Разделы
Органы архивного дела и делопроизводства и система государственных архивных учреждений
Дзяржаўны кантроль у галіне архіўнай справы і справаводства
Архивное дело
Нормативная база
Архивные справочники
Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь
Тематические разработки и базы данных
Генеалогия
Археография
Геральдика
Услуги
Административные процедуры
Образование
Журнал «Архивы и делопроизводство»
Каляндар знамянальных і памятных дат па гісторыі Беларусі
Юридические основы управления белорусскими землями в XIV–XVIII веках

Браніслаў Эпімах-Шыпіла: асоба і дзейнасць

Аглядная даведка

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла

Браніслаў Эпімах-Шыпіла - знакавая, унікальная асоба: беларускі асветнік - збіральнік і захавальнік нацыянальных рарытэтаў, выдавец, выхавацель моладзі, выдатны арганізатар, вялікі эрудыт - беларусазнавец, этнограф, фалькларыст, паліглот-мовазнавец, літаратуразнавец, бібліяфіл, высокамаральны, бескарыслівы чалавек, патрыёт, жыццё і дзейнасць якога былі цалкам аддадзены нацыянальнаму адраджэнню Беларусі.

Нарадзіўся 16 верасня 1859 г. (па новым стылі) у фальварку Судзіловічы Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) у сям'і дробнага шляхціца, род якога згадваецца з XV ст., дваранскае паходжанне пацверджана ў XIX ст. указам Сената Расійскай імперыі. Ахрышчаны ў Палюдавіцкім касцёле. Бацькі - Ігнат Вікенцьевіч і Ганна Аляксандраўна (з роду Алецкіх). У Браніслава былі два малодшыя браты - Баляслаў і Уладзіслаў Юліян, а таксама сястра Валерыя.

Неўзабаве пасля нараджэння Браніслава сям'я пераехала ў фальварак Залессе (цяпер у Полацкім раёне), дзе мела на той час 25 дзесяцін ворнай зямлі і 9 дзесяцін лесу. Крыху падросшы, старэйшы сын дапамагаў па гаспадарцы - "...пасвіў гусей, а потым дробную жывёлу", непасрэдна знаходзячыся ў сялянскім асяроддзі, пазнаёміўся з ладам жыцця, традыцыямі беларускага народа. Калі яму было 9 гадоў, памёр бацька. Становішча сям'і стала вельмі складаным.

У 1871 г. дзядзька Фадзей Вікенцьевіч, які працаваў інжынерам, забраў Браніслава да сябе ў Рыгу. Тут ён паступіў у Аляксандраўскую польскую гімназію, за выдатную паспяховасць быў вызвалены ад аплаты за навучанне. Ужо ў гэтыя гады, будучы падлеткам, пачаў займацца рэпетытарствам.

У 1880 г. Браніслаў закончыў гімназію з залатым медалём і паступіў на аддзяленне класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Недахоп фінансавых сродкаў вымушаў пастаянна звяртацца з прашэннем аб вызваленні ад платы за слуханне лекцый. У студэнцкія гады даваў прыватныя ўрокі, і такім чынам з’яўлялася магчымасць аказваць матэрыяльную дапамагу маці.

Б. Эпімах-Шыпіла вылучаўся вялікімі лінгвістычнымі здольнасцямі, авалодаў больш чым дваццаццю мовамі, як новымі, так і старажытнымі, свабодна размаўляў на латыні, цікавіўся ўсходнімі культурамі. Паводле яго ўласных слоў, мог "чытаць і пісаць некаторыя ўсходнія шрыфты, як санскрыцкі, яўрэйскі і часткова арабскі".

У 1886 г. Б. Эпімах-Шыпіла паспяхова закончыў універсітэт, а ў 1887 г. атрымаў ступень кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Але некалькі гадоў ён не меў пастаяннага месца працы, гэтаму замінала яго невелікарускае паходжанне і каталіцкае веравызнанне (у царскай Расіі да гэтага ставіліся з насцярожанасцю). Зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі, выконваў абавязкі памочніка рэдактара "Журнала Министерства путей сообщения", потым быў хатнім настаўнікам у князёў Куракіных у Яраслаўскай губерні і ў камергера Грэйга ў Пецярбургу.

У 1891 г. Б. Эпімах-Шыпіла змог уладкавацца на працу ў бібліятэку Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Ён заняў пасаду памочніка бібліятэкара (паводле сучаснага азначэння - намесніка дырэктара). У Біяграфічным слоўніку прафесараў і выкладчыкаў Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта 1896 г. ёсць артыкул пра Б. Эпімах-Шыпілу. Службовая кар'ера Б. Эпімах-Шыпілы была паспяховай. Паводле архіўных дадзеных, у 40 гадоў ён атрымаў грамату на ордэн Святой Ганны 3-й ступені.

Гэты перыяд для Б. Эпімах-Шыпілы адзначаны грунтоўнай працай у галіне бібліяграфіі. Ім быў складзены спіс літаратуры пра князя Адама-Юрыя Чартарыйскага, які ўключаў 74 найменні выданняў на пяці мовах амаль за сто гадоў.

Не жывучы ў Беларусі яшчэ з гімназічных гадоў і нягледзячы на значны ўплыў польскай культуры, а таксама рускага інтэлектуальнага асяроддзя, Б. Эпімах-Шыпіла тым не менш вельмі цаніў нацыянальную культурную спадчыну беларусаў, праяўляў вялікую зацікаўленасць беларускай гісторыяй, этнаграфіяй, фальклорам і літаратурай, выдатна валодаў роднай мовай. У аснове такога светапогляду, несумненна, ляжаць жыццёвыя каштоўнасці сям'і Эпімах-Шыпілаў, сярод якіх, відавочна, прысутнічалі патрыятызм, павага да здабыткаў свайго народа. На беларускі выбар Б. Эпімах-Шыпілы, безумоўна, паўплываў і паэт Францішак Багушэвіч, які па сутнасці першы сфармуляваў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Ёсць інфармацыя, што яны былі добра знаёмы. У архіве Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Ф. Багушэвіча "Скрыпачка". Можна ўзгадаць і кантакты з каталіцкім святаром і паліглотам Рафалам Каліноўскім, які быў блізкім паплечнікам Кастуся Каліноўскага па нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 г. Акрамя таго, Б. Эпімах-Шыпіла падтрымліваў актыўныя творчыя сувязі з беларускімі гісторыкамі, этнографамі і краязнаўцамі Аляксеем Сапуновым, Еўдакімам Раманавым, Аляксандрам Ельскім.

Захопленасць маладога Эпімах-Шыпілы беларускай літаратурнай творчасцю, паводле існуючых звестак, упершыню засведчана запісам беларускай народнай песні, які ён зрабіў у васемнаццацігадовым узросце. А ў 1889 г. , знаходзячыся ў Беларусі, у маёнтку аматара беларускага мастацкага слова, калекцыянера Вінцэнта Мяніцкага, Б. Эпімах-Шыпіла пачаў запісваць творы беларускіх аўтараў, у тым ліку і зусім невядомых. Гэты збор, аформлены ў асобным вялікім сшытку, ён назваў "Беларускай хрэстаматыяй". Пачатак "Хрэстаматыі" паклалі стары беларускі уніяцкі гімн "О, мой Божа! Веру Табе...", ананімная вершаваная "Гутарка старога дзеда", верш Уладзіслава Сыракомлі "Добрыя весці". Далей у сшытак былі занатаваны паэма "Тарас" ("Тарас на Парнасе"), творы Янкі Лучыны, І. Тамашэвіча, пераклад на беларускую мову польскамоўнага верша Уладзіслава Сыракомлі "Ямшчык", інш. Найбольш значна ў зборніку прадстаўлены творы паэта-дэмакрата Фелікса Тапчэўскага, прычым толькі дзякуючы гэтым запісам яны дайшлі да нашага часу. Асноўная частка запісаў, унесеных у "Хрэстаматыю", адносіцца да 1889-1890 гг., выканана на беларускай мове лацінскім шрыфтам, тэматыка твораў звязана з выпадкамі з жыцця беларускіх сялян, з іх клопатамі і надзеямі.

Акрамя гэтага, у 1893 г. Б. Эпімах-Шыпілам уласнаручна былі зроблены копіі сатырычнай камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Залёты" і яго перакладу з польскай на беларускую мову некалькіх раздзелаў паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", забароненай царскай цэнзурай. Ужо ў той час аўтарытэт Б. Эпімах-Шыпілы быў настолькі вялікі, што яго просьбы аказалася дастаткова, каб унікальны экзэмпляр перакладу быў дасланы яму з Кракава спецыяльна для зняцця копіі.

Творы тагачаснай беларускай літаратуры Б. Эпімах-Шыпіла збіраў па крупінках з розных крыніц: з газет, ад калекцыянераў і г.д. Будучы грунтоўным даследчыкам, ён разумеў важнасць па-навуковаму дакладнага занатоўвання матэрыялу. Запісы рабіліся вельмі прыгожым каліграфічным почыркам, што таксама можа ўяўляць мастацкую вартасць.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі панаваў жорсткі нацыянальны прыгнёт, культура знаходзілася ў надзвычай неспрыяльных умовах, пад забаронай былі не толькі публікацыя беларускіх твораў, але нават выкарыстанне роднай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця. Праца ж Б. Эпімах-Шыпілы па збіранні і захоўванні ўзораў беларускага мастацкага слова была яскравым пацвярджэннем існавання нацыянальнай літаратуры (прычым даволі разнастайнай і ў значным маштабе) і больш за тое - яе развіцця. Запісы, зробленыя Б. Эпімах-Шыпілам, дапамаглі захаваць тэксты многіх помнікаў беларускага пісьменства.

Асаблівы інтарэс пры вывучэнні гісторыі і культурных здабыткаў беларускага народа Б. Эпімах-Шыпіла праяўляў да мінулага роднай Віцебшчыны. У прыватнасці, падрыхтаваў да друку рукапіс так званай Полацкай рэвізіі - дакументальнай крыніцы XVI ст. Быў абраны ганаровым членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ад імя якой ён удзельнічаў у археалагічным з'ездзе ў Рызе.

* * *

З пачатку ХХ ст. Расійская імперыя ператварылася ў арэну рэвалюцыйных падзей. А ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі пасля перыяду стагнацыі, які наступіў пасля разгрому нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г., стаў зараджацца і пашырацца беларускі культурна-адраджэнцкі, а за ім і палітычны рух. Кансалідавалася нацыянальная творчая эліта, якая ўзначаліла гэты працэс. Галоўнымі накірункамі яе дзейнасці ў той перыяд была асветніцкая праца дзеля нацыянальнага адраджэння Беларусі, пазбаўлення свайго народа ад прыгнёту.

Для Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы гэты перыяд быў адзначаны плённай службовай працай і, паводле існуючых дадзеных, новым этапам яго дзейнасці на карысць Беларусі.

У 1900-1910-х гг. Б. Эпімах-Шыпіла па-ранейшаму працаваў ва універсітэцкай бібліятэцы. У складзе расійскай дэлегацыі ўдзельнічаў у 1-м міжнародным з'ездзе бібліятэчных работнікаў у Бруселі. Як супрацоўнік універсітэцкай бібліятэкі з навуковымі мэтамі пабываў у Аўстрыі. Па службе ён меў чын калежскага саветніка (VI клас паводле "Табелі аб рангах"), "за старанную службу і асаблівую працу" "найвышэйшым загадам" быў узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны 2-й ступені (1910 г.) і Святога Уладзіміра 4-й ступені (1917 г.).

Адначасова з працай ва універсітэце Б. Эпімах-Шыпіла выкладаў у шэрагу навучальных устаноў Пецярбурга: быў прафесарам кафедры старадаўніх моў Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў на латыні старажытнагрэчаскую мову і літаратуру, на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева і ў жаночай гімназіі працаваў выкладчыкам лацінскай мовы, а ў мужчынскай гімназіі - лацінскай і старажытнагрэчаскай моў.

Відавочна, што ў існуючых абствінах Б. Эпімах-Шыпіла не мог не цікавіцца і актуальнымі грамадскімі пытаннямі, хоць публічна ў палітычным жыцці не ўдзельнічаў. У яго асабістым архіве захоўваўся рукапісны першапачатковы варыянт праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады - нацыянальнай партыі леванародніцкага кірунку, ён кантактаваў з удзельнікамі стварэння партыі. У 1905 г. у "Беларускай хрэстаматыі" з'яўляюцца творы рэвалюцыйнага зместу - вершы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) "Мора (Рэвалюцыя народна)" і "Хрэст на свабоду".

У гэты перыяд у дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы, якая мела дачыненне да Беларусі, з’явіліся і іншыя напрамкі. Дакументальныя крыніцы сведчаць, што асноўныя намаганні былі накіраваны на арганізатарскую працу па абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў. Гаворка ідзе аб выкарыстанні друкаванага слова, пашырэнні кола асоб, якія займаюцца асветніцтвам, і актывізацыі іх супрацоўніцтва. Асобае месца было адведзена моладзі.

Б. Эпімах-Шыпіла стаў адным з заснавальнікаў культурна-асветнага "Круга беларускай народнай прасветы і культуры" (1902-1904 гг.). Члены гэтай арганізацыі, пераважна студэнты, займаліся друкаваннем і распаўсюджваннем беларускіх твораў, дзейнічалі паўлегальна. Былі выдадзены ў прыватнасці паэтычны зборнік Янкі Лучыны "Вязанка", зборнікі "Калядная пісанка на 1904 год" і "Велікодная пісанка". Б. Эпімах-Шыпіла не мог адкрыта займацца гэтай справай, але аказваў значную фінансавую падтрымку арганізацыі.

Калі расійскі ўрад, напалоханы падзеямі рэвалюцыі 1905-1907 гг., быў вымушаны зняць забарону з ужывання беларускай мовы, Б. Эпімах-Шыпіла стаў адным з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў першай і найбуйнейшай за апошнія некалькі стагоддзяў беларускай выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца" (1906-1914 гг.). Акрамя заснавальнікаў, актыўнымі членамі таварыства былі студэнты-беларусы, якія выконвалі разнастайную асветніцкую працу пад кіраўніцтвам Браніслава Ігнатавіча. Апрача таго, ён выдаткоўваў уласныя фінансавыя сродкі на забеспячэнне функцыянавання выдавецтва, якое размяшчалася на яго кватэры (Васільеўскі востраў, 4-я лінія, 45, кв. 16).

Дзейнасць выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца" - адзін з важных этапаў у беларускім нацыянальным адраджэнні. Упершыню ў новай гісторыі быў наладжаны шырокі выпуск беларускіх выданняў. Першым стаў "Беларускі лемантар" для навучання грамаце беларускіх дзяцей на роднай мове. Выдавецтва мела контрагенцтвы ў буйных гарадах Беларусі, адкуль ішло актыўнае распаўсюджванне выдадзенай літаратуры. Кнігі друкаваліся як кірылічным, так і лацінскім алфавітамі, бо выдаўцы імкнуліся вырашыць задачу выпуску літаратуры як для праваслаўных беларусаў, так і для католікаў і гэтым спрыяць аб'яднанню і кансалідацыі нацыі. Упершыню было наладжана сістэматычнае выданне п'ес на беларускай мове, што мела важнае значэнне ў станаўленні беларускага тэатра. Пры актыўным удзеле Б. Эпімах-Шыпілы ажыццяўлялася перавыданне твораў беларускіх класікаў, выданне першага беларускага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага альманаха "Маладая Беларусь" (1912-1913 гг.). Разавы тыраж асобных выданняў перавышаў 4 000 экзэмпляраў. Усяго ж за гады існавання выдавецтва выпусціла каля 40 назваў кніг літаратурнага, грамадска-палітычнага, а таксама навукова-папулярнага накірункаў, надрукаваных тыражом каля 100 000 экзэмпляраў, Не ўсе з іх прыйшліся даспадобы царскім уладам. Неаднаразова ў час арганізаваных імі судовых працэсаў супраць выдавецтва (напрыклад, з нагоды выдання "Жалейкі" Янкі Купалы ці кніг Францішка Багушэвіча) пры адстойванні інтарэсаў суполкі дапамагалі дасведчанасць, сувязі і аўтарытэт Б. Эпімах-Шыпілы.

У гэтыя гады Б. Эпімах-Шыпіла вельмі шмат часу прысвячаў моладзі, з якой кантактаваў у сувязі з працай у розных навучальных установах. Ён разумеў неабходнасць выхавання ў маладых адукаваных беларусаў пачуцця нацыянальнай свядомасці і іх ролю ў асветніцтве шырокіх народных мас. Заахвочваў цікавасць маладых людзей да вывучэння гісторыі свайго краю, мовы народа, этнаграфіі Беларусі.

У такім накірунку Б. Эпімах-Шыпіла дзейнічаў яшчэ з часоў "Круга беларускай народнай прасветы і культуры". Акрамя таго, беларуская моладзь, галоўным чынам студэнты універсітэта, кожную суботу збіралася на кватэры Браніслава Iгнатавіча. Госці мелі ад гаспадара не толькі духоўную падтрымку, але маглі і павячэраць і нават паслухаць грамафон, да якога мелася пласцінка з беларускай песняй "Чаму ж мне ня пець". Тут бывалі многія з тых людзей, якіх сёння можна назваць вядомымі дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння, навукі і культуры - Язэп Драздовіч, Антон Грыневіч, Тамаш Грыб, Браніслаў Тарашкевіч, Змітрок Бядуля, Язэп Варонка, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, Язэп Дыла, Міхась Мялешка і яшчэ шмат хто з беларусаў, якія ў той час вучыўліся і працавалі ў Пецярбургу. На кватэры прафесара, як звычайна называлі Б. Эпімах-Шыпілу, ладзіліся тэатральна-канцэртныя вечарынкі, конкурсы сцэнічных твораў, навуковыя дыскусіі. Адзін з удзельнікаў сходаў, будучы грамадскі дзеяч, пісьменнік Цішка Гартны лічыў гэтую кватэру "беларускім штабам". "Сэрцам Беларусі" называлі гасціннага гаспадара землякі-студэнты за дабрыню, заўсёднае жаданне дапамагчы, рыцарскае служэнне роднай культуры.

Б. Эпімах-Шыпіла з’яўляўся натхняльнікам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Яшчэ ў 1906 г. студэнты-беларусы звярнуліся ў рэктарат з просьбай зацвердзіць статут арганізацыі, мэтай якой было заяўлена навуковае азнаямленне з духоўным (мова, літаратура, народная славеснасць) і грамадскім (этнаграфія, статыстыка, народная гаспадарка) жыццём беларускага народа. Аднак паколькі універсітэцкае начальства не спяшалася са станоўчым адказам, студэнты па ўласнай ініцыятыве рыхтавалі навуковыя працы па шырокім коле пытанняў беларусазнаўчай тэматыкі і абмяркоўвалі іх на суботніх вечарынах на кватэры Б. Эпімах-Шыпілы. Браніслаў Ігнатавіч як чалавек, дасведчаны ў пытаннях беларускай мовы і літаратуры, аказваў студэнтам вялікую дапамогу, прадастаўляў у іх распараджэнне вялікую ўласную бібліятэку.

У канцы 1912 г. пасля афіцыйнай рэгістрацыі гэтай студэнцкай арганізацыі ўдзельнікі гуртка атрымалі магчымасць збірацца ва універсітэцкіх аўдыторыях, праца набыла сістэматычны, арганізаваны характар. Б. Эпімах-Шыпіла, маючы вялікія сувязі ў вучоным свеце Пецярбурга, зацікавіў работай гуртка многіх выдатных расійскіх вучоных, якія не толькі давалі гурткоўцам практычныя парады, але нават распрацоўвалі для іх спецыяльныя лекцыі. Рабоце гуртка спрыялі акадэмік Аляксандр Шахматаў, члены-карэспандэнты Пецярбургскай Акадэміі навук Яўхім Карскі, Іван Бадуэн дэ Куртэнэ, прафесары Аляксандр Пагодзін, Сямён Венгераў і іншыя. На пасяджэннях выступалі з разнастайнымі грунтоўнымі дакладамі па беларускай тэматыцы будучыя выдатныя дзеячы навукі і культуры Браніслаў Тарашкевіч (стараста гуртка), Рамуальд Зямкевіч, Антон Грыневіч, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Аркадь Смоліч, Яўген Хлябцэвіч і іншыя. Колькасць гурткоўцаў была даволі вялікай, толькі арганізацыйная група складала 16 чалавек. На сходы членаў гуртка прыходзілі і студэнты іншых навучальных устаноў, працоўная моладзь, бываў на іх, напрыклад, Янка Купала, які прысвяціў гурткоўцам свой верш "Прарок".

Будучы глыбока веруючым чалавекам і разумеючы вялікае ўздзеянне рэлігійнага слова, Б. Эпімах-Шыпіла адным з першых стаў прыкладаць намаганні, каб абудзіць нацыянальную свядомасць у беларускага духавенства, яго маладых прадстаўнікоў. У 1913 г. па тыпу універсітэцкага навукова-літаратурнага гуртка ў Санкт-Пецрбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі быў створаны беларускі гурток, дзе Б. Эпімах-Шыпіла выступаў у якасці яго навуковага кіраўніка. Многія з будучых святароў-беларусаў дзякуючы яму прыйшлі як да нацыянальнага самаўсведамлення, так і да асэнсавання неабходнасці весці богаслужэнне на роднай мове свайго народа. Сярод іх былі будучыя вядомыя беларускія літаратары, грамадскія і рэлігійныя дзеячы Адам Станкевіч, Янка Семашкевіч (Янка Быліна), Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), Віктар Шутовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота і іншыя.

Жывучы ў Санкт-Пецярбургу, Браніслаў Ігнатавіч не губляў сувязі з Беларуссю і ў літаральным сэнсе. Як і раней, ён кожнае лета выязджаў на радзіму. Гасцяваў у сястры - Валерыі Гагалінскай, а некаторыя яго пляменнікі жылі ў кватэры Браніслава Ігнатавіча ў Пецярбургу. Б. Эпімах-Шыпіла з'яўляўся ўладальнікам фальварка Залессе памерам 40 дзесяцін у Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Тут ён пабудаваў драўляны двухпавярховы дом, дзе захоўваў кнігі і шматлікія экспанаты па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Беларусі для будучага беларускага музея, які марыў стварыць.

Неаднаразова Б. Эпімах-Шыпіла бываў у Вільні, дзе шмат працаваў у бібліятэках і архівах, шукаючы разнастайныя звесткі пра Беларусь. Менавіта ў адзін са сваіх прыездаў ён пазнаёміўся з маладым паэтам Максімам Багдановічам, з якім потым вёў перапіску.

У 1908 г. , працуючы ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца", Б. Эпімах-Шыпіла адабраў для публікацыі вершы Янука Купалы. Гэтыя творы былі адрэдагаваны самім выдаўцом і склалі першы зборнік маладога літаратара "Жалейка". Прычым з гэтага часу з "лёгкай рукі" Браніслава Ігнатавіча, які зрабіў памылку ў імені, псеўданім паэта загучаў больш выразна - Янка Купала. Ёсць падставы лічыць, што Эпімах-Шыпіла меў дачыненне і да іншых выдатных твораў паэта, асабіста ці праз знаёмых ён садзейнічаў іх выданню (вершаў у зборніках"Гусляр", "Шляхам жыцця", паэм "Адвечная песня", "Курган", "Сон на кургане", п’есы"Паўлінка"). Па ўсім, і напісанне верша па матывах легенды з індыйскай кнігі "Магабгарата" звязана з Б. Эпімах-Шыпілам, які, відаць, зрабіў пераклад гэтага старажытнага эпасу. У паэзіі Янкі Купалы найшлі адлюстраванне і іншыя намаганні Браніслава Ігнатавіча па пашырэнні кругагляду маладога творцы за рамкі беларускай тэматыкі. Апрача таго, Браніслаў Ігнатавіч захаваў у сваім архіве многія творы Янкі Купалы, склаў два машынапісныя сшыткі яго ненадрукаваных вершаў пецярбургскага перыяду. Публіцыст і філосаф Уладзімір Самойла, блізка знаёмы з абодвума, яшчэ на пачатку адносін Купалы і Эпімах-Шыпілы назваў апошняга хрышчоным бацькам твораў паэта.

Б. Эпімах-Шыпіла стаў для Янкі Купалы не толькі літаратурным, але і асабістым апекуном. Дзякуючы матэрыяльнай і інтэлектуальнай падтрымцы Эпімах-Шыпілы Купала закончыў вячэрнія агульнаадукацыйныя курсы Чарняева (1909-1913 гг.). Заняткі на іх былі набліжаны да універсітэцкіх, да іх правядзення прыцягваліся прафесары пецярбургскіх вышэйшых навучальных устаноў. Слухач курсаў, у далейшым - сацыёлаг з сусветным імем, Піцірым Сарокін, высока ацэньваў узровень чарняеўскіх курсаў. Па словах Янкі Купалы, гэтая вучоба сістэматызавала яго хаатычныя веды. Чатыры гады малады паэт пражыў у кватэры Б. Эпімах-Шыпілы практычна як член сям’і. Паводле ўспамінаў сучасніка, Браніслаў Ігнатавіч аддаў у распараджэнне Купалы пакой, забяспечыў поўным харчаваннем, уносіў плату за навучанне на курсах і нават ахвяраваў грошы на кішэнныя выдаткі: кіно, тэатр, конку, параходы.

Жывучы ў Эпімах-Шыпілы, малады Купала знаходзіўся ў асяроддзі вельмі добразычлівых, адукаваных і патрыятычна настроеных людзей, меў магчымасць карыстацца вялікай бібліятэкай, што ў значнай ступені паўплывала на фарміраванне яго грамадскай пазіцыі і жыццёвых прынцыпаў, на якасць творчасці і нават на службовую дзейнасць (пасля ад’езду з Пецярбурга стаў працаваць рэдактарам у "Нашай ніве").

Янка Купала адчуваў вялікую ўдзячнасць да Браніслава Ігнатавіча і неаднаразова аб гэтым выказваўся. Малады паэт прысвяціў яму свой верш "Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам". Летам 1910 г. згарэў дом у Залессі. Загінула калекцыя вучонага. Гэта так засмуціла Браніслава Ігнатавіча і прывяло ў роспач, што ён не мог ні есці, ні спаць і ледзь не захварэў. Янка Купала ў гэтай сітуацыі выказаў сваю маральную падтрымку ў вершы "Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу", які мае падзагаловак "З прычыны пажару ў яго маёнтку". Паводле слоў самога Б. Эпімах-Шыпілы, сваім вершам Янка Купала дасягнуў таго, што прафесар "супакоіўся і прыйшоў да сябе". Паэт прысвяціў Б. Эпімах-Шыпілу свой верш "Паляўнічы і пара галубкоў". У 1914 г., калі памёр малодшы брат Браніслава Ігнатавіча Уладзіслаў (таксама актыўны ўдзельнік культурна-асветніцкага руху беларусаў у Пецярбургу, арганізатар беларускіх тэатральных пастановак, выканаўца роляў у іх), Янка Купала прачытаў на пахаванні свой верш "Светлай памяці Уладзіслава Эпімах-Шыпілы".

У Б. Эпімах-Шыпілы было вялікае кола кантактаў. Апрача згаданых асоб, на гэты перыяд яго дзейнасці прыпадаюць доўгатэрміновыя навуковыя, творчыя і асабістыя сувязі з вучонымі Яўхімам Карскім, Іларыёнам Свянціцкім, Вацлавам Ластоўскім, Усеваладам Ігнатоўскім; а таксама перапіска з філосафам і публіцыстам Уладзімірам Самойлам, літаратарамі Якубам Коласам, Альбертам Паўловічам, Канстанцыяй Буйло, мастаком Баляславам Русецкім і многімі іншымі. Рэгулярна супрацоўнічаў Б. Эпімах-Шыпіла і з рэдакцыяй газеты "Наша ніва": клапаціўся пра тое, каб мець поўны камплект нумароў газеты, часта змяшчаў у ёй аб'явы аб новых кнігах, выдадзеных суполкай "Загляне сонца і ў наша аконца". Па роду службы ва універсітэцкай бібліятэцы Эпімах-Шыпіла вёў сур’ёзную навукова-бібліяграфічную працу. Як спецыяліст па класічных мовах ён супрацоўнічаў з лацінскім часопісам "Vox Urbis", які выходзіў у Рыме. З 1913 г. друкаваўся ў беларускіх выданнях (публіцыстычная нататка "Дзесяць боскіх прыказанняў" у віленскай газеце "Беларус").

Першая сусветная вайна ўнесла свае карэктывы ў дзейнасць Б. Эпімах-Шыпілы і яго паплечнікаў. У Беларусі склалася вельмі цяжкае становішча, яна стала арэнай жорсткіх баёў, частка яе тэрыторыі была акупіравана немцамі. У сувязі з гэтым у Петраградзе было створана дабрачыннае Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916-1918 гг.). Б. Эпімах-Шыпіла стаў адным з яго арганізатараў. На пасяджэннях таварыства разглядаліся пытанні матэрыяльнай падтрымкі бежанцаў-беларусаў. Намаганнямі арганізацыі былі адкрыты інтэрнаты для беларускіх студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак. Адмова царскіх улад у дапамозе бежанцам з Беларусі з’явілася штуршком да ўдзелу ў III еўрапейскай канферэнцыі народаў (праходзіла у 1916 г. у швейцарскім горадзе Лазана). Выступленне прадстаўнікоў Беларусі на гэтым форуме атрымала назву "Меморыя". Гэта своеасаблівая праграма, дзе паказана трагічная гісторыя развіцця беларускай нацыі, выказаны абвінавачванне на адрас царскіх улад і пратэст супраць паднявольнага становішча беларускага народа, абгрунтавана яго права на раўнапраўнае існаванне сярод іншых народаў, самастойнае нацыянальнае развіццё. Ёсць меркаванне, што гэты дакумент, напісаны на французскай мове з навуковай дасведчанасцю, аргументаванасцю і дакладнасцю, падрыхтаваў галоўным чынам Эпімах-Шыпіла. Ён жа пераклаў "Меморыю" на беларускую мову. Змест дадзенага маніфеста дае поўнае ўяўленне, у якім напрамку выхоўваў патрыярх адраджэння новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі пад шырмай легальнай культурніцкай працы. "Меморыя" - дакумент вялікай публіцыстычнай сілы - была надрукавана і шырока распаўсюджвалася.

Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, Эпімах-Шыпіла шукаў новыя сродкі для узмацнення беларускага руху. Каля трох гадоў ён праводзіў заняткі па беларускай мове для навучэнцаў гімназіі пры касцёле.

* * *

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. Б. Эпімах-Шыпіла па-ранейшаму працаваў у бібліятэцы Петраградскага універсітэта, загадваў філолага-лінгвістычным аддзелам, некаторы час выконваў абавязкі дырактара бібліятэкі.

Працягваў ён і грамадскую дзейнасць. Быў абраны старшынёй навуковага "Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі", заснаванага ў Петраградзе, садзейнічаў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама) - аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР, які займаўся культурна-асветніцкай і палітычнай працай сярод беларусаў на тэрыторыі Расіі. Але на актыўнасці гэтай дзейнасці адбіліся цяжкасці рэвалюцыйнага і ваеннага ліхалецця. Спыніліся вечарыны на кватэры Б. Эпімах-Шыпілы. Многія беларусы з'ехалі з Петраграда. Рэвалюцыі і грамадзянская вайна ператварылі яго, па вобразнаму выразе Браніслава Ігнатавіча, у "Пеклаглад".

Сам Браніслаў Ігнатавіч знаходзіўся ў надзвычай крытычным стане, цярпеў нястачу, галадаў, хварэў, аб чым паведамляў у пісьмах да блізкіх знаёмых і нават прасіў аб дапамозе прадуктамі. Янка Купала зваў яго пераехаць на сталае жыццё ў Беларусь.

* * *

У выніку рэвалюцыі ў Беларусі стварыліся больш спрыяльныя ўмовы для нацыянальнай культурна-грамадскай працы. Беларуская ідэя набывала рэальнае ўвасабленне. У пачатку 1920-х гг. у сувязях Б. Эпімах-Шыпілы з Беларуссю з’явіліся новыя абставіны, паколькі тагачаснае кіраўніцтва Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было зацікаўлена ў вяртанні на радзіму знакамітых беларусаў - дзеячаў навукі і культуры. Заслугі Б. Эпімах-Шыпілы перад Беларуссю былі ацэненыя: ён атрымаў афіцыйнае запрашэнне пераехаць у Мінск, у 1924 г. быў абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), урад прызначыў яму ганаровую пажыццёвую пенсію.

У 1925 г. Б. Эпімах-Шыпіла звольніўся з бібліятэкі універсітэта, якой аддаў 34 гады жыцця, з дапамогай беларускіх дзяржаўных устаноў пераехаў у Мінск і актыўна ўключыўся ў навуковае і культурнае жыццё Беларусі.

Ён працаваў сакратаром музейна-бібліятэчнай секцыі Інбелкульта, членам, а з 1927 г. старшынёй камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы. Гэта была вельмі маштабная праца, якая вялася па ўсёй Беларусі. Пад рэдакцыяй Б. Эпімах-Шыпілы выйшлі "Віцебскі краёвы слоўнік" М. Каспяровіча, "Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны" М. Шатэрніка, якія і сёння маюць навуковае значэнне. Рыхтаваліся і іншыя слоўнікі. Планавалася выданне агульнага слоўніка беларускай мовы.

Б. Эпімах-Шыпіла напісаў грунтоўную навуковую рэцэнзію на фальклорны зборнік свайго блізкага сябра, таксама беларуса-пецярбуржца, этнографа і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага "Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета". Вёў перапіску аб лёсе беларускай культуры з вядомым беларускім музыказнаўцам Юліянам Дрэйзіным.

Папаўнялася беларуская калекцыя. Асобныя экспанаты з яе выстаўляліся на I Усебеларускай выставе. Былі апублікаваны захаваныя Б. Эпімах-Шыпілам вершы Янкі Купалы 1910-1913 гг., якія ў свой час так не былі выдадзены. Супрацоўнічаў ён і з рэдактарамі першага акадэмічнага збору твораў Максіма Багдановіча, перадаў ім пісьмы паэта ў выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца" і іншыя эпісталярныя матэрыялы. Выконваў пачэсныя місіі - адкрываў бюст Францыску Скарыну ад імя Інбелкульта, вітаў яго пераўтварэнне ў Акадэмію навук.

Як і раней, Б. Эпімах-Шыпіла не шкадаваў уласных сродкаў дзеля служэння Айчыне. У 1929 г. ён бясплатна перадаў у Беларускую Акадэмію навук каштоўную асабістую бібліятэку, якую збіраў усё жыццё, - 5 тысяч тамоў, пераважна па беларусазнаўстве.

Можна сказаць, што Браніслаў Ігнатавіч зноў вярнуўся да любімай справы, да тых каштоўнасцей, якія былі яму блізкімі ў маладыя гады, пачалі здзяйсняцца яго надзеі на беларускае адраджэнне. Пра гэты перыяд - з сярэдзіны і да канца 1920-х гг. сам Б. Эпімах-Шыпіла сказаў так: "Жывучы ў Беларусі, адчуваў сябе шчаслівым, радаваўся росквіту беларускай літаратуры і навукі".

У пачатку 1930-х гг. пачаліся рэпрэсіі супраць нацыяльнай інтэлігенцыі, ДПУ (органам дзяржбяспекі), была сфабрыкавана справа "Саюз вызвалення Беларусі". Гэтыя падзеі закранулі і Б. Эпімах-Шыпілу. 18 ліпеня 1930 г., пасля вобыску, ён быў беспадстаўна арыштаваны і зняволены ў турму, дзе знаходзіўся два месяцы. Нягледзячы на 70-гадовы ўзрост і дрэнны стан здароўя, на допытах Браніслаў Ігнатавіч паводзіў сябе годна. Гэта не ў малой ступені паўплывала на рашэнне аб яго вызваленні. Прызнанне "віны" прагучала толькі ў некаторых паказаннях, дадзеных, відавочна, пад націскам, і нават пасля таго, як быў ужо адпушчаны на волю. Такія паводзіны следчых можна лічыць сведчаннем не вельмі важкіх доказаў раскаяння, бадай, адной з самых аўтарытэтных асоб у асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі.

Б. Эпімах-Шыпілу было загадана пакінуць Мінск, і гэта стала найвялікшай трагедыяй для чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Беларусі. Ён вярнуўся ў Ленінград, дзе апынуўся ў надзвычай цяжкім становішчы. На працягу чатырох гадоў кватараваў у некаторых даўніх знаёмых, жыў у бядоце. У гэты ж час (1931 г. ) з'яўляюцца апошнія запісы ў яго "Хрэстаматыі" - пераклады Б. Эпімах-Шыпілы на польскую і нямецкую мовы верша Альберта Паўловіча "Сумная восень". Іх песімістычны настрой, відавочна, быў блізкі да тагачаснага душэўнага стану Б. Эпімах-Шыпілы. Яго дзейнасць на карысць Беларусі была практычна спынена. У гэтыя гады Браніслава Ігнатавіча як маглі падтрымлівалі нешматлікія калегі па рабоце ў бібліятэцы і некаторыя былыя паплечнікі. У 1933 г. падчас сваёй камандзіроўкі са сваім пецярбургскім апекуном сустрэўся і Янка Купала.

Цяжкасці неўладкаванага жыцця, відавочна, паскорылі смерць Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы. На "Беларускай хрэстаматыі" (амаль адзіным яго скарбе, што змог узяць з сабой пры ад’ездзе з Беларусі) даўнім сябрам, навукоўцам Канстанцінам Пушкарэвічам была зафіксавана гэтая трагічная падзея: "2-га чэрвеня пасля другога удара Б. Ігн. страціў прытомнасць і сканаў 6.6.34 а 8-й г. раніцы ў бальніцы імя С. Пяроўскай". Месца пахавання Б.І. Эпімах-Шыпілы дагэтуль невядомае.

Смерць патрыярха беларускага адраджэння і выдатнага чалавека не пакінула раўнадушнымі яго былых выхаванцаў. Яны ў памяць аб Браніславе Ігнатавічу наладзілі ў Вільні спецыяльную жалобную акадэмію, на якой быў зачытаны вялікі рэферат аб яго жыцці і дзейнасці, напісаны Адамам Станкевічам.

Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілу неафіцыйна "рэабілітавалі" ў 1945 г. , праз 15 гадоў пасля высылкі з Беларусі. Для таго, каб яго ўспомнілі на радзіме, дастаткова было згадвання акадэміка Ігната Крачкоўскага ў кніжцы, ганараванай Дзяржаўнай прэміяй. Назваўшы Браніслава Ігнатавіча асобай выдатнай і рознабаковай, відным дзеячам беларускага літаратурнага адраджэння, адзначыўшы яго вялікую падтрымку беларускага выдавецтва і беларусаў, ён пры гэтым вымушаны быў канстатаваць: "Лёс не ўзнагародзіў яго за ўсю гэтую бескарыслівую, самаахвярную дзейнасць".

* * *

Ушанаванне памяці Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы пасля яго смерці ў асноўным адбывалася праз намаганні вучоных, землякоў-палачан і беларускай дыяспары ў Пецярбургу.

Першыя распрацоўкі і ўпамінанні ў друку пачалі з’яўляцца толькі ў канцы 1940-х гг. А у 1968 г. выйшла грунтоўная манаграфія Рыгора Семашкевіча "Браніслаў Эпімах-Шыпіла". Яму прысвечаны многія старонкі яшчэ адной манаграфіі гэтага аўтара - "Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX - пачатак XX ст.)" (1971 г.). Асоба Б. Эпімах-Шыпілы, выведзенага пад сваім імем, паўстае са старонак рамана-эсэ пра Янку Купалу "Як агонь, як вада..." Алега Лойкі (1984 г.). Да 150-гадовага юбілею Б. Эпімах-Шыпілы беларускімі архівістамі складзены зборнік прысвечаных яму дакументаў і матэрыялаў, а таксама ўпершыню для друку падрыхтавана. "Беларуская хрэстаматыя". На сёнешній дзень бібліяграфія прац, якія маюць дачыненне да Б. Эпімах-Шыпілы, налічвае каля 100 публікацый.

На радзіме Б. Эпімах-Шыпілы, у вёсцы Залессе Полацкага раёна ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак - валун вагой больш як 16 тон з барэльефам навукоўца і надпісам "Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч.1859-1934. Вядомы дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец. Уладальнік сядзібы "Залессе".

У Ветрынскай школе Полацкага раёна заснаваны музей Б. Эпімах-Шыпілы.

У 1999 г. у Ветрынскай сярэдняй школе прайшлі чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Б. Эпімах-Шыпілы. У 2004 г. там жа адбыліся Міжнародныя чытанні, прысвечаныя 145-годдзю з дня яго нараджэння.

Экспазіцыя з матэрыяламі, прысвечанымі асобе і дзейнасці Б. Эпімах-Шыпілы, была прадстаўлена на выстаўцы "Санкт-Пецярбург і беларуская культура", якая адбывалася ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу ў 2005 г.

17-я штогадовая канферэнцыя "Санкт-Пецярбург і беларуская культура", якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу ў чэрвені 2009 г., была прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы.

Акрамя таго, трэба адзначыць, што сёння дзейнасць Б. Эпімах-Шыпілы ўзгадваецца ў разнастайных энцыклапедычных даведніках, не толькі беларускіх, але і расійскіх. Сярод іх "Беларуская энцыклапедыя", "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва", а таксама энцыклапедыі выдавецтва "Большая Российская энциклопедия", "Книга", "Благотворительность в Петербурге", праект "Русская портретная галерея", дзе прадстаўлены 15 тысяч дзеячоў расійскай гісторыі і культуры.

Але ўсё ж імя падзвіжніка яшчэ не ўшанавана належным чынам. Асоба Браніслава Эпімах-Шыпілы, высокая маральнасць якога, бескарыслівасць і самаадданасць справе служэння роднай Беларусі - яскравы ўзор для кожнага беларуса, і значнасць зробленага ім яшчэ недастаткова ўсвядомлены шырокімі коламі грамадскасці і ацэнены сувымерна маштабу яго ўклада ў духоўную скарбонку нацыі.

Неабходна, каб з прысвечаных Б. Эпімах-Шыпілу паэтычных радкоў беларускага прарока Янкі Купалы:

"За ўсю ж працу ні палацаў,
Ані скарбаў не чакай;
Толькі будзе славы ў людзе,
Славіць будзе родны край!",

- заключныя словы спраўдзіліся б у поўнай меры і як найхутчэй.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла і яго час: Да 145-годдзя з дня нараджэння / Укл. А.К. Краснова. Ветрына. 2004.

  2. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння дзеяча беларускай культуры, выдаўца, літаратуразнаўца, мовазнаўца, фалькларыста (1859-1934). Ветрына, 8 верасня 1999 г. // На шляхах да ўзаемаразумення. Навук. збор. Мінск, 2000. С. 251-347. (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 15) //www.lingvo.minsk.by

  3. Браніслаў Эпімах-Шыпіла / Электронная энцыклапедыя //http://slounik.org

  4. Директора Научной библиотеки имени М. Горького Санкт-Петербургского государственного университета [Сведения о директорах библиотеки Санкт-Петербургского (Петроградского, Ленинградского) университета] //www.lib.pu.ru

  5. "Жывучы ў Беларусі, адчуваў сябе шчаслівым..." / Падрыхтоўка да публікацыі Н. Васілеўскай // Навіны Беларускай акадэміі навук. 1992. 29 мая. С. 5; 1992. 5 чэрв. С. 5.

  6. Запартыка Г. Справа бібліятэкара Б.І. Эпімах-Шыпілы // Полымя. 2009. № 3. С. 170-174.

  7. Запартыка Г. Таямніца капэрты Б.І. Эпімах-Шыпілы. Напалеон Чарноцкі. "Сватаньне" // Полымя. 2001. № 3. С. 243-257.

  8. Каўко А.К. Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 5. Мінск, 1987. С. 636.

  9. Кісялёў Г.В. Эпімах-Шыпіла Браніслаў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Мінск, 1995. С. 448-449.

  10. Кісялёў Г.В. Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 267.

  11. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энцыкл. даведнік. Т. 2. Мінск, 2003. С. 361-362 //www.marakou.by/by/davedniki

  12. Махнач Т.М. Эпімах-Шыпіла Браніслаў: Бібліяграфія / Уклад. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Мінск, 1995. С. 449-450.

  13. Кекелева Т. Перапіска Эпімах-Шыпілы і Дрэйзіна. Новыя знаходкі // Мастацтва. 1998. № 7. С. 51-54.

  14. Прафесар беларускага штаба: З жыццяпісу Б.І. Эпімаха-Шыпілы // Скарыніч. Вып. 1. / Уклад. А. Каўка. Мінск, 1991. С. 141-152.

  15. Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX - пачатак XX ст.). Мінск, 1971. С. 39-58, 64-66, 76-81, 85-88.

  16. Семашкевіч Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Мінск, 1968.

  17. Семашкевіч Р. Чалавек прадвесня // Полымя. 1968. № 1. С. 160-174.

  18. Семашкевіч Р. Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 676.

  19. Станкевіч А. Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы // Спадчына. 1989. № 2. С. 26-29.

  20. Сушчынскі Я. Купала ў Пецярбурзе // Полымя. 1967. № 3. С. 190.

  21. Шаруха І. Браніслаў Эпімах-Шыпіла // Роднае слова. 1994. № 9. С. 9-10, 19.

  22. Эпимах-Шипилло Бронислав Игнатьевич / [Ватаци Н.Б.] // Книговедение: энцикл. словарь. Москва, 1982. С. 611-612.

  23. Эпимах-Шипилло Бронислав Игнатьевич // Биографический словарь профессоров и преподавателей Императорского С.-Петербургского университета за истекшую третью четверть века его существования. 1869-1894. Т. 2. СПб, 1896. С. 352 //www.lawlibrary.ru

  24. Янушкевіч Я. Апякун і настаўнік. Браніслаў Эпімах-Шыпіла // Язэп Янушкевіч. За архіўным парогам. Беларуская літаратура XIX-XX стагоддзяў у святле архіўных пошукаў. Мінск, 2002. С. 177-183.

  25. Янушкевіч Я. Невядомыя лісты Эпімах-Шыпілы // Язэп Янушкевіч. За архіўным парогам. Беларуская літаратура XIX-XX стагоддзяў у святле архіўных пошукаў. Мінск, 2002. С. 158-162.

  26. Янушкевіч Я. Хто такі Браніслаў Эпімах-Шыпіла // Звязда. 1993, 3 чэрв.
Объявления
06 сентября 2019 г.
3 кастрычніка 2019 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбудуцца XIX Архіўныя чытанні Подробнее >>
Новости отрасли
18 сентября 2019 г.
18 сентября 2019 г. состоялось подписание Меморандума между Министерством юстиции Республики Беларусь и Национальным управлением архивов и документации Султаната Оман Подробнее >>
18 сентября 2019 г.
17 сентября 2019 г. в Национальной библиотеке Беларуси состоялось открытие выставочного проекта «17 верасня 1939 года. Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі» Подробнее >>
17 сентября 2019 г.
На сайте Государственного архива Минской области размещена виртуальная выставка «80 лет воссоединения Западной Белоруссии с БССР» Подробнее >>
16 сентября 2019 г.
Белорусский государственный архив кинофотофонодокументов и TUT.BY подготовили выпуск совместного проекта "Это мы", посвященный художнику Арлену Кашкуревичу Подробнее >>
10 сентября 2019 г.
Белорусский государственный архив кинофотофонодокументов и TUT.BY подготовили выпуск совместного проекта "Это мы", посвященный композитору Евгению Глебову Подробнее >>
  Ccылка на facebook