15 верасня 2009 г. у канферэнц-зале НАРБ адбудзецца прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі… Верасень 1939 г. — 1956 г.”

15 верасня 2009 г. у 12:00 у канферэнц-зале Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (Мінск, пр. Незалежнасці, 116, Нацыянальная бібліятэка, уваход у архіў) адбудзецца прэзентацыя выдадзенага да 70-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР зборніка дакументаў і матэрыялаў “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі… Верасень 1939 г. — 1956 г.” у 2 кнігах. Зборнік падрыхтаваны беларускімі і расійскімі архівістамі сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

У першую кнігу, прысвечаную падзеям верасня 1939 г. – 1941 г., уключаны 120 дакументаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўных архіваў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, а таксама з друкаваных крыніц.

Друкуюцца Законы СССР і БССР, дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі, пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР, ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Шырока выкарыстаны матэрыялы Палітбюро і Аргбюро ЦК ВКП(б), Бюро ЦК КП(б)Б. Змешчаны дакументы камандавання Беларускага фронта (верасень 1939 г.). Дакладныя запіскі і пісьмы кіраўніцтва БССР у ЦК ВКП(б) значна дапаўняюць гэтыя матэрыялы. Уключаны таксама дакладныя і інфармацыйныя запіскі, даведкі, спецпаведамленні, пісьмы, што паступалі ў ЦК КП(б)Б. Дакументы рознага ўзроўню дапаўняюць адзін аднаго і складаюць адзіны комплекс. Друкуецца таксама своеасаблівы для такога тыпу выдання тэкст – першы варыянт паэтычнага ліста І.В. Сталіну у сувязі з уз’яднаннем Заходняй Беларусі. У Дадатку змешчаны дзённік П.К. Панамарэнкі за верасень 1939 – чэрвень 1941 гг. і спіс кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў заходніх абласцей БССР па стану на 20 мая 1941 г.

Акрамя тэкстаў гістарычных матэрыялаў надрукаваны рэдкія фотаздымкі, факсімільныя копіі недаступных раней дакументаў з маскоўскіх архіваў, у тым ліку аўтографы Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча, Панамарэнкі, Хрушчова, фотаздымак членаў Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі з кіраўнікамі СССР у Вялікім Крамлёўскім палацы.

З унікальнымі дакументамі можна будзе азнаёміцца і на выстаўцы ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, адкрыццё якой адбудзецца ў гэты ж дзень а 16 гадзіне.

У другой кнізе, прысвечанай пасляваеннаму дзесяцігоддзю, уключаны 82 дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, а таксама з друкаваных крыніц. У якасці ілюстрацый змешчаны фотаздымкі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Дакументы прадстаўлены пастановамі ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б, справаздачамі, дакладнымі запіскамі, спецпаведамленнямі, тэлеграмамі, лістамі партыйна-савецкіх, гаспадарчых органаў, заявамі і лістамі грамадзян у вышэйшыя партыйныя і савецкія органы, тэкстамі выступленняў кіраўніков БССР на з’ездах, пленумах партыйных нарадах.

У прэзентацыі ўдзельнічаюць дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І. Адамушка, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі А.А. Каваленя, начальнік аддзела міжнародных сувязей Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі К.Р. Чарнянкоў, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.Дз. Селяменеў, намеснік дырэктара выдавецкага дома “Беларуская навука” С.А. Нічыпаровіч, галоўны рэдактар выдавецкага дома Г.К. Кісялёў.

Пра сваё рашэнне прыняць удзел у прэзентацыі просім паведаміць да 11 верасня па тэл. 267 49 37, факсу 237 67 78, e-mail: m.tumash@narb.by