Максім Багдановіч: асоба і творчасць

120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановічавіча

Аглядная даведка



М. Багдановіч
Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і служачых.

Бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) у дзяцінстве насіў імя Адольф. Існуе версія, што яго хрысцілі ў касцёле, паводле каталіцкага абраду. Афіцыйна, на падставе дубліката метрычнага запісу, лічыцца, што ён быў ахрышчаны ў Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык.

Продкі Максіма Багдановіча насілі прозвішча Скокліч і толькі прадзед Максіма Лук’ян, прыгонны садоўнік, з цягам часу стаў падавацца ў дакументах як Багдановіч (Багдан) паводле прозвішча Нічыпара Багдановіча – айчыма свайго бацькі Сцяпана.

Бабуля Максіма – маці Адама Ягоравіча Анэля Тамашоўна (Ганна Фамінічна) Асьмак, хоць і непісьменная, але мела прыродныя матэматычныя здольнасці, а таксама была цудоўнай апавядальніцай народных казак, атрымаўшы гэты дар у спадчыну ад сваёй маці Рузалі Казіміраўны Асьмак. Паводле ўспамінаў Адама Ягоравіча, прабабуля Максіма расказвала казкі вельмі творча, дадаючы новыя рысы ў сюжэт. Зробленыя Адамам Ягоравічам запісы з яе вуснаў казак, народных абрадаў, паданняў, прымавак, прыказак, загадак і інш. сталі для Максіма першай крыніцай яго знаёмства з беларускай мовай і беларускім фальклорам.

Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у вясковай школе, выкладчыкам гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. У маладыя гады падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-нарадавольцамі. Ён шмат займаўся самаадукацыяй, самастойна вывучыў некалькі замежных моў, добра ведаў беларускі фальклор, апублікаваў некалькі навуковых прац этнаграфічнага і гістарычнага характару, выступаў таксама як публіцыст. Адам Ягоравіч пісаў артыкулы пра жыццё беларускіх сялян да і пасля адмены прыгоннага права, пакінуў успаміны пра рэвалюцыйны рух у Беларусі 1880-х — пачатку 1890-х гг., а таксама пра славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Ён жа па прапанове Інстытута беларускай культуры ў 1923 г. напісаў успаміны пра свайго сына.

Маці – Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) паходзіла з старажытнага беларускага шляхецкага роду (герба “Курч”), які, аднак, не быў зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі. Сведчанні аб продках Марыі прадстаўлены дакументамі з першай паловы XVII ст. Прадзед Максіма Ян служыў уніяцкім святаром, дзед Апанас (Афанасій) за ўдзел у Крымскай вайне 1853-1856 гг. атрымаў пажыццёвае дваранства, пасля служыў дробным чыноўнікам у павятовым горадзе Ігумене (цяпер Чэрвень). Дачкой святара таксама была бабуля Максіма – Таццяна Восіпаўна Малевіч. У сям’і нарадзіліся чатыры дачкі – Стэфанія, Марыя, Аляксандра, Ганна і сын Іван. Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, смерць бацькі прывялі да таго, што Марыя разам са сваёй малодшай сястрой Аляксандрай і братам выхоўвалася ў Мінскім прытулку, дзе на вялікія здольнасці дзяўчынкі звярнула ўвагу жонка мінскага губернатара і ў хуткім часе ўзяла яе на выхаванне. Марыя скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, вучылася ў земскай настаўніцкай школе ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. Яна шмат чытала, тонка адчувала мастацтва, мела літаратурныя схільнасці і наогул надзвычай жывую фантазію, па натуры была мяккай, весёлай, вельмі ўражлівай, эмацыянальнай. Паводле сведчання Адама Ягоравіча, выдатнай рысай яго жонкі з’яўляліся надзвычайная выразнасць пачуццяў і жвавасць рухаў.

* * *
У 1888 г. Адам Ягоравіч з Марыяй Апанасаўнай узялі шлюб. Сям’я Багдановічаў жыла ў той час у Мінску. У 1890 г. тут нарадзіўся старэйшы брат Максіма – Вадзім. Амаль праз два гады з’явіўся на свет Максім. У сувязі з пагаршэннем стану здароўя Адам Ягоравіч вымушаны быў пакінуць пасаду выкладчыка і перайсці ў банкаўскія служачыя, прычым давялося змяніць нават месца жыхарства.

У 1892 г., праз некалькі месяцаў пасля нараджэння Максіма, сям’я пераехала ў Гродна, дзе бацька стаў працаваць у банку. Кола яго кантактаў складала пераважна мясцовая інтэлігенцыя, сярод якой Адам Ягоравіч карыстаўся аўтарытэтам, яго нават абралі дырэктарам публічнай бібліятэкі, у гэты час ім былі напісаны значныя творы па беларускай этнаграфіі і гісторыі сялянства. У 1894 г. у Гродне нарадзіўся малодшы брат Максіма – Леў. Марыя Апанасаўна займалася хатнімі справамі, гадавала дзяцей, але не забывала і пра інтэлектуальную працу. У гродзенскай губернскай газеце было апублікавана яе апавяданне пад назвай “Напярэдадні Каляд”. У 1895 г. некалькі вясенніх і летніх месяцаў Марыя Апанасаўна з дзецьмі правяла ў сваёй старэйшай сястры Стэфаніі Секяржыцкай у вёсцы Вяззе (цяпер у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці), дзе дзеці шмат часу праводзілі на прыродзе, у лесе, пазнаёміліся з вясковым жыццём, апынуліся ў асяроддзі жывой беларускай мовы. Пасля нараджэння дачкі Ніны і справакаванага родамі хуткацечнага туберкулёзу ў кастрычніку 1896 г. Марыя Апанасаўна памерла. Маленькі Максім, вельмі цяжка перанёс яе смерць. Бацька лічыў, што па складзе свайго характару, ён быў “маленькім падабенствам маці”, асабліва ў дзяцінстве. У далейшым не толькі яе псіхічная, але і інтэлектуальная спадчыннасць – трапнасць назіранняў і іх паўната, сіла ўяўлення, пластычнасць і вобразнасць мыслення ў поўнай меры праявіліся ў жыцці і творчасці сына Максіма.

* * *
У канцы 1896 г. Адам Ягоравіч быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. У гэты ж час памерла і маленькая сястрычка Максіма Ніна. Вадзіма, Максіма і Льва даглядалі родныя сёстры Адама Ягоравіча Марыя і Магдалена. Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч узяў шлюб з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай (яе родная сястра Кацярына Паўлаўна была жонкай Максіма Горкага, чыім блізкім сябрам стаў Адам Ягоравіч), аднак яна памерла пры родах, а іх маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям’і Горкага (у двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр). Пазней А.Я. Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой першай жонкі – Аляксандрай Апанасаўнай Мякота і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў (Павел, Мікалай, Аляксей, Вячаслаў і Раман).

З цёткай у Максіма, на жаль, не склаліся добрыя адносіны, што ў далейшым у пэўнай меры адбілася на яго лёсе – уся яе ўвага (і, як следства, клопаты бацькі) была накіравана галоўным чынам на малодшых дзяцей.

Для сям’і Багдановічаў вялікім выпрабаваннем было захворванне на туберкулёз, ад якога памерлі многія з родных. Цяжкім ударам, асабліва для Максіма, стала смерць вясной 1908 г. брата Вадзіма, таленавітага юнака, які пражыў толькі васямнаццаць гадоў.

Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, імкнуўся належным чынам падрыхтаваць іх да вучобы ў гімназіі, абудзіў у іх любоў да чытання, знаёміў з эпасамі розных народаў, класічнымі творамі сусветнай літаратуры, вадзіў у карцінныя галерэі і музеі. Сярод знаёмых і сяброў Адама Ягоравіча былі ў той час такія людзі як яго сваяк пісьменнік Максім Горкі, дырэктар Ніжагародскай мужчынскай гімназіі С. Шчарбакоў. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў: “Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу… Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры…”. Відаць, нездарма ён сам назваў сябе Максімам Кніжнікам.

У Ніжнім Ноўгарадзе склалася своеасаблівая беларуская “калонія”. Трэба адзначыць, што ў сям’і Багдановічаў размаўлялі ў асноўным па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы ў сваёй аснове заставаліся беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.

У 1902-1908 гг. Максім Багдановіч вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Юнак адчуваў атмасферу радыкальных палітычных настрояў, якія панавалі ў грамадстве. У доме Багдановічаў збіралася дэмакратычная інтэлігенцыя. Максім актыўна наведваў розныя мітынгі і маніфестацыі, у выніку чаго атрымаў у атэстаце адзнаку “нядобранадзейнага вучня”. Падлетак цікавіўся анархізмам, чытаў творы тэарэтыкаў гэтага руху, аднак праз пэўны час анархісцкі “запал” прайшоў.

У ніжагародскі перыяд ішло не толькі станаўленне грамадзянскай пазіцыі Максіма Багдановіча, але і фарміраванне яго як паэта. Ён пачынае цікавіцца беларусікай: вывучае беларускую мову і літаратуру, пад уплывам настаўніка, беларуса па паходжанні А. Кабанава больш глыбока знаёміцца з гісторыяй сваёй бацькаўшчыны Беларусі, а таксама з матэрыяламі беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, якія выдаваліся ў Вільні (іх для Максіма ў 1906 г выпісала яго хросная маці В. Сёмава, яна працавала ў Пінскім жаночым вучылішчы, была ў мінулым удзельніцай народавольскага гуртка).

1907 г. лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. 19 ліпеня на старонках газеты “Наша ніва” з’явіўся яго першы твор – празаічнае апавяданне “Музы́ка”. У апавяданні расказваецца, як ад гукаў скрыпкі галоўнага героя вочы людзей напаўняліся то слязьмі ад думак аб сваёй цяжкай долі, то гневам на тых, хто асуджае народ на пакуты. Нават загубіўшы музы́ку, “злыя і сільныя людзі” не змаглі забіць памяць аб ім. Юны аўтар апавядання здолеў у алегарычнай форме перадаць і нялёгкае жыццё роднай Беларусі, і надзею на тое, што беларусы ўсё ж стануць гаспадарамі свайго лёсу.

У 1908 г. у Ніжнім Ноўгарадзе Максімам Багдановічам былі напісаны і першыя лірычныя вершы “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”.

* * *
З лета 1908 г. Багдановічы жылі ў Яраслаўлі. Тут Максім працягваў навучанне ў Яраслаўскай гімназіі, дзе праявіў сябе выдатным знаўцам літаратуры, які ведаў на памяць вялікую колькасць вершаў, рыхтаваў рэфераты на літаратурныя тэмы, выступаў з імі перад навучэнцамі. Пасябраваў з выкладчыкам лацінскай мовы У. Белавусавым, высокаадукаваным чалавекам, знаўцам многіх моў, які кіраваў заняткамі Максіма па вывучэнні не толькі лацінскай, але і грэчаскай, італьянскай, французскай моў.

У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. Вясной 1909 г. Максім захварэў на туберкулёз. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што добра паўплывала на стан здароў’я Максіма, ён захапіўся паўднёвым краем, з’явілася новае кола знаёмых, закаханасць.

У значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча стаў 1911 г., бо спраўдзілася яго даўняе жаданне – пабываць на Беларусі. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся з выдатнымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам і літаратуразнаўцам Б. Эпімах-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у іх родзіча ў фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў пераважна кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.

Атрымаўшы атэстат сталасці, у 1911 г. Максім Багдановіч паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў у 1916 г. Ён не меў ніякай схільнасці да юрыспрудэнцыі, хацеў паступіць у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Была і спрыяльная акалічнасць для гэтага: на просьбу акадэміка А. Шахматава рэкамендаваць чалавека, які мог бы заняцца пад яго кіраўніцтвам вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, рэдакцыя “Нашай нівы” назвала кандыдатуру Багдановіча. Але Максім не здолеў здзейсніць сваю мару з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем і з-за адсутнасці сродкаў (бацька аддаваў перавагу навучанню малодшага сына Льва, які меў вялікія матэматычныя здольнасці і планавалася яго паступленне ў Маскоўскі ўніверсітэт).

Увесь час Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Яго веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету мелі энцыклапедычны характар. Шмат увагі ён аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую. І не пераставаў пісаць.

Сярод значных падзей асабістага жыцця гэтага перыяду была паездка ў Крым летам 1915 г. для паўторнага курса лячэння. Там было і захапленне жанчынай, пачуццё да якой стала ўзаемным. Новае каханне пакінула шмат уражанняў, як станоўчых, так і адмоўных, і знайшло адбітак у творчасці маладога паэта.

У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны і набліжэннем фронту да Мінска ў Яраслаўлі апынулася даволі вялікая колькасць бежанцаў з Беларусі. Максім Багдановіч пазнаёміўся з многімі з іх, чым мог стараўся дапамагчы, арганізоўваў для студэнтаў-беларусаў наведванне тэатра, удзельнічаў у студэнцкіх вечарынах, падчас якіх вельмі любіў слухаць беларускія песні, знаёміцца з народнымі абрадамі, танцамі.

Нягледзячы на тое, што цяжкая хвароба ўжо праявіла сябе, яраслаўскі перыяд жыцця Максіма Багдановіча – час напружанай і найбольш плённай творчай працы. І асабліва ён шчыраваў на ніве беларушчыны. Бацька і некаторыя сваякі не падзялялі яго такога празмернага, на іх погляд, зацікаўлення беларускай мовай і ўвогуле беларускай тэматыкай. На думку некаторых даследчыкаў, гэта, магчыма, было выклікана жаданнем засцерагчы Максіма ад цяжкасцей, з якімі той мог сутыкнуцца на Беларусі. Адам Ягоравіч пазней у сваіх успамінах назваў карціну беларускага адраджэння “даволі бязрадаснай”, гаварыў пра “слабасць матэрыяльных перадумоў” для нацыянальнага руху.

Максім Багдановіч тварыў у многіх паэтычных жанрах. Сярод яго вершаў ёсць узоры як прыродаапісальнай, пейзажнай (“Ноч” (1908 г.), “Зімовая дарога”, “Зімой”, “Перад паводкай”, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць” (усе 1910 г.), “Добрай ночы, зара-зараніца!” (1911 г.) і інш.), так і інтымнай лірыкі (“Ў космах схаваліся кветы чырвоныя” (1908-1909 гг.), “Жывая лялечка! Не душу і не сэрца” (1910 г.), “Ўчора шчасце толькі глянула нясмела” (1910-1913 гг.), “Апусціўшы густыя расніцы” (1912 г.), “Забудется многое, Клава” (1915 г.), “Маладыя гады” (1915-1916 гг.).

Часта ў яго вершах сустракаюцца і міфалагічныя матывы, найперш звязаныя з беларускай народнай міфатворчасцю (“Вадзянік”, “З цыкла “Лясун”, “Хрэсьбіны лесуна” (усе 1909 г.), “Возера” (Стаяў калісь тут бор стары) (1910 г.) і інш.).

Аднак ужо ў адным з ранніх вершаў “Краю мой родны! Як выкляты Богам…” (1909 г.), выразна акрэслены тэма сацыяльнага прыгнёту беларусаў, а таксама надзея на іх нацыянальнае адраджэнне. Паводле некаторых ацэнак, гэты твор паставіў Максіма Багдановіча поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Боль і трывога за родную зямлю, за яе людзей выразна гучаць і ў вершы “Народ, Беларускі Народ!” (1913 г.).

Хоць у паэзіі Максіма Багдановіча і адчувальныя матывы смерці і песімізму, у значнай ступені выкліканыя яго хваробай, як, напрыклад, верш “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт” (1909 г.), але ў многіх сваіх творах ён выступае як вяшчальнік надзеі, заклікае кінуць “вечны плач свой аб старонцы” (“Кінь вечны плач свой аб старонцы!” (1911 г.). Адным з праграмных у творчасці Багдановіча лічыцца напісаны ў ліпені 1910 г. верш “Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі”, дзе паэт выказвае сваю шчырую веру ў лепшую будучыню.

Максім Багдановіч, як чалавек надзвычай грунтоўных ведаў і шырокай эрудыцыі ў галіне літаратуры, добра ведаў творчасць многіх класікаў сусветнай паэзіі. Ён захапляўся вершамі А. Пушкіна, А. Фета, Т. Шаўчэнкі. Быў знаёмы і з творчасцю многіх паэтаў – прадстаўнікоў такога актуальнага ў той час літаратурнага накірунку, як сімвалізм. Асаблівую цікавасць ён праяўляў да створанага французскім паэтам П. Верленам. Творчасць аднаго з заснавальнікаў сімвалізму мела значны ўплыў на фарміраванне паэтычных прыхільнасцей Максіма Багдановіча (напрыклад, верш “Маёвая песня” (Па-над белым пухам вішняў), 1910 г.). Багдановіча цікавіла найперш музыкальнасць паэтычных радкоў, якой сімвалісты надавалі вялікае значэнне. Аднак ён імкнуўся не капіраваць літаральна створанае іншымі, а выкарыстоўваў некаторыя творчыя напрацоўкі калег па пяры для ўдасканалення ўласнай, вельмі індывідуальнай, паэзіі.

Падчас знаходжання ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад уражаннем ад іх напісаў верш “Слуцкія ткачыхі” (1912 г.) з цыкла “Старая Беларусь”. У гэтым творы аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе “заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька”. Васілёк з лёгкай рукі Максіма стаў адным з сімвалаў Беларусі.

Яшчэ адным вынікам паездкі сталі вершы “За дахамі места памеркла нябёс пазалота” (1911 г.), “Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць”, “У Вільні” (1912 г.) і іншыя з цыкла “Места”, прысвечаныя старажытнай беларускай сталіцы. Максім Багдановіч – фактычна першы ў беларускай літаратуры паэт-урбаніст, гарадскія вобразы займаюць у яго творчасці даволі істотнае месца ў адрозненне ад іншых беларускіх паэтаў – яго сучаснікаў, а “Места” – першы ўрбаністычны цыкл у беларускай літаратуры.

Паэтычнай творчасці Максіма Багдановіча гэтага перыяду былі ўласцівы і такія тэмы, як гістарычны лёс Беларусі, паднявольнае становішча беларускага народа, яго барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне (цыклы 1911-1912 гг. “Старая Беларусь”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая спадчына”).

У 1909-1916 гг. Максім Багдановіч напісаў амаль два дзесяткі вершаў на рускай мове (“Уймитесь, волнения страсти”, “Я вспоминаю дом старинный”, “Ах, как уютно, чисто, мило” і інш.), прычым некаторыя з іх не маюць аўтарскага беларускага тэксту (такія лірычныя творы, як “Зачем грустна она была”, “Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной”, “Зеленая любовь”, “Осенью”).

У 1909-1913 гг. ён стварыў рукапісны зборнік паэзіі “Зеленя”, які прызначаўся для яго стрыечнай сястры Г. Гапановіч, меркаванне якой малады паэт вельмі цаніў. У зборнік ён уключыў тры вершы на рускай мове і 19 аўтаперакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову.

У той жа перыяд былі напісаны паэмы “У вёсцы” (1912 г.) і “Вераніка” (1911-1913 гг.) (некаторыя даследчыкі яе адносяць да жанру вершаванага лірычнага апавядання), дзе выразна праявілася захапленне Максіма Багдановіча вобразам жанчыны, які стаў адным з цэнтральных у яго творчасці. Глыбокія мацярынскія пачуцці, на думку Багдановіча, арганічна ўласцівыя кожнай жанчыне, нават маленькай дзяўчынцы, – ідэйная аснова твора “У вёсцы”. Хоць паэма “Вераніка” і мае эпіграф “Яна – выдумка маёй галавы”, вядома, што яе радкі навеяны пачуццём закаханасці ў сястру свайго аднакласніка – Ганну Какуеву. Ідэалізаваны вобраз жанчыны ў душы Максіма абуджае ў аўтара імкненне да ўвасаблення яго ў паэтычнай форме. Вобразам гэтай дзяўчыны навеяны і такія вершы, як “Учора шчасце толькі глянула нясмела”, “Больш за ўсё на свеце жадаю я”, некаторыя іншыя. Другі знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў – верш Максіма Багдановіча “Раманс” (Зорка Венера ўзышла над зямлёю), які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.

Каля 1915 г. паэт напісаў цыкл вершаў “На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу”. У іх выразна гучаць фальклорныя матывы. Да фальклорных стылізацый належаць таксама паэмы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (1914 г.) пра няўдалую жаніцьбу камара і “Максім і Магдалена” (1915 г.), яе тэма – трагічнае каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой.

Пад уражаннем ад знаёмства з фальклорам розных народаў Максім Багдановіч стварыў на беларускай мове шэраг песень, стылізаваных пад народную творчасць сербаў, рускіх, украінцаў, скандынаваў, іспанцаў, японцаў, персаў.

Максім Багдановіч адзін з заснавальнікаў у беларускай літаратуры такога накірунку, як філасофская лірыка. Паступова ў яго творчасці пачалі праяўляцца агульначалавечыя тэмы: вечнасць свету і тленнасць усяго існага (“Дзед” (Так цёпла цэлы дзень было), 1913 г.), эгаізм людзей як прычына ўсялякай несправядлівасці (“Мяжы”, 1914 г.), марнасць і бессэнсоўнасць чалавечых канфліктаў (“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, 1915 г.). Радкі з апошняга верша: “Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // да зор?” сталі хрэстаматыйнымі.

Максім Багдановіч фактычна першы з беларускіх паэтаў, хто звярнуўся да санета, трыялета, рандо, тэрцыны, скерца і іншых складаных форм верша (варта ўспомніць хоць бы хрэстаматыйныя цяпер “Санет” (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі) (1911 г.) або “Трыялет” (Калісь глядзеў на сонца я) (1912 г.). Ён свядома імкнуўся ўзбагаціць маладую беларускую літаратуру новымі для яе формамі, ужо добра асвоенымі ў сусветнай літаратуры, і тым самым істотна пашырыць яе творчыя магчымасці, удасканаліць літаратурную мову.

1 студзеня 1909 г. у газеце “Наша ніва” з’явілася першая паэтычная публікацыя Максіма Багдановіча – верш “Над магілай”. У сакавіку газета надрукавала яшчэ адзін верш – “Прыйдзе вясна”. Аднак многія вершы, якія Багдановіч дасылаў у “Нашу ніву”, былі адпраўлены ў архіў рэдакцыі. Некаторыя члены рэдкалегіі, на той час ужо вядомыя прадстаўнікі беларускага адраджэнскага руху, палічылі іх “дэкадэнцкімі”, незразумелымі простаму народу, тым чытачам, на якіх, як яны лічылі, арыентуецца газета. І тут у творчым лёсе маладога паэта адыграў значную ролю супрацоўнік газеты “Наша ніва” беларускі паэт, публіцыст, крытык С. Палуян. У жніўні 1909 г. азнаёміўшыся з вершамі Багдановіча, ён змог належным чынам ацаніць яго наватарства, імкненне да ўзбагачэння форм мастацкага слова, пашырэння абсягу тэм маладой беларускай літаратуры, у чым аўтар бачыў адну з сваіх галоўных задач. С. Палуян пры падтрымцы Янкі Купалы настаяў на публікацыі вершаў. З верасня 1909 г. паэтычныя творы Максіма Багдановіча пастаянна друкаваліся на старонках “Нашай нівы”.

У пачатку 1914 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок” (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: “Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)”. У зборніку каля 100 вершаў (лірычнага і патрыятычнага характару) і 2 паэмы. Яны былі аб’яднаны па цыклах: “У зачарованым царстве”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая Беларусь”, “Места”, “Думы”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”. Сам Багдановіч пазней так ахарактарызаваў сваю кнігу: “Недахватаў рожных – гібель, ды і … вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца”.

Плённа працуючы над паэтычнымі творамі, Максім Багдановіч пасля шасцігадовага перапынку зноў звярнуўся да мастацкай прозы.

У 1913-1916 гг. ён напісаў шэраг апавяданняў і нарысаў не толькі на беларускай (“Апавяданне аб іконніку і залатару…”, “Шаман”, “Марына”, “Гарадок”, “Сярод глухой пушчы”, “Вясной”), але і на рускай мове (“Несчастный случай”, “Колька”, “Преступление”, “Мадонна”, “Сон-трава”, “Страшное”, “Именинница”, “Чудо маленького Петрика”, “Экзамен”, “Из летних впечатлений”, “Катыш”, “Около театра миниатюр”, “Волгари”, “На углу”, “Около билетов”). Гэта невялікія па аб’ёме творы з разнастайнай тэматыкай: усхваленне жанчыны, любаванне прыродай, апісанне розных мясцовасцей, жыццёвых акалічнасцей і цяжкасцей вайны, ёсць аўтабіяграфічныя замалёўкі, гучаць рэлігійныя, казачныя і гістарычныя матывы і інш.

Асобнае месца ў гэтым радзе належыць апавяданню “Апокрыф” і яго пашыранаму рускамоўнаму варыянту “Притча о васильках”, у якіх выкладзена паэтычнае крэда Максіма Багдановіча – “Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы”. У гэтым творы, які імітуе біблейскі стыль, асвятляюцца ўзаемаадносіны паўсядзённага жыцця і мастацтва і іх яднанне.

Увагу Максіма Багдановіча прыцягнуў яшчэ адзін жанр мастацкай прозы – казкі. У гэтым праявілася схільнасць пісьменніка да шырокай метафары, алегорыі. У казцы “Башня мира”, напісанай у 1915 г. на рускай мове, у больш поўнай меры, чым у іншых творах, Багдановіч меў магчымасць выказаць свой погляд на падзеі вайны, якая вялася ўжо паўгода, і негатыўнае стаўленне да вайны наогул.

Трэба адзначыць, што амаль усё напісанае Максімам Багдановічам у жанры мастацкай прозы было адразу ж надрукавана ў беларускай і расійскай прэсе.

Мастацкае слова Масіма Багдановіча прагучала з усёй сілай яго таленту і пры стварэнні ім паэтычных пераказаў твораў іншых аўтараў.

Багдановіч імкнуўся да таго, каб узбагаціць беларускую літаратуру набыткамі сусветнай класікі. Малады паэт добра ведаў літаратуры найперш славянскія: рускую, украінскую, польскую, не абмінаў увагай і творчасць антычных і сучасных заходнееўрапейскіх аўтараў. І прыкладаў намаганні, каб па меры магчымасці пазнаёміць прадстаўнікоў розных народаў з тым, што створана суседзямі. Пры гэтым ён імкнуўся як да дакладнасці ва ўвасабленні арыгінала на іншай мове, так і да перадачы яго мастацкай адметнасці.

1909 г. – пачатак перакладчыцкай дзейнасці Максіма Багдановіча, якая галоўным чынам была сканцэнтравана на паэзіі. Адным з першых стаў пераклад на беларускую мову верша рускага паэта Ю. Святагора “Дзве песні”.

У 1909-1910 гг. Максім Багдановіч пераклаў на беларускую мову некаторыя вершы нямецкіх класікаў Г. Гейне, Ф. Шылера. Многія з перакладаў з’явіліся на старонках “Нашай нівы”.

У 1911-1912 гг. ён займаўся перакладчыцкай дзейнасцю яшчэ больш актыўна. З’явіліся пераклады на беларускую мову твораў Гарацыя і Авідзія.

Асобна варта адзначыць пераклады 22 вершаў французскага паэта-сімваліста П. Верлена, чыя творчасць была асабліва блізкая Максіму Багдановічу.

Да 1913-1916 гг. адносяцца пераклады на беларускую мову твораў бельгійскага паэта Э. Верхарна, рускага класіка А. Пушкіна.

Таксама Максім Багдановіч займаўся перакладамі на рускую мову твораў беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Існаваў цэлы рукапісны сшытак перакладаў на рускую мову вершаў Янкі Купалы, а таксама іншых беларускіх паэтаў. Ацалеў толькі пераклад верша Янкі Купалы “Жніво”. У 1911-1916 гг. Багдановіч перакладаў на рускую мову вершы ўкраінскіх аўтараў: А. Крымскага, Т. Шаўчэнкі, М. Чарняўскага, Алеся, І. Франко, У. Самійленкі, большасць з іх пры жыцці перакладчыка не былі апублікаваны.

Ёсць у Максіма Багдановіча і некалькі перакладаў празаічных твораў украінскіх пісьменнікаў на рускую мову, якія ён зрабіў у 1915-1916 гг.: І. Франко – “Каменщик”; В. Стэфаніка – “Из рассказа “Кленовые листочки” і “Смерть”. Тэмы, паднятыя ў гэтых творах, датычацца цяжкасцей жыцця простых людзей, стану чалавека перад тварам смерці.

У 1910 г. Максім Багдановіч пачынае выступаць і як літаратурны крытык. Першай спробай пяра стаў артыкул “І. Неслухоўскі”, прысвечаны беларускаму паэту Івану Неслухоўскаму, які выступаў пад псеўданімам Янка Лучына. Артыкул застаўся няскончаным.

Значнай з’явай у працэсе развіцця беларускага прыгожага пісьменства стаў артыкул Максіма Багдановіча “Глыбы і слаі”, які з’явіўся ў студзені 1911 г. на старонках газеты “Наша ніва” і быў прысвечаны аналізу творчасці беларускіх пісьменнікаў, стану беларускай літаратуры. Ён фактычна паклаў пачатак беларускай прафесіянальнай літаратурнай крытыцы. Малады аўтар адразу праявіў сябе як уважлівы і ўдумлівы крытык, які ў сваіх даследаваннях зыходзіў з высокіх эстэтычных крытэрыяў. Яго глыбокі аналіз, грунтоўныя тэарэтычныя напрацоўкі заклалі падмурак для далейшага развіцця беларускага літаратуразнаўства, якога да Багдановіча практычна не існавала.

У артыкуле Максім Багдановіч, у прыватнасці, выказаўшы некаторыя крытычныя заўвагі наконт творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, тым не менш сцвярджаў, што талент Купалы “прабіўся на волю і паказаў, якую ён таіць красу і моц”, а Колас павінен заняць пачэснае месца ў маладой беларускай літаратуры.

Закранаючы ў артыкуле творчасць іншых беларускіх літаратараў, аўтар некалькі слоў, можа быць, залішне самакрытычных, прысвяціў і ўласнай: “Што да Багдановіча, то і ў ім непрыкметна шпаркага развіцця, хоць асобнасці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Гэта паэт-маляр. Слабы як лірык, ён усю сваю ўвагу звяртае на абразнасць зместу вершаў… але… вершы іншы раз заміж малюнка даюць якісь абрывак яго”.

У 1913 г. у артыкуле “За тры гады”, які мае падзагаловак “Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911–1913 гг.”, апублікаваным у літаратурна-мастацкім альманаху “Калядная пісанка”, Максім Багдановіч, даючы ацэнку маладой беларускай літаратуры, так падсумаваў яе стан: “…За апошнія гады сярэдняя вартасць твораў падвышаецца… цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменнікі нашы. А гэта можа значыць адно: што ў нас вырабілася літаратурная мова”. Аўтар лаканічна але трапна ахарактарызаваў дасягненні беларускай літаратуры, заявіўшы, што “не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар”.

Аналізуючы кнігу вершаў Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, Багдановіч імкнецца адзначыць эстэтычныя дасягненні аўтара: “З радасцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасці, новыя формы і вобразы. Не толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах”.

Відавочна, менавіта такія погляды на літаратурны працэс, на ролю творцы і прыярытэты ў творчасці і паспрыялі таму, што доўгі час многія называлі Максіма Багдановіча паэтам “чыстай красы”, які занадта адарваўся ад роднай глебы і вызнае прынцып “чыстага мастацтва для мастацтва”. Трэба адзначыць, што азначэнне Максіма Багдановіча як паэта “чыстай красы” (выраз, ужыты Багдановічам у санеце “На цёмнай гладзі сонных луж балота”), якога мала займаюць грамадскія тэмы з’явілася яшчэ ў нашаніўскія часы.

У 1911-1912 гг. Максім Багдановіч выступае і як гісторык беларускай літаратуры. З-пад яго пяра выйшаў шэраг артыкулаў: “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця”, “За сто лет”, <Новый период в истории белорусской литературы>.

У 1915 г. на старонках часопіса “Украинская жизнь” быў змешчаны нарыс “Белорусское возрождение”, які ў 1916 г. выйшаў асобнай брашурай у Маскве, а таксама на ўкраінскай мове – у Вене. У ім Максім Багдановіч падаў апісанне гістарычнага шляху Беларусі, характарыстыку беларускага нацыянальнага руху, сціслы аналіз творчасці беларускіх літаратараў. У нарысе ён, па сутнасці, першы з беларускай інтэлігенцыі прыгадаў імя рэвалюцыянера-дэмакрата, аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. К. Каліноўскага, чыя дзейнасць замоўчвалася царскімі ўладамі.

У напісаным у 1915 г. артыкуле “Забыты шлях”, разглядаючы шляхі развіцця беларускай паэзіі, Максім Багдановіч заклікаў творча выкарыстоўваць здабыткі сусветнай літаратуры. Ён пісаў: “…Мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам дала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго, – гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць народную душу”.

Не пакідаў Максім Багдановіч па-за ўвагай творчасць рускіх паэтаў і пісьменнікаў. Аб гэтым сведчыць шэраг рэцэнзій і нататак 1913-1916 гг. у яраслаўскай газеце “Голос”, з якой ён актыўна супрацоўнічаў: “Одинокий” (К столетию со дня рождения М.Ю. Лермонтова), “Новые письма Л.Н. Толстого”, “Архив села Карабихи” (Письма Н.А. Некрасова и к Некрасову), “Письма А.П. Чехова”.

Погляды Багдановіча на літаратуру, яго мастацкія густы выявіліся ў водгуку на пераклад аповесці “Трыстан і Ізольда”, на кнігу М. Нікольскага па гісторыі старажытнага Вавілона. Увагу рэцэнзента таксама прыцягнулі “Збор твораў” рускіх паэтаў К. Рылеева і А. Адоеўскага, выдадзены ў 1914 г.; штогоднік газеты “Речь” на 1914 г.; зборнік народных рускіх легенд, падрыхтаваны А.М. Афанасьевым, перакладзеная з англійскага перакладу кніга бенгальскага паэта Р. Тагора “Гітанджалі” (“Жертвопесни”); кніга вершаў француза Т. Гацье “Эмали и камеи” у перакладзе М. Гумілёва. Таксама шэраг іншых твораў красамоўна сведчаць пра шырокі дыяпазон творчых інтарэсаў Максіма Багдановіча, яго дасведчанасць у пытаннях рускай літаратуры, гісторыі культуры, навукі, мастацтва, асветы. У кожным з рэцэнзуемых твораў ён знаходзіў вартыя чытацкай увагі адзнакі альбо асаблівасці, каштоўныя для ўсёй літаратуры.

Максім Багдановіч быў адным з першых беларускіх літаратараў, хто звярнуўся ў сваёй літаратурна-крытычнай дзейнасці да творчасці ўкраінскіх аўтараў. У 1914 г. ім былі напісаны на рускай мове грунтоўныя літаратуразнаўчыя артыкулы “Краса и сила. Опыт исследования стиха Т.Г. Шевченко”, а таксама “Памяти Т.Г. Шевченко”.

Адзначыў ён і творы ўкраінскага пісьменніка У. Віннічэнкі, у прыватнасці выхад у 1916 г. збору яго твораў у 8 тамах у перакладзе на рускую мову. У гадавым аглядзе часопіса “Украинская жизнь” за 1915 г. Максім Багдановіч выказвае сваю падтрымку “национальной украинской точки зрения”.

У 1916 г. у тым жа часопісе надрукаваны артыкулы “В. Самийленко” і “Грицько Чупринка”, дзе Багдановіч уважліва аналізуе творчыя метады і дасягненні гэтых украінскіх паэтаў. Артыкул “Грицько Чупринка” з’яўляецца адной з найбольш змястоўных, праблемных прац усёй спадчыны Багдановіча ў галіне літаратуразнаўства. У ім выяўляецца важнасць не толькі мастацкіх вартасцей, але і сацыяльнага значэння творчасці літаратара. Багдановіч прыходзіць да высновы, што без сацыяльнай напоўненасці паэзія робіцца нежыццёвай, пры гэтым паэт не павінен ператварацца ў публіцыста. У літаратурным жа партрэце В. Самійленкі ён абвяшчае сур’ёзны філасофскі вывад: гуманізм – вось аснова мастацтва.

1910 г. адзначаны пачаткам публіцыстычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. У сакавіку ў яраслаўскай газеце “Голос” з’явіўся яго невялікі артыкул аб музыкальна-літаратурным гуртку, праз два гады ён напісаў аб народнай адукацыі ў губерні. Гэта былі нататкі, у якіх толькі канстатаваўся стан спраў.

Пачынаючы з 1914 г. малады літаратар бярэцца за асвятленне больш глабальных пытанняў, якія патрабавалі больш шырокіх ведаў і тэарэтычнага аналізу. Першай спробай стаў артыкул да 10-й гадавіны з дня смерці рускага сацыёлага, аднога з тэарэтыкаў народніцтва М. Міхайлоўскага. Пазней Багдановіч асвятляў тэму станаўлення рускай нацыянальнай культуры ў народніцкай публіцыстыцы В. Караленкі, М. Ножына, С. Южакова. Расійскаму дэмакратычнаму абнаўленню прысвечаны і артыкул “Новая интеллигенция”.

Максім Багдановіч у сваіх працах разглядаў нацыянальныя, сацыяльна-палітычныя і культуралагічныя праблемы, якія паўставалі не толькі на тэрыторыі цэнтральнай часткі Расійскай імперыі, але і ў іншых рэгіёнах кампактнага пражывання славян – у Беларусі, ва Украіне і іншых краях. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны з-пад пяра Максіма Багдановіча выходзяць артыкулы і брашуры аб лёсе славян, чыё жыццё закранулі баявыя дзеянні, пра адраджэнне беларусаў (“Белорусы”, “Сталецце руху беларускага народа”, “О гуманизме и неосмотрительности”, “Хто мы такія?”, “На белорусские темы”) і блізкіх ім славянскіх народаў (“Червонная Русь”, “Угорская Русь”, “Братья-чехи”, “Украинское казачество”), а таксама гісторыка-краязнаўчыя публікацыі (“Образы Галиции в художественной литературе”).

Большасць гэтых твораў Багдановіча былі напісаны на рускай мове і амаль адразу публікаваліся ў тагачасным расійскім і ўкраінскім друку (у тым ліку і па беларускай тэматыцы).

Кола інтарэсаў Максіма Багдановіча не абмяжоўвалася згаданымі вышэй жанрамі і тэмамі – выступаў ён у друку і з рэцэнзіямі на музычныя і часопісныя выданні, краязнаўчымі нататкамі, фельетонамі.

Дзейнасць маладога літаратара Максіма Багдановіча атрымала прафесійнае прызнанне з боку калег – у 1914 г. яго прынялі ў аўтарытэтнае “Усерасійскае таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры”.

Творы Максіма Багдановіча, акрамя выданняў, у якіх часцей за ўсё яны выходзілі ў свет (беларускіх – “Наша ніва”, “Зборнік “Нашай нівы”, расійскага – “Голос”, украінскага – “Украинская жизнь”), публікаваліся і ў шмат якіх іншых газетах і часопісах (“Першы каляндар “Нашай нівы”, “Беларускі каляндар “Нашай нівы”, “Калядная пісанка”, “Дзянніца”, “Нижегородский листок”, “Северный календарь”, “Северная газета”, “Известия общества славянской культуры”, “Ежемесячный журнал литературы, науки и общественной жизни”, “Пушкин и его современник”, “Национальные проблемы”, “Жизнь для всех”, “Сатирикон”, “Русский экскурсант”, “Заря”, “Музыка”, “ Музыкальный современник”), а таксама выходзілі брашурамі (асобнымі ці ў серыі “Библиотека войны” і інш.).

* * *
Восенню 1916 г., закончыўшы юрыдычны ліцэй і атрымаўшы магчымасць самастойна, без аглядкі на матэрыяльную падтрымку бацькі вырашаць свой лёс Максім Багдановіч пераехаў у Мінск. У імкненні быць як мага бліжэй да Беларусі яго не спынілі ні хвароба, ні адарванасць ад родных, ні цяжкае прыфрантавое становішча ў горадзе. Тут ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, адначасова актыўна займаўся справамі бежанцаў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, удзельнічаў у рабоце гурткоў моладзі, быў сярод іх арганізатараў.

Максім пасяліўся на адной кватэры з літаратарам Змітраком Бядулем, які пазней пакінуў успаміны пра Багдановіча, пра тое, як ён апантана працаваў, нягледзячы на стан здароўя, якое ўвесь час пагаршалася, на пастаянна высокую тэмпературу (пачаўся адкрыты працэс захворвання на туберкулёз).

Пры гэтым Багдановіч імкнуўся грунтоўна і па-навуковаму глыбока разбірацца ў пытаннях не толькі літаратурнай практыкі, але і тэорыі. Хворы паэт чытаў вершы з японскай паэзіі, якія, на яго думку, сваёй арыгінальнай формай вельмі зграбна выходзілі на беларускай мове, у паэтычных пошуках выкарыстоўваў матэматычныя вылічэнні, умоўна кажучы спрабаваў алгебрай праверыць гармонію. Наогул, як лічыў Змітрок Бядуля, “паэзія была найлепшай уцехай яго жыцця. Пры ёй забываўся ён аб сваёй хваробе, забываўся аб тым, што дні яго жыцця злічаны…”.

У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як “Пагоня” і “Страцім-лебедзь”. У вершы “Пагоня” аўтар звяртаецца да гераічных старонак беларускай мінуўшчыны, заклікае бараніць сваю Маці-Краіну. Гэты твор многімі ўспрымаўся як гімн беларусаў. “Страцім-лебедзь” – гэта паэтызацыя біблейскага міфа пра лебедзя, паводле якой адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноева каўчэга, сам уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу, аднак трагічна загінуў, бо не ў сіле аказаўся ўтрымаць птахаў, што абселі яго, ратуючыся ад патопу. Хоць сам Страцім-лебедзь гінуў, але даваў жыццё іншым птахам. У міфе асуджалася непакорнасць, Багдановіч яе ўслаўляў.

У канцы 1916 г. Максім Багдановіч напісаў свае апошнія артыкулы, у якіх даказваў неабходнасць для зберажэння нацыянальнай культуры навучання і выхавання дзяцей на матчынай (беларускай) мове (<Белоруский беженский приют>, “Голос из Белоруссии”, інш.). Хвалююць яго і пытанні рэлігійнага кшталту (“Аб веры нашых прашчураў”). Дзейнасць па дапамозе бежанцам апісана Багдановічам у “Аглядзе працы за першы год Мінскага аддзела Беларускага таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны” і ў артыкуле “Деятельность Минского белорусского комитета” (надрукаваны ва ўкраінскай прэсе). Акрамя таго, Багдановічам быў складзены “Обзор деятельности Минской губернской продовольственной комиссии по 1 января 1917 г.”.

* * *
З-за абвастрэння хваробы Максіма мінскія сябры, хоць знаёмства з імі і доўжылася ўсяго некалькі месяцаў, але якія вельмі цанілі яго як творцу і чалавека, хваляваліся за яго здароўе, сабралі сродкі для лячэння ў Крыме. У канцы лютага 1917 г. Максім Багдановіч пакінуў Мінск. Доўгая дарога да Ялты, пошукі і няўдалы для паспяховага лячэння выбар кватэры, адсутнасць блізкіх людзей яшчэ больш аслабілі Максіма. Намаганні па выпраўленні стану здароўя не дапамагалі, але нават у апошнія дні перад смерцю ён працягваў пісаць, дапрацоўваў вершы з “Вянка”, складаў “Беларускі лемантар”. Апошнія вершаваныя радкі Максіма Багдановіча, хоць і прасякнуты адчуваннем блізкага сканання, нібыта падводзячы вынік кароткага, але надзвычай плённага жыцця, сведчаць аб самым істотным у ім:

“Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты”.

25 мая 1917 г. у дваццаціпяцігадовым узросце Максім Багдановіч памёр у поўнай адзіноце. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.

У Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, хацеў выдаць шэраг новых паэтычных зборнікаў (нават прыдумаў для іх назвы – “Маладзік”, “Пярсцёнак”, “Шыпшына”, “Полынь-трава”). Але здзейсніць гэтыя намеры не змог.

* * *
Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё. Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў.

У гісторыі беларускай літаратуры Максіму Багдановічу належыць пачэснае месца. Імя яго стаіць побач з імёнамі такіх класікаўі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас.

Яго творчая спадчына – істотная частка духоўнай культуры беларускага народа. Творца найперш беларускі, ён пісаў і на рускай, украінскай мовах, друкаваўся ў рускіх і ўкраінскіх выданнях.

Літаратуразнавец, паэт А. Лойка сцвярджаў: “Максім Багдановіч як творца, мысліцель, гісторык… унікальная, фенаменальная з’ява, якая не ўкладваецца ні ў рамкі свайго часу, ні ў рамкі цэлых літаратурных эпох”.

З дзейнасцю Багдановіча звязана ідэйна-эстэтычнае і жанравае ўзбагачэнне нацыянальнай літаратуры. Максім Багдановіч не толькі распрацоўваў і творча выкарыстоўваў беларускія нацыянальныя фальклорныя і літаратурныя традыцыі, даказваў бясспрэчнасць эстэтычных магчымасцей роднай мовы, але імкнуўся максімальна ўзбагаціць іх здабыткамі іншых народаў. Адным з першых паэт ўзбагачаў нацыянальную літаратуру новымі для яе вершаванымі формамі і тэматычнымі накірункамі, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры.

Найбольш поўна ён праявіў сябе ў сферы паэзіі. “Багдановіч… адразу ж заявіў пра сябе як спелы – і што да зместу і што да мастацкай формы – паэт. Ён – бадай што ці не адзіны ў гісторыі нашай паэзіі, у каго – ад першых радкоў, напісаных у 17-гадовым узросце, і да апошняга перадсмяротнага чатырохрадкоўя – амаль усё ішло на хрэстаматычна-класічным узроўні”, – сцвярджае народны паэт Беларусі Н. Гілевіч.

Максім Багдановіч лічыцца пачынальнікам беларускай філасофскай і пейзажнай лірыкі, першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да ўрбаністычных матываў. Ён стварыў шмат цудоўных узораў грамадзянскай лірыкі, якая цесна звязана з нацыянальна-вызваленчымі ідэямі, прасякнута любоўю да працоўнага чалавека, у ёй гучыць пратэст супраць насілля і сацыяльнай несправядлівасці.

Асабліва яркія вобразы створаны Максімам Багдановічам у любоўнай лірыцы. Літаратуразнавец, народны пісьменнік Беларусі І. Навуменка нават меркаваў, што матывы кахання – дамінуючыя ў яго паэзіі: “Такой канцэнтрацыі пачуцця кахання, яго пераходаў, пераліваў да Багдановіча беларуская паэзія яшчэ не ведала”.

Зборнік “Вянок”, паводле сведчання А. Лойкі, стаў у гісторыі нацыянальнай паэзіі “адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрстава, універсітэтам класічнай паэтыкі”. “Кананічныя формы трыялета, санета, рандо, актавы, тэрцын; самыя разнастайныя спосабы рыфмоўкі ў самых розных па колькасці радкоў строфах; самая разнаякая метрыка – ад гекзаметра да народна-песеннага рытміка-інтанацыйнага складу; узоры тонкай гукавай інструментоўкі, – усё гэта ёсць у кнізе… У лепшых вершах “Вянка” знайшлі сваё арганічнае спалучэнне нацыянальнае і ўзятае з эстэтычнага вопыту іншых народаў. Нацыянальным момантам акрэсліваўся ў іх лад думак і перажыванняў… “Вянок” таму стаў класічным зборнікам, што ў ім на новую эстэтычную вышыню падняты былі элементы традыцыйна-народныя”.

Яшчэ ў самым пачатку 1920-х гг. украінскі пісьменнік А. Ярэмчанка, перакладчык твораў Багдановіча на ўкраінскую мову, назваў яго вялікім паэтычным талентам, вялікім майстрам слова, які валодаў таямніцай рытму і гармоніі.

Творчыя поспехі Максіма Багдановіча адметны не толькі ў паэзіі. Ён унёс значны ўклад і ў развіццё іншых жанраў беларускай літаратуры.

Апавяданні Максіма Багдановіча, як піша літаратуразнавец Т. Кароткая, “ляжаць ля вытокаў нацыянальнай прозы, а яго крытычныя даследаванні шмат у чым прадвызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі літаратуры”. Як літаратуразнавец ён быў першаадкрывальнікам у беларускай літаратуры, – так лічыць літаратуразнавец М. Мушынскі. Талент і майстэрства Багдановіча яскрава праявіліся і ў публіцыстыцы, адметныя рысы якой – сцісласць формы і паўната зместу і сёння з’яўляюцца ўзорнымі.

Максім Багдановіч стаіць у шэрагу тых піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі. Філосаф і літаратурны крытык У. Конан адзначае, што з гэтай тэматыкі пачыналась паэтычная творчасць Багдановіча, а пазней яна стала публіцыстычным пафасам яго праграмных твораў, якія канчаткова сцвердзілі ў грамадскай свядомасці беларускую паэтычную сімволіку адраджэнскага зместу. Вучоны таксама падкрэслівае веліч Максіма Багдановіча як нацыянальнага паэта-прарока, які поруч з Купалам, самабытна, але з роўнай мастацкай сілай выявіў гістарычны парыў беларускага народа да адраджэння.

Заслуга Багдановіча ў параўнанні з іншымі беларускімі пісьменнікамі таго часу заключаецца ў тым, што ён даследваў не толькі беларускае, але і агульнаславянскае адраджэнне. У гістарычнай перспектыве ён бачыў незалежнасць кожнага народа, іх творчы росквіт, супрацоўніцтва. Максім Багдановіч быў адным з нямногіх беларускіх пісьменнікаў, чые творы друкаваліся па-за межамі нацыянальнага рэгіёна і былі вядомы тагачаснаму агульнарасійскаму чытачу.

“Багдановіч-мысліцель і публіцыст, гісторык літаратуры і крытык быў роўны, ці, дакладней сказаць, роўнавялікі Багдановічу-паэту”, – мяркуе Н. Гілевіч. – “Яго разважанні і думкі па праблемах развіцця літаратуры і мастацтва, навукі і духоўнай культуры ў цэлым, яго панарамныя агляды гістарычнага шляху беларускай літаратуры, яго ацэнкі творчасці паэтаў і пісьменнікаў розных краін і народаў і сёння чытаюцца з неаслабнай цікавасцю і ўспрымаюцца вельмі актуальна… Яны ўражваюць глыбінёй пранікнення ў сутнасць праблемы, смеласцю і самастойнасцю мыслення, трапнасцю і дакладнасцю характарыстык”. Вяршыняй метадалагічных пошукаў беларускага крытыка, дзе яскрава выяўлена гарманічнасць яго поглядаў на мастацтва, літаратуру, глыбокае разуменне іх родавай сутнасці і грамадскага прызначэння назваў артыкул Максіма Багдановіча “Грицько Чупринка” літаратуразнавец М. Мушынскі.

Творчасць Багдановіча трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. І ў той жа час, як сцвярджае А. Лойка, усё яскравей бачыцца яго постаць у кантэксце сусветнай літаратуры. На думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову В. Рыч з Вялікабрытаніі, Максім Багдановіч “уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных”.

“…Роля Багдановіча з кожным новым дзесяцігоддзем, з новым вітком развіцця грамадства як бы ўзрастае. Бо ён востра адчуваў, пісаў пра вечныя пачуцці, якія не знікнуць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі”, – такую ацэнку класіку беларускай літаратуры даў І. Навуменка.

Гаворачы аб творчых дасягненнях Максіма Багдановіча, нельга не адзначыць, што яны безумоўна грунтуюцца на ўнікальных якасцях яго асобы.

На думку Адама Ягоравіча Багдановіча, у творчасці сына адлюстраваліся лепшыя праявы яго душы, “а, можа быць, і ўся яна цалкам. Яго лірыка ёсць гісторыя яго душэўных пакут, жывапісна расказаных ім самім, а яго іншыя пісанні сведчаць аб яго поглядах і перакананнях, аб яго грамадскіх інтарэсах”.

Уражвае бязмернае захапленне, можна сказаць, апантанасць Максіма Багдановіча Беларуссю. Жывучы з маленства, амаль усё жыццё, удалечыні ад Беларусі, не маючы побач аднадумцаў, людзей з такой жа глыбокай зацікаўленасцю ёю, тым не менш ён змог ужо ў юным узросце захапіцца беларускай мовай, культурай і гісторыяй, глыбока спасцігнуць і выразна асэнсаваць праблемы роднай Беларусі, блізка да сэрца ўспрыняць клопаты і спадзяванні беларускага народа. Гэтыя акалічнасці наводзяць на думку аб генетычнай спадчыннасці (і тут дарэчы выраз “увабраў з малаком маці”) і нават прадвызначанасці, наканаванасці лёсу.

Негледзячы на тое, што жыццёвыя абставіны, здавалася б, ніяк не спрыялі праяўленню і рэалізацыі яго таленту, Максім Багдановіч, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, змог дасягнуць істотных вышынь. “У працы быў настойлівы і ўпарты”, – успамінаў Адам Ягоравіч Багдановіч. – “Ставячы якую-небудзь мэту, ён цвёрда і неадступна імкнуўся да яе ажыццяўлення… З такою ж упартасцю ён ставіўся і да вывучэння беларускай мовы і да напісання вершаў на ёй. Калі прыняць пад увагу стан яго здароўя, патрэбу вучобы і ўсе абставіны яго жыцця, то нельга не прызнаць яго працы ў гэтай сферы велізарнай. І нельга не палічыць гэтага пачынання нават дзёрзкім”.

Не менш значнымі падаюцца энцыклапедычнасць ведаў Максіма Багдановіча ў галіне культуры, гісторыі і філалогіі, атрыманых у значнай ступені за кошт самаадукацыі, а таксама разнастайнасць накірункаў і форм яго творчасці, глыбіня дасведчанасці і навуковага пранікнення, наватарства і аб’ём зробленага ўсяго за дзясяцігоддзе. І ўсё гэта пры вельмі дрэнным, а ў апошні час крытычным стане здароўя.

Унікальнасць і веліч асобы і творчай постаці Максіма Багдановіча сцвярджаюць слушнасць званняў “гарачае сэрца”, верны рыцар бацькаўшчыны, пясняр Беларусі, якія надалі яму сучаснікі і нашчадкі.

Свой талент, а ў рэшце рэшт і жыццё, Максім Багдановіч перш за ўсё ахвяраваў роднай Беларусі.

* * *
Асоба і творчасць Максіма Багдановіча высока ацэнены нашчадкамі. Ушанаванне яго памяці грамадскасцю Беларусі пачалося ўжо з першай гадавіны яго смерці і доўжыцца да сённяшняга дня.

Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі – багдановічазнаўства.

Яго творы неаднаразова выпускаліся асобнымі выданнямі, друкаваліся ў сродках масавай інфармацыі. Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 г. Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. і ў 2001 г. У 1927 г. у Вільні з’явілася 2-е выданне зборніка “Вянок”, а ў 1981 і ў 1985 гг. у Мінску выпушчана факсімільнае выданне зборніка “Вянок”.

Яго паэзія, працы па гісторыі і тэорыі літаратуры вывучаюцца ў сярэдняй школе і на філалагічных факультэтах вышэйшых навучальных устаноў.

У 2000 г. у праекце “100 беларускіх кніг XX стагоддзя” зборнік паэтычных твораў Максіма Багдановіча “Вянок” стаў пераможцам з вялікім адрывам, а аўтар быў прызнаны лепшым паэтам.

У Мінску, у Траецкім прадмесці, знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, у Мінску захаваўся дом, у якім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе размешчаны філіял яго музея – “Беларуская хатка” (па назве аднайменнага нацыянальнага клуба, у рабоце якога ўдзельнічаў паэт). Другі філіял музея – “Фальварак Ракуцёўшчына”, дзе гасцяваў Багдановіч і напісаў два цыклы вершаў, знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. У “Фальварку Ракуцёўшчына” праводзяцца традыцыйныя рэспубліканскія святы паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Музеі класіка беларускай літаратуры таксама працуюць у Гродне і ў Яраслаўлі.

Помнікі Максіму Багдановічу ўсталяваны ў Мінску, Яраслаўлі, Місхоры і на магіле паэта ў Ялце. Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар ёсць у Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Вобраз Максіма і персанажы яго твораў ўвасоблены ў карцінах, скульптурах, графічных работах. Выпушчаны паштоўкі, значкі з яго выявай.

Максім Багдановіч і яго творчасць з’явіліся крыніцай натхнення пры стварэнні многіх музычных твораў. На вершы Максіма Багдановіча напісаны песні, якія ўспрымаюцца як народныя (“Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”). Яму прысвечаны опера Юрыя Семянякі “Зорка Венера” і поп-опера Ігара Паліводы “Максім”. Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль “Песняры” неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму “Вянок”, поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок. А песня “Вераніка” стала значнай з’явай музычнай культуры 70-х гг. мінулага стагоддзя як пранікнёны, светлы гімн каханню, які палюбіўся людзям у розных кутках свету.

Многія аўтары пісалі паэтычныя прысвячэнні ў гонар беларускага песняра.

Існуе багатая бібліяграфія даследаванняў жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Аб яго жыцццёвым шляху і творчасці зняты чатыры кінафільмы і адзін відэафільм.

Творчасць песняра Беларусі знайшла сусветнае прызнанне. Акрамя Расіі і Украіны, памяць аб Максіме Багдановічу існуе і ў многіх іншых краінах свету.

100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА “Гадавіны выдатных асоб і падзей” на 1991 г.

Творы беларускага песняра перакладзены на два дзясяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

У 2008 г. Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Францыі у рамках беларуска-французскіх культурных сувязей аб’явіла аб стварэнні праграмы “Максім Багдановіч” для садзейнічання публікацыям у Беларусі французскіх аўтараў. У 2011 г. у Мінску пад эгідай Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры”.

Тысячамі спасылак прадстаўлена інфармацыя пра Максіма Багдановіча ў сусветным сеціве Інтэрнэт.

У сувязі са 120-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2011 г. быў зацверджаны шэраг агульнанацыянальных і рэгіянальных мерапрыемстваў, прысвечаных памятнай даце. Сярод іх капітальны рамонт будынка, у якім размяшчаецца Літаратурны музей паэта, аднаўленне дома ў Траецкім прадмесці Мінска, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч, усталяванне помніка ў гонар паэта ў Гродне, правядзенне выставак ва ўстановах адукацыі, культуры і мастацтва, літаратурных вечароў, творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, прысвечаных жыццю і творчасці класіка, факсімільнае выданне зборніка вершаў “Вянок”. У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў 2011 г. выйшаў энцыклапедычны даведнік “Максім Багдановіч”.

Максім Багдановіч пражыў толькі 25 гадоў, але ўжо прайшло амаль стагоддзе, а яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы, як і раней, кранаюць людзей да глыбіні душы. Думаецца так будзе і надалей!..

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Багдановіч, М. Поўны збор твораў. Т. 1–3. Мінск, 2001.
  2. Бачыла, А. Дарогамі Максіма Багдановіча. Мінск, 1983.
  3. Белая, С.А. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. Мінск, 2006.
  4. Вабішчэвіч, Т. Антон Луцкевіч як рэцэнзент “Вянка” Максіма Багдановіча: змена ацэначных падыходаў // Роднае слова. 2010. № 11. С. 19–22.
  5. Ватацы, Н.Б. Максім Багдановіч. Мінск: Дзяржбібліятэка БССР, 1977.
  6. Ватацы, Н.Б. Шляхі: Гісторыка-культурныя артыкулы. Мінск, 1986.
  7. Гілевіч Н. “Маці родная, Маці-Краіна!..” // Багдановіч М. Шыпшына: вершы, апавяданні, нарысы, крытыка, публіцыстыка / Уклад. С. Панізнік. Мінск, 1991. С. 4–11.
  8. М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс // Замоцін І.І. Творы: Літ.-крытыч. арт. Мінск, 1991. С. 52-149.
  9. Зубараў, Л.І. Максім Багдановіч: [аб жыццёвым і творчым шляху]. Мінск, 1989.
  10. Кароткая, Т.М. Багдановіч Максім. Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1992. С. 157–159.
  11. Каханоўскі, Г.А. А сэрца ўсё імкнецца да бацькоўскага краю…: З біягр. М.Багдановіча / Мал. Ю.П.Герасіменкі-Жызнеўскага. Мінск, 1991.
  12. Кісялёў, Г. Ці было такое выданне? Даследчыцкі сюжэт з Багдановічам, Каліноўскім і бібліяграфічнымі рэбусамі // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мінск, 1994. С. 223–231.
  13. Козіч, В.І., Мазоўка, Н.К. Багдановіч Максім. Бібліяграфія. Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1992. С. 159–178.
  14. Конан, У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: лірыка Максіма Багдановіча. Мінск, 1991.
  15. Ластоўскі В. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу // На суд гісторыі. Мінск, 1994. С. 24–38.
  16. Лойка, А.А. Максім Багдановіч. Мінск, 1966.
  17. Максім Багдановіч – празаік, крытык, публіцыст / [укладальнікі В. Скалабан, К. Нарушэвіч]. Мінск, 2006.
  18. Марачкін, А. «Заміж персідскага ўзору, цвяток радзімы васілька»: Вобраз Максіма Багдановіча ў беларускім выяўленчым мастацтве // Роднае слова. 1988. № 6. С. 54–62.
  19. Мачульскі, В.Ф. Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матэрыялаў да яго біяграфіі. Мінск, б/в, 1929.
  20. Мікута, В. Яраслаўскае акружэнне Максіма Багдановіча // Шляхам гадоў. Мінск, 1990. С. 181–187.
  21. Мышкавец, І. “Больш за ўсё на свеце жадаю я…”: сямейная рэліквія Багдановічаў // Роднае слова. 2008. № 5. С. 102–103.
  22. Навуменка, І. “Ой, чаму я стаў паэтам у нашай беднай старане…”: Старонкі жыцця Максіма Багдановіча // Роднае слова. 1997. № 9. С. 5–18.
  23. Навуменка, І. Сведка часу, аддалены вякамі: Бацькаўшчына сноў, летуценняў, легендаў Максіма Багдановіча // Роднае слова. 1998. № 2. С. 36–53.
  24. Навуменка, І. Суладдзе са светам прыроды: Адухоўленасць прыроды ў паэзіі Максіма Багдановіча // Роднае слова. 1998. № 1. С. 26–39.
  25. Навуменка, І. “Толькі ў сэрцы трывожным пачую…”: Вершы Максіма Багдановіча “Страцім-лебедзь” і “Пагоня” // Роднае слова. 1998. № 4. С. 17–28.
  26. Навуменка, І. “Як зрабілася, што пакахаў цябе я…”: Жаночыя вобразы ў творчасці Максіма Багдановіча // Роднае слова. 1997. № 11. С. 30–43.
  27. Рагойша, Вячаслаў. Максім Багдановіч // Рагойша В.П. Вяршыні: з невядомага і забытага пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча. Мінск, 1991. С. 140-192, 197-198.
  28. Трус, М. Венскае выданне брашуры Максіма Багдановіча «Беларускае адраджэнне» (1916): вядомае і невядомае // Роднае слова. 2009. № 1. С. 28–31.
  29. Трус, М. Летапісец беларускай мінуўшчыны – Адам Багдановіч // Роднае слова. 2010. № 11. С. 15–18.
  30. Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. Мінск, 1975.
  31. Я хацеў бы спаткацца з Вамі…: літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра Максіма Багдановіча / [укладанне Т.Шэляговіч]. Мінск, 2009.
  32. Яцкевіч Д.Л. Радавод Максіма Багдановіча. Мінск, 1999.