11 снежня 2014 г. у БДАМЛМ адбылося адкрыццё выставы “Летапісец векапомных дзён”, прысвечанай 115-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова

Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 115-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова завяршыліся сёлета выставай “Летапісец векапомных дзён”, адкрыццё якой адбылося 11 снежня 2014 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ).

Адкрыла мерапрыемства дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якая распавяла пра захаванне спадчыны М. Лынькова ў фондах архіва-музея. З канцэпцыяй выставы прысутных пазнаёміў вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль. Успамінамі пра пісьменніка падзяліліся яго ўнучка, прафесар кафедры рускай мовы БДУ Ірына Ратнікава, а таксама паэт Анатоль Вярцінскі, які прачытаў і свой верш, прысвечаны М. Лынькову. Літаратуразнавец Міхась Кенька распавёў пра сваю працу над зборам твораў вядомага празаіка. Пісьменнік, даследчык і бард Аляксандр Вашчанка падзяліўся сваім успрыманнем асобы і творчасці М. Лынькова.

Дакументы М. Лынькова паступілі ў БДАМЛМ 28 лістапада 1983 г. ад удавы Соф’і Захараўны Лыньковай-Куспіц. Асабісты фонд пісьменніка (№ 191) налічвае 708 спраў, якія храналагічна ахопліваюць перыяд з 1927 да 1980 г. Гэта – рукапісы твораў М. Лынькова, яго багатая перапіска з дзеячамі літаратуры, навукі і мастацтва, дакументы літаратурнай, службовай і грамадскай дзейнасці, фотаздымкі, юбілейныя матэрыялы, а таксама ўспаміны пра М. Лынькова яго сяброў і сучаснікаў.

Некаторыя з гэтых цікавых дакументаў можна пабачыць на выставе, якая складаецца са стэндаў “На шляху сталення”, “З вераю ў перамогу”, “Майстэрства празаіка”, “Літаратура і жыццё”, “Удзячнасць юных чытачоў”, “Сярод сяброў і калегаў”, “Сям’я”, “Міхась Лынькоў і кіно”, “Памяць”. Акрамя таго, на вітрыне экспануюцца некалькі дзясяткаў кніг М. Лынькова розных часоў: ад дэбютнага зборніка “Апавяданні” (1927) да найноўшага выдання “Выбраных твораў” пісьменніка (2014). Прадстаўлены таксама шэраг біяграфічных, бібліяграфічных, літаратурна-крытычных і мемуарных выданняў, прысвечаных М. Лынькову.