста, З.Драздова, С.Сачанка, Ю.Масарэнка, разглядала пытанні, звязаныя з творчасцю Лукаша Калюгі. В.Жыбуль выступіў з дакладам “Супраць ветру” як выніковая праца Адама Бабарэкі пра Язэпа Пушчу” (на аснове дакументаў БДАМЛМ). Другая секцыя мела крыніцазнаўчы накірунак. Г.Запартыка азнаёміла з гісторыяй паступлення архіўнай спадчыны Антона Адамовіча, Т.Кекелева – з дакументамі С.Дарожнага, Л.Калюгі, А.Адамовіча, М.Лужаніна і іх роляй ў падрыхтоўцы выставы “Звон вясны”. Аналіз дакументаў, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобл., зрабілі Н.Мартынава (Віцебскі перыяд жыцця і творчасці Рамана Семашкевіча) і Ю.Петухоў (Крыніцы па гісторыі Віцебскай філіі “Маладняка”). Склад архіўнага фонду Максіма Лужаніна ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі абмалявала М.Ліс. Частка выступленняў была прысвечана супрацоўніцтву Максіма Лужаніна і Якуба Коласа, а таксама літаратурнай дзейнасці Сяргея Дарожнага. Напрыканцы чытанняў мастацтвазнаўца А.Пікулік і мастак, супрацоўнік музея-запаведніка “Заслаўе”, Ю.Малаш азнаёмілі з асаблівасцямі і тэхнікай выканання сучаснай рукапіснай беларускай кнігі. Вынікі канферэнцыі былі плённымі як з боку літаратуразнаўчых, так і архівазнаўчых даследаванняў. Па матэрыялах ІХ Узвышаўскіх чытанняў мяркуецца выданне зборніка.

Удзельнікі чытанняў азнаёміліся з дакументамі выставы “Звон вясны”, на якой экспанаваліся рэдкія матэрыялы беларускіх пісьменнікаў 20-30–х гадоў: аўтографы твораў, напісаных Л.Калюгам у высылцы, вершаў М.Лужаніна 1925 – 1929 гг., біяграфічныя дакументы С.Дарожнага 1934¬–1936 гг. (камандыровачнае пасведчанне члена ЦК ВЛКСМБ, пасведчанне выдавецтва ЦК КП(б)Б “Звязда”, пропуск Упраўлення Памежнай і Унутранай аховы НКУС БССР і інш.), аўтографы лістоў А.Адамовіча, М.Лужаніна, П.Глебкі да П.Труса, урыўкі з аўтабіяграфіі Антона Адамовіча 1935 г., фотаздымкі, часопісы “Узвышша”, “Маладняк”, “Заклік”, “Чырвоны сейбіт” з творамі стогадовых юбіляраў-узвышэнцаў.