Архіўныя фонды пра Максіма Багдановіча

120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановічавіча

Гісторыя архіўнай спадчыны

Першым збіральнікам і захавальнікам дакументаў Максіма Багдановіча, што засталіся пасля яго смерці ў 1917 г., стаў бацька – Адам Ягоравіч Багдановіч. У яго доме ў Яраслаўлі былі сабраны разнастайныя матэрыялы: фотаздымкі, перапіска, аўтографы і адбіткі твораў Максіма Багдановіча, экзэмпляр зборніка яго вершаў “Вянок” з уласнаручнымі праўкамі, незавершаная праца над беларускай азбукай. Але ў 1918 г. падчас Грамадзянскай вайны частка дакументаў атрымала значныя пашкоджанні пры пажары.

Зборам матэрыялаў, звязаных з Максімам Багдановічам, займаліся і іншыя асобы. Сярод іх быў беларускі бібліёграф Рамуальд Зямкевіч, які набыў некалькі аўтографаў Максіма Багдановіча і частку з іх апублікаваў ў 1919 г. у часопісе “Беларускае жыццё” (Вільня).

У 1923 г. Адам Ягоравіч Багдановіч пасля атрымання звестак аб намеры Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт, пасля 1929 г. – Беларуская акадэмія навук, Акадэмія навук Беларускай ССР, Акадэмія навук Беларусі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі) ажыццявіць выданне твораў Максіма Багдановіча прывёз у Мінск з Яраслаўля архіў сына. Упершыню агляд гэтых матэрыялаў быў прадстаўлены ў 1923 г. у артыкулах беларускага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Наз. Бываеўскага (Язэпа Дылы), надрукаваных у газеце “Савецкая Беларусь”.

У 1927-1928 гг. у выніку апрацоўкі творчай спадчыны Максіма Багдановіча Літаратурнай камісіяй Інбелкульта выйшлі два тамы акадэмічнага збору твораў. Па сведчанні кіраўніка гэтай камісіі прафесара Івана Іванавіча Замоціна, у працэсе працы былі расчытаны і падрыхтаваны да друку ў акадэмічным выданні 156 вершаў, 6 апавяданняў, 16 артыкулаў, і ў выніку агульная колькасць вершаў дасягнула амаль 300. Не быў выдадзены трэці том, у які планавалася ўключыць перапіску Максіма Багдановіча і ўспаміны пра яго. У 1929 г. беларускі літаратуразнавец, сакратар Інбелкульта Васіль Фёдаравіч Мачульскі апублікаваў падрабязны “Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матэрыялаў да яго біяграфіі”.

У 1930-х гг. у Беларускі музей (Вільня, 1921-1944 гг.) з “Беларускай кнігарні” паступілі тры скрыні розных архіўных матэрыялаў. Гэта ў асноўным быў архіў кнігарні і рэдакцыі газеты “Наша ніва”, якія пэўны час месціліся ў адным будынку. У час разбору гэтых матэрыялаў было знойдзена 9 пісьмаў Максіма Багдановіча ў рэдакцыю “Нашай нівы”, 6 арыгіналаў яго вершаў (1913-1917 гг.), 9 перакладаў з Поля Верлена, а таксама “Postscriptum” – заканчэнне крытычнага артыкула па беларускай літаратуры “Глыбы і слаі” (1911 г.). У 1945 г. усе рукапісныя, кніжныя і іншыя зборы Беларускага музея ўвайшлі ў фонды Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР.

У пачатку 1940-х гг. беларускі паэт Рыгор Жалязняк, працуючы над дысертацыяй пра Максіма Багдановіча, здолеў расчытаць некаторыя з яго аўтографаў, аркушы якіх былі пашкоджаны агнём у час пажару ў Яраслаўлі.

У час нямецкай акупацыі архіў Максіма Багдановіча, што захоўваўся ў Акадэміі навук Беларускай ССР, быў страчаны. Пошук гэтых дакументаў пачаўся адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1949 г. сярод кніг, якія былі вывезены ў Германію, а пасля вайны вернуты ў Беларусь, знайшліся 2 аўтографы Максіма Багдановіча: пералік яго твораў, напісаных на рускай мове і надрукаваных у розных перыядычных выданнях 1912-1914 гг., і запіс розных афарызмаў. Гэтыя дакументы знаходзіліся ў Акадэміі навук Беларускай ССР.

У пачатку 1950-х гг. Язэп Дыла перадаў у Акадэмію навук Беларускай ССР аўтограф запісаў асабістага характару, якія Максім Багдановіч зрабіў у 1915 г. у Старым Крыме. Аўтограф паступіў у рукапісны фонд Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

У 1964 г. супрацоўніцай Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі Нінай Барысаўнай Ватацы быў знойдзены аўтограф рукапіснага зборніка Максіма Багдановіча “Зеленя”. Яго і невядомыя фота захоўвала пляменніца паэта Наталля Глебаўна Кунцэвіч.

У 1971 г. Мікалай Іванавіч Лілееў, сын сяброў Максіма Багдановіча Ганны Какуевай і Івана Лілеева, перадаў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР два аўтографы: на зборніку “Вянок” і на фотаздымку.

У 1973 г. у аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя Леніна ў Маскве кандыдат філалагічных навук Іван Уладзіміравіч Саламевіч выявіў пісьмо Максіма Багдановіча ад 22 красавіка 1913 г. да вучонага-філолага Фёдара Корша.

У канцы 1960-х — 1970-я гг. значная колькасць матэрыялаў, звязаных з Максімам Багдановічам і яго роднымі, паступіла ў тагачасны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Беларускай ССР (ЦДАЛМ БССР; цяпер Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва) з Яраслаўля.

На гэтай базе ў 1968 г. пачаў фарміравацца збор матэрыялаў сям’і Максіма Багдановіча. 27 снежня вядомы беларускі літаратар Алесь Бачыла ад імя Аўгусты Іванаўны Багдановіч (удавы зводнага брата Максіма Багдановіча Паўла Адамавіча) перадаў 90 унікальных дакументаў. Сярод іх у пакеце, на якім было пазначана “Дакументы Марылькі”, знаходзіліся асабістыя дакументы маці Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны. Акрамя таго, архіў атрымаў сямейны альбом Багдановічаў з 60 фотаздымкамі.

Летам 1969 г. Алесь Бачыла, зноў-жа па даручэнні Аўгусты Іванаўны Багдановіч, перадаў ў ЦДАЛМ БССР яшчэ 65 дакументаў з сямейнага архіва Багадановічаў.

20 верасня 1973 г. адбылося чарговае паступленне ў архіўны збор матэрыялаў Багдановічаў, на гэты раз ад Ніны Барысаўны Ватацы, якая перадала копіі здымкаў Максіма Багдановіча, яго маці і блізкай знаёмай Ганны Какуевай.

У 1977 г. з Яраслаўля ад Уладзіміра Мікалаевіча Кузняцова (прыёмнага сына Паўла Адамавіча Багдановіча) у фонды ЦДАЛМ БССР паступіла яшчэ адна частка ўнікальных дакументаў сям’і Багдановічаў (звыш 550): фотаздымкі, завяшчанне Адама Ягоравіча Багдановіча дзецям, лісты, дакументы да біяграфіі братоў Максіма Багдановіча Льва і Паўла, інш.

У тым жа годзе былі набыты ў Яраслаўлі і дастаўлены ў Мінск прадметы сямейнага побыту Багдановічаў і асабістыя рэчы некаторых членаў сям’і, усяго 38 адзінак.

У 1983 г. з рукапіснага фонду Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча былі перададзены яго запісы 1915 г., зробленыя ў Старым Крыме.

Фонды беларускіх архіваў

Асноўны аб’ём архіўнай інфармацыі, звязанай з Максімам Багдановічам, сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Дакументы і матэрыялы аб жыцці і дзейнасці беларускага паэта, празаіка, літаратуразнаўца, публіцыста і грамадскага дзеяча можна знайсці больш чым у 20 фондах і ў бібліятэцы архіва.

Найбольшая колькасць крыніц сканцэнтравана ў фондзе № 153 (Збор матэрыялаў сям’і Максіма Багдановіча). Фонд сфарміраваўся на падставе атрыманых дакументаў і напачатку ўключаў два вопісы. У першы ўвайшло 87 адзінак захоўвання за 1887-1965 гг. Яны сістэматызаваны па імянных раздзелах: матэрыялы Максіма Адамавіча Багдановіча, Марыі Апанасаўны Багдановіч (народжанай Мякота, маці), Адама Ягоравіча Багдановіча (бацькі), Вадзіма Адамавіча і Льва Адамавіча Багдановічаў (родных братоў), Аляксея Адамавіча і Аляксандра Адамавіча Багдановічаў (зводных братоў), Паўла Адамавіча Багдановіча (зводнага брата), а таксама здымкі родных Максіма Багдановіча па лініі маці і здымкі родных па лініі бацькі. Сярод дакументаў гэтага вопісу ёсць тры аўтографы Максіма Багдановіча: паштоўка, адрасаваная ў рэдакцыю газеты “Наша ніва” (1909 г.), ліст да брата Льва ад 20 сакавіка 1914 г., запіска, напісаная Зосьцы Верас падчас гульні моладзі на вечарынцы (1917 г.).

Другі вопіс складаецца з 98 адзінак захоўвання за 1883-1975 гг. У яго ўвайшлі дакументы Адама Ягоравіча Багдановіча (бацькі), Льва Адамавіча Багдановіча (роднага брата), Вячаслава Адамавіча (зводнага брата), Паўла Адамавіча (зводнага брата).

У 1990-х гг. на аснове дакументаў пра Максіма Багдановіча, сабраных у выніку дзейнасці архіва-музея, быў складзены трэці вопіс. У яго ўвайшло 27 спраў з 243 дакументамі за 1977-1993 гг. У асноўным гэта артыкулы пра Максіма Багдановіча да 90-, 95- і 100-годдзя з дня яго нараджэння.

У іншых фондах захоўваюцца дакументы, якія даюць уяўленне аб выкарыстанні творчай спадчыны Максіма Багдановіча (рукапісы музычных твораў і песень), ацэнку яго шматпланавай творчасці дзеячамі літаратуры і мастацтва, бібліёграфамі (артыкулы, нарысы, вершы, эсэ).

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі налічваецца 11 фондаў, у якіх выяўлены дакументы, звязаныя з радаводам Максіма Багдановіча, яго жыццём і дзейнасцю.

Комплекс дакументаў датычыць продкаў маці Максіма – старажытнага беларускага роду Мякотаў, яго шляхецкім паходжанні і прызнанні ў дваранстве (1799-1864 гг.).

Значная колькасць дакументаў тычыцца продкаў Максіма Багдановіча па бацьку – сялян вёскі Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (1811-1858 гг.), а таксама самога Адама Ягоравіча, яго навуковай і літаратурнай дзейнасці (1868-1887 гг.).

Асобную групу крыніц прадстаўляюць дакументы 1878-1910 гг., звязаныя з гісторыяй дома Карказевічаў па вуліцы Аляксандраўскай у Мінску, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч.

Некалькі архіўных крыніц за 1916-1917 гг. ілюструюць матэрыяльнае становішча, службовую і грамадскую дзейнасць Максіма Багдановіча. Гэта дакументы Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Мінскай губернскай харчовай камісі, сярод якіх 11 аўтографаў Максіма Багдановіча (тэксты афіцыйных дакументаў і ўласнаручныя подпісы).

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна захоўваецца 3 дакумента аб працоўнай, грамадскай і творчай дзейнасці Адама Багдановіча (1890-х гг.), а таксама першая публікацыя Максіма Багдановіча – апавяданне “Музыка” (газета “Наша ніва”. 1907. 6 ліпеня).

Дакументы і матэрыялы, якія звязаны з імем Максіма Багдановіча, можна знайсці ў 8 фондах і ў бібліятэцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

У архіве знаходзяцца ахоўная грамата Паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры ўрадзе РСФСР, накіраваная Адаму Ягоравічу Багдановічу для перавозу асабістага архіва Максіма Багдановіча з Яраслаўля ў Мінск (1923 г.), а таксама машынапісныя варыянты выступленняў беларускіх літаратараў Кандрата Крапівы і Васіля Барысенкі на савецкім радыё ў 1942 г., падрыхтаваныя ў адказ на шырокае асвятленне жыцця і творчасці Максіма Багдановіча акупацыйнымі ўладамі ў прапагандысцкіх мэтах.

Значная колькасць дакументаў архіва адлюстроўвае мерапрыемствы грамадскасці і афіцыйных органаў па ўшанаванні памяці Максіма Багдановіча, пачынаючы з 1918 г. і па 1989 г. (правядзенню вечарын памяці і святкаванню юбілеяў, прысваенню яго імя бібліятэкам і школам, устаноўцы помніка і заснаванню музея).

У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў захоўваецца значная колькасць дакументаў, якія датычаць сям’і і творчай спадчыны Максіма Багдановіча. Сярод іх да сарака фотаздымкаў Максіма і яго родных (галоўным чынам копій з фондаў БДАМЛМ). У 8 кінадакументах асвятляецца жыццё і творчасць, творчыя сувязі і ўшанаванне памяці Максіма Багдановіча. Больш за 30 фонадакументаў з’яўляюцца аўдыёзапісамі для радыёперадач дэкламацый вершаў беларускага песняра, а таксама музычных твораў на словы Максіма Багдановіча ў выкананні драматычных артыстаў, спевакоў і хору.

Фонды беларускіх музеяў, бібліятэк, навуковых устаноў

Адным з асноўных сховішчаў спадчыны Максіма Багдановіча з’яўляецца Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў г. Мінску і два яго філіялы – “Беларуская хатка” (у Мінску на вуіцы Рабкораўскай) і “Фальварак Ракуцёўшчына” (у Маладзечанскім раёне).

У фондах гэтых устаноў, акрамя шматлікіх музейных экспанатаў, сабраны разнастайныя дакументы і матэрыялы, якія датычаць Максіма Багдановіча (рукапісы, друкаваныя выданні, фотаздымкі, аўдыёзапісы, кінафільмы).

Сярод рукапіснай спадчыны 8 аўтографаў Максіма Багдановіча: рускамоўны зборнік вершаў “Зеленя”, вершы “Я вспоминаю дом старинный…” і “Я нядужны, бязскрыдлы паэт…”, запісы асабістага характару, якія ён зрабіў летам 1915 г., знаходзячыся ў Старым Крыме (некалькі старонак, так званы дзённік), а таксама чатыры прысвячэнні на кнігах і два – на фотаздымках. Акрамя таго, тут прадстаўлены ўспаміны пра Максіма бацькі Адама Ягоравіча Багдановіча і сяброў (Зоські Верас, Дзіядора Дзябольскага, інш.), рукапісныя матэрыялы родных і знаёмых, аўтографы беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

У музейных фондах таксама ёсць асабістыя матэрыялы сям’і Багдановічаў, іх сваякоў, дакументы грамадска-культурнага жыцця Беларусі, якія тычацца пытанняў ушанавання памяці Максіма Багдановіча.

Аўдыёвізуальны збор музея складае каля 4 тысяч фотаздымкаў і негатываў. Гэта ўсе вядомыя фатаграфічныя здымкі Максіма Багдановіча, яго родных, знаёмых і сяброў, звязаных з ім мясцін, а таксама даследчыкаў творчасці і мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці паэта. Акрамя таго, музей у сваім распараджэнні мае фона і кінадакументы: грампласцінкі, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы Максіма Багдановіча, магнітафонныя запісы ўспамінаў пра яго і прысвечаных яго памяці ўрачыстых мерапрыемстваў, а таксама 3 кінастужкі і відэафільм пра Максіма Багдановіча (у алічбаваным выглядзе, на СD-дысках).

Сярод прадстаўнічай кніжнай калекцыі музея – 6 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” з уласнымі аўтографамі паэта і кнігі кола яго чытання, а таксама выданні твораў беларускіх пісьменнікаў канца ХІХ – пачатку ХХ стст. і паслядоўнікаў творчай лініі паэта, пераклады, прысвячэнні, літаратура пра яго жыццё і творчасць.

У Гродзенскім музеі Максіма Багдановіча сабраны дакументы, якія датычаць родных братоў Максіма Багдановіча Льва і Вадзіма, а таксама яго сястры Ніны, што памерла ва ўзросце васьмі месяцаў. Сярод экспанатаў – сямейныя фотаздымкі і асабістыя рэчы Максіма Багдановіча, прыжыццёвы зборнік “Вянок” (1913 г.)

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца аўтограф-прысвячэнне Максіма Багдановіча, адрасаваны гімназічнаму сябру Мікалаю Какуеву, на зборніку вершаў “Вянок”, а таксама прыжыццёвыя выданні яго брашур “Братья-чехи”, “Белорусское возрождение”, інш.

У рукапісным фондзе Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знаходзяцца 3 аўтографы Максіма Багдановіча: уласнаручны спіс яго вершаў, апавяданняў і артыкулаў, апублікаваных у рускім друку 1912-1914 гг., яго запіс афарызмаў і асобных моўных выразаў, а таксама эпіграма “Николай Иваныч! Вы ли?..” (1916 г.).

Фонды замежных устаноў

У фондах Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва захоўваюцца аўтографы перакладу Максіма Багдановіча на рускую мову верша Янкі Купалы “Жніво” і перакладаў з украінскай мовы вершаў Агафангела Крымскага, а таксама паштоўка ад 26 красавіка 1912 г., адрасаваная Валерыю Брусаву, і дароўны надпіс 1913 г. Мікалаю Ашукіну на зборніку “Вянок ”.

У Мемарыяльным доме-музеі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі сабрана адна з найбольш поўных на тэрыторыі Расіі калекцыя публікацый Максіма Багдановіча і літаратуры аб ім.

Аддзел рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве мае ліст Максіма Багдановіча ад 22 красавіка 1913 г. да вучонага-філолага Фёдара Корша.

У рукапісным аддзеле Навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны знаходзіцца аўтограф артыкула Максіма.Багдановіча “Краса и сила. Опыт исследования стиха Т.Г. Шевченко”.

У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы захоўваецца большая частка вядомых аўтографаў Максіма Багдановіча, датуемых 1911-1917 гг.: 6 арыгіналаў яго вершаў (1913-1917 гг.), 9 перакладаў вершаў Поля Верлена, а таксама “Postscriptum” – заканчэнне крытычнага артыкула па беларускай літаратуры “Глыбы і слаі” (1911 г.) і 6 аўтографаў пісем у Вільню ў рэдакцыю газеты “Наша ніва”, два — у Пецярбург у рэдакцыю альманаха “Маладая Беларусь” і два лісты да Вацлава Ластоўскага.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 1. Мінск, 1996.
  2. Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 2. Мінск, 1997.
  3. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, фонд 153. Збор матэрыялаў сям’і Багдановічаў. Вопіс 1. Прадмова.
  4. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, фонд 153. Збор матэрыялаў сям’і Багдановічаў. Вопіс 2. Прадмова.
  5. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, фонд 153. Збор матэрыялаў сям’і Багдановічаў. Вопіс 3. Прадмова.
  6. Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч. Мінск, 1977.
  7. Гарэлік Н.У. Аўтографы Максіма Багдановіча // Роднае слова. 2011. № 12.
  8. Запартыка Г.В. Да гісторыі ўзнікнення архіўнага фонду сям’і М. Багдановіча ў Беларусі // І прад высокаю красою. Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мінск, 2001. С. 5-9.
  9. Мачульскі В.Ф. Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матэрыялаў да яго біяграфіі. Мінск, 1929.
  10. Мікута В., Качаткова П., Шубіна Т. Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Мінск, 1996.
  11. Скалабан В., Нарушэвіч К. Спадчына Максіма Багдановіча ў гады Вялікай Айчыннай вайны // Максім Багдановіч – празаік, крытык, публіцыст: матэр. Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 29 лістапада 2005 г.). Мінск, 2006. С. 103-106.
  12. Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. Мінск, 1975.
  13. Яцкевіч Зм. Радавод Максіма Багдановіча. Мінск, 1999.