26 мая 2017 г. адбыліся XVIІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння гісторыка, пісьменніка і публіцыста Міхася Мялешкі

26 мая 2017 г. адбыліся традыцыйныя Узвышаўскія чытанні, якія штогод арганізуе Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Гэтым разам канферэнцыя была прысвечана 125-годдзю з дня нараджэння гісторыка, архівіста і пісьменніка Міхася Мялешкі (1892 – 1941) і прайшла ў не зусім звыклым месцы – мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Тамсама адкрылася і выстава “Міхась Мялешка. Жыццё дзеля будучыні”.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, пасля чаго выступілі ўнучка М. Мялешкі Наталля Спічко з цікавым і кранальным расповедам пра дзеда і кандыдат гістарычных навук Станіслаў Рудовіч з дакладам “Міхась Мялешка ў рэвалюцыйным водавароце 1917 года: погляд праз стагоддзе”.

Сапраўдным святам для ўдзельнікаў канферэнцыі стаў канцэрт, які зладзілі сваякі М. Мялешкі – госці з Санкт-Пецярбурга: кампазітар і канцэртмайстар Наталля Спічко, яе муж – заслужаны артыст Расіі Васіль Спічко і сын – саліст Міхайлаўскага тэатра Іван Спічко. Прагучалі як вядомыя арыі з класічных опер, так і творы з вакальнага цыкла Н. Спічко “Самарский туесок” на тэксты, запісаныя М. Мялешкам у час ссылкі ў Самару.

Канферэнцыя працягнула працу, падзяліўшыся на секцыі. Першую з іх адкрыла сцэнарыст і рэжысёр Марта Клінава з расповедам пра новы фільм, прысвечаны рэпрэсаваным літаратарам. Астатнія даклады былі прысвечаны М. Мялешку: “Адносіны М. Мялешкі да краязнаўства і архіваў ў святле дыскусій 1920 – пач. 1930-х гг.” (дакладчык Міхаіл Шумейка), “Міхась Мялешка ў даследаваннях Віталя Скалабана” (Ганна Запартыка), “Архіў Мялешкі: (не)чаканае вяртанне” (Вольга Бабкова), “Сяргей Мялешка – сучаснік, калега і цёзка па прозвішчы Міхася Мялешкі” (Віктар Жыбуль).

Другая секцыя традыцыйна была прысвечана творчаму аб’яднанню “Узвышша” і літаратурнаму працэсу 1920 – 1930-х гг. увогуле. Прагучалі даклады “Аб неабходных удакладненнях да энцыклапедычных артыкулаў, навуковых каментароў і даведнікаў, прысвечаных літаратурнаму працэсу 1920 – 1930-х гадоў: па матэрыялах архіўнага росшуку (Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Майсей Кульбак)” (Ганна Севярынец), “Узвышанскія паэмы Уладзіміра Дубоўкі: гісторыя тэксту” (Таццяна Хоміч), “Светапоглядная эвалюцыя Кузьмы Чорнага як выяўленне зрухаў у грамадскай свядомасці” (Алена Гурская), “Літаратурная крытыка Кузьмы Чорнага 1930-х гадоў” (Алена Карп), “Дыстанцыяваныя намёкі на Леніна і Сталіна ў творчасці А. Мрыя” (Валеры Назараў), «Паэтычны зборнік Ганны Новік “Жменя асенніх думак”» (Аксана Данільчык).

Выстава “Міхась Мялешка. Жыццё дзеля будучыні”, на якой экспануюцца творчыя і біяграфічныя дакументы гісторыка, сёння адкрытая для наведванняў у галерэі “Універсітэт культуры”. Але неўзабаве экспазіцыю плануецца перанесці ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

XVII Узвышаўскія чытанні. 26 мая 2017 г.

XVII Узвышаўскія чытанні. 26 мая 2017 г.

XVII Узвышаўскія чытанні. 26 мая 2017 г.

XVII Узвышаўскія чытанні. 26 мая 2017 г.