Зборнік апавяданняў «Казкі жыцьця»

Анатацыя

У зборнік увайшлі 18 апавяданняў і вершаваная прадмова аўтара. Напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам алегарычныя апавяданні Коласа з’явіліся значным мастацкім адкрыццём у беларускай літаратуры. Казкі-алегорыі гэта фактычна невялікія эсэ. У іх ставяцца важныя пытанні жыцця грамадства, чалавечай і грамадскай маралі, закранаюцца агульнафіласофскія праблемы. Творы цыкла вызначаюцца надзвычайнай паэтычнасцю і вобразнасцю.

(Бібліятэка БДАМЛМ,  № 23848)

Цытата

"Не ў аднэй толькі нашай душы
        Зерне ёсць хараства —
Аб ім казку складае ў цішы
        Колас нівы, трава.
Не ў адным толькі сэрцы людзей
        Іскра праўды гарыць —
Аб ёй песню пяе салавей,
        Аб ёй рэчка журчыць.
У той песні, шырокай, як свет,
        Чутны ветры і гром.
Дык прымі ж ты прывет,
        Свет бязмежны, мой дом."

("Замест прадмовы". [1907-1921 гг.])

"Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасліва, і гэтым самым як бы пацвярджалі, што тут і сапраўды не кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — без гэтага не абходзіцца ў жыцці. І хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты."

("Камень". [1907-1921 гг.])