У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Грукай у дзверы гісторыі!..”, прысвечанай 100-годдзю народнага паэта Беларусі Аркадзю Куляшову

Да ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, далучыўся і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). у архіве-музеі адбылося адкрыццё выставы “Грукай у дзверы гісторыі!..”, прысвечанай юбілею паэта. З расповедамі пра ролю А. Куляшова ў беларускай літаратуры, захаванне яго творчай спадчыны выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Уладзімір Адамушка, дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, вядучыя навуковыя супрацоўнікі Раман Дубашынскі і Віктар Жыбуль, намеснік дырэктара Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алена Грыневіч, выконваючы абавязкі дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Мікалай Рудакоўскі, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Паліна Саўген.

Выстава прадстаўлена стэндамі “Юнацтва песня аб светлай долі”, “Мяне ты ўспомні, як салдата…”, “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…”, “…Пераклады саграваюць работай душу…”, “Жадаю шчасця для людзей…”. Акрамя рукапісаў А. Куляшова, на выставе прадстаўлены і яго кнігі рознага часу – ад дэбютнай “Росквіт зямлі” (1930) да апошняга па часе аднатомніка выбраных твораў “Паміж наступным і былым” (1995).

Дакументы Аркадзя Куляшова паступілі ў БДАМЛМ ад удавы паэта Аксаны Фёдараўны Куляшовай 10 красавіка 1997 г. Цяпер асабісты фонд А. Куляшова ў БДАМЛМ (ф. 411, воп. 1) налічвае 557 адзінак захоўвання (3538 дакументаў) за 1930 – 1978 гг., асобныя дакументы 1979 – 1989 гг. Гэта рукапісы вершаў, паэм (у тым ліку “Дом № 24”, “Сцяг брыгады”, “Прыгоды цымбал”, Далёка да акіяна”, “Хамуціус”), перакладаў, лісты, матэрыялы службовай і дэпутацкай дзейнасці. Дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю паэта, захоўваюцца таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў (БДАКФФД), Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Некаторыя з іх таксама прадстаўлены на выставе.

Адначасова да юбілею А. Куляшова на сайце “Ахівы Беларусі” адбылося адкрыццё віртуальнай выставы “Я – акіяна жытнага калоссе…”, падрыхтаванай сумесна Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Выстава мае раздзелы “Маладосць, вытокі творчасці”, “Жыццё і творчасць ваеннага перыяду”, “Творчая сталасць”, “Аркадзь Куляшоў – перакладчык”, “Грамадская дзейнасць”. Зайшоўшы на старонкі выставы, можна паслухаць і голас самога паэта, і песні на яго словы, а таксама паглядзець фільм “Край крынічны” (1972) рэжысёра У. Цеслюка.