Паэмы «Прапаў чалавек»

Анатацыя

У зборніку сабрана некалькі ранніх твораў Якуба Коласа: "Прапаў чалавек", "Паслушная жонка" і "Грушы-сапяжанкі". Фактычна гэта невялікія апавяданні вершам. Іх сюжэты адлюстроўваюць розныя праявы жыцця беларускіх сялян — як трагічныя, так і камічныя. "Паслушная жонка" (датуецца 1909 г.) мае падзагаловак "З народных гутарак". У творы выкарыстаны сюжэт народнай казкі пра тое, як наравістая жонка стала пакладзістай. У гумарыстычнай замалёўцы "Грушы-сапяжанкі" (датуецца 1910 г.) апісваецца, як хлапчукі, нарваўшы груш, змаглі ўцячы ад гаспадара сада. Трагічны выпадак у вёсцы стаў сюжэтам апавядання "Прапаў чалавек" (1911 г.)

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 2717)

Цытата

"Тут Даніла засмяяўся,
Ўперад выйшаў і сказаў:
— Я таго не спадзяваўся,
Каб верх жонцы муж аддаў.
Вось Тацяна — срэбра літа.
Хто тут з вашых ёй раўня?
І разумна, працавіта,
І пакорна, як ягня."

("Паслушная жонка". 1909 г.)

"Але й хлопцы розум маюць —
       Хітрыя, зладзюжкі!
Строяць планы, разважаюць,
      Як дайсці да грушкі.

І не так ужо баліць ім
       Гэтых груш натрэсці,
Як Пятруся абурыці
       Або ў злосць увесці."

(Грушы-сапяжанкі". 1910 г.)

"Як рой пчол, гулі мужчыны,
Гаманілі аб зямлі,
Разбіралі ўсе навіны,
Ўсе інтэрасы вялі.
Ды і то сказаць: ніколі
Дня спакою не было —
Ці то выпадак у полі
Калыхаў падчас сяло,
Ці то ў лесе з кім здарэнне
Наконт пашы або дроў, —
Ўсё будзіла разуменне
Бедакоў-гаспадароў.
Толькі ў гэты раз трывожна
Нейк шумела грамада.
Зразу сцяміць было можна,
Што тут вынікла бяда."

("Прапаў чалавек". 1911 г.)