2 кастрычніка 2008 г. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя міжархіўнага даведніка “Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916—1918 гг.”

2 кастрычніка 2008 г. а 16-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а, Траецкае прадмесце) адбудзецца прэзентацыя міжархіўнага даведніка “Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916—1918 гг.”

У прэзентацыі прымуць удзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Уладзімір Адамушка, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Селяменеў, намеснік дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Сяргей Жумар, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта Уладзімір Ляхоўскі, складальнікі даведніка Наталля Калеснік, Віталь Скалабан, Мар’яна Тумаш. Вядучы – паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Даведнік змяшчае звесткі аб архіве Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Таварыства дапамагала бежанцам з Беларусі, беларускім студэнтам, якія вучыліся ў Петраградзе, падтрымлівала сувязі з беларускімі арганізацыямі ў Мінску. Выданне з’яўляецца сумеснай працай Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у якіх зберагаецца архіў таварыства. У Дадатку змешчаны спіс членаў таварыства, што зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Даведнік праілюстраваны факсімільнымі копіямі асобных дакументаў, сярод іх – пратаколы пасяджэнняў, рахункі Беларускаму таварыству, пісьмы і тэлеграмы ад беларускіх арганізацый з Мінска, падпісны ліст для збора ахвяраванняў, заявы і анкеты бежанцаў. На адвароце адной з анкет — эскіз беларускага нацыянальнага сцяга. Упершыню друкуецца поўны тэкст віншавання ўдзельнікаў святкавання ў Мінску 10-годдзя газеты “Наша Ніва”, накіраванага беларусам ў Петраградзе, з подпісамі М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш., З. Бядулі, А. Смоліча, Л. Сівіцкай (Зоські Верас) і інш.

Даведкі па тэл. 267 49 37, 334 07 61.