Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі – 75 гадоў

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — 75 гадоў сучаснай гісторыі архіва


Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі – 75 гадоў. За гэты адносна кароткі тэрмін у параўнанні з узростам дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні, архіў прайшоў шлях пераўтварэння ад архівасховішча абласнога маштабу да буйнейшай дзяржаўнай архіўнай установы. Дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, прайшлі доўгі шлях, пабываўшы ў архівах судовых устаноў, магістратаў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, а пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі – у палатах грамадзянскіх і павятовых судоў, у Віленскім і Віцебскім архівах старажытных актаў. Шмат архіўных дакументаў было незваротна згублена ў выніку войнаў і пажараў, што пракаціліся ў розны час па беларускай зямлі, многія апынуліся за межамі Беларусі ў архівах іншых дзяржаў і ў прыватных калекцыях. Аднак значную частку дакументаў удалося захаваць. На сённяшні дзень у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі налічваецца больш за 3 100 фондаў, якія ўключаюць звыш за 1 мільён адзінак захоўвання за перыяд з канца XIV да пачатку XX стагоддзя. Найбольш старажытныя і каштоўныя дакументы – гэта сапраўдныя пергаментныя граматы, а таксама актавыя кнігі дзяржаўных і судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Самы старажытны дакумент, які захоўваецца ў архіве, датаваны 1391 годам.

Сучасная гісторыя Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі вядзецца з 1938 года, калі ў адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР «Аб рэарганізацыі архіўных органаў у сувязі з утварэннем абласцей у БССР» ад 5 ліпеня 1938 г. Магілёўскі гістарычны архіў быў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР.

У сваю чаргу Магілёўскі гістарычны архіў з 1919 года быў вядомы як архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро, а з 1924 па 1927 год – як Акруговы архіў. У 1943 годзе Цэнтральны гістарычны архіў БССР перайменаваны ў Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР, а згодна з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 г. «Аб мерах па паляпшэнні архiўнай справы ў БССР» пераведзены з г. Магілёва ў г. Мінск. У тым жа годзе ў архіў былі перададзены дакументы дарэвалюцыйных фондаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, а таксама комплекс старажытных актаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў г. Гродна.

Пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці структура архіўнай галіны зведала змены. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1992 г. № 224 «Пытанні архіваў Рэспублікі Беларусь» на базе Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР і былога Цэнтральнага партыйнага архіва КПБ арганізаваны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. З яго структуры загадам Белкамархіва ад 12 чэрвеня 1995 г. № 15 вылучаны комплекс дакументаў канца XIV – пачатку XX стагоддзя і створаны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Усё гэта тычыцца нядаўняга мінулага нашага архіва. Аднак яго гісторыя, вядома ж, пачалася значна раней. Напрыклад, калі весці адлік з 1862 года – часу заснавання Віцебскага архіва старажытных актавых кніг, то нам 151 год, а калі з 1551 года – даты стварэння Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў, то наогул – 462 гады.

Усе гэтыя даты мы выдатна ведаем і памятаем, нездарма на нашым афіцыйным геральдычным сімвале – эмблеме замацаваны асноўныя гістарычныя вехі архіва.

Нацыянальны статус, які прысвоены архіву, адлюстроўвае аб’ектыўную значнасць нашай установы для дзяржавы і грамадства ў цэлым. Па-першае, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі з’яўляецца самым буйным сховішчам дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Па-другое, сам склад дакументаў, многія з якіх з’яўляюцца ўнікальнымі гістарычнымі помнікамі і адносяцца да нацыянальнай дакументальнай спадчыны Беларусі, пацвярджае яго нацыянальны, народны характар. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – не проста архіў дакументаў, гэта скарбніца гістарычнай памяці народа, наш нацыянальны здабытак. Таму асноўная задача архіва – забеспячэнне захаванасці фондаў і стварэнне найбольш спрыяльных умоў для шырокага выкарыстання дакументаў.

Акрамя забеспячэння фізічнай захаванасці дакументаў, важнейшым напрамкам дзейнасці архіва з’яўляецца навукова-даследчая і метадычная работа. Значная колькасць работнікаў архіва пасля атрымання вышэйшай адукацыі працягваюць удасканальваць набытыя веды, некаторыя з іх скончылі аспірантуру і паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Работнікі архіва з’яўляюцца аўтарамі манаграфійшматлікіх артыкулаў у навуковых і навукова-папулярных выданнях, удзельнічаюць у падрыхтоўцы навуковых даведнікаў, зборнікаў, вядуць навуковыя распрацоўкі ў галіне архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства.

Публікацыйная дзейнасць архіва накіравана на прадстаўленне адпаведнага гістарычнага матэрыялу навуковамудаследчыку, але нашы выданні даюць магчымасць і шырокай грамадскасці пазнаёміцца з унікальнымі дакументамі Нацыянальнага архіўнага фонду. Гэтаму як нельга лепей спрыяе ўдзел Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў выдавецкіх праектах, якія рыхтуюцца з выкарыстаннем нашых дакументаў ці ўтрымліваюць артыкулы супрацоўнікаў. З апошніх падобных праектаў неабходна адзначыць серыю кніг «Энцыклапедыя рарытэтаў» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», у рамках якой выйшлі ў свет унікальныя выданні: «Радзивиллы. Альбом портретов XVIII–XIX веков», «Белорусы Москвы.XVII век», новую серыю выданняў «Белорусский родовод» і першую кнігу з гэтай серыі «Ваньковичи».

Яскравым прыкладам сумеснай работы з’яўляецца таксама наша апошняе выданне «Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст.» з серыі «Беларусь у актавых кнігах ХVI–ХVIII стст.». З апошніх выданняў, надрукаваных архівам у 2012 годзе, варта таксама адзначыць зборнік дакументаў «Беларусь и война 1812 года», падрыхтаваны з нагоды 200-годдзя вайны 1812 года, зборнік дакументаў«Иностранные подданные в Беларуси в конце ХVIII – начале ХХ века» — вынік больш чым дзесяці гадоў працы работнікаў архіва па адпаведнай навуковай тэме, а таксама дзясяты выпуск штогодніка – зборніка навуковых артыкулаў і матэрыялаў «Архіварыус».

Сёння на першы план выступае задача прадстаўлення грамадству запатрабаваных рэтраспектыўных звестак з выкарыстаннем розных спосабаў іх перадачы, у тым ліку з магчымасцю арганізацыі ў перспектыве віртуальнага доступу да дакументаў. Таму работы па стварэнні фонду карыстання архіўнымі дакументамі і пераводу іх у лічбавы фармат, якія вядуцца ў архіве, набываюць вялікую актуальнасць на бліжэйшы час.

Вялікую ролю ў правядзенні гэтай працы і рэалізацыі іншых накірункаў дзейнасці архіва адыгрывае выкананне Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы «Архівы Беларусі» на 2011–2015 гады, у рамках якой набываецца неабходнае сучаснае абсталяванне.

Немалаважным з’яўляецца ўдзел нашай установы ў міжнародных праектах і наладжванні міжнародных кантактаў, у першую чаргу з краінамі-суседзямі, у архівах якіх захоўваецца вялікая колькась дакументаў, што тычацца нашай гісторыі. У 2008–2009 гадах разам з архівістамі Літвы, Польшчы і Украіны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі прыняў удзел у праекце ЮНЕСКА «Віртуальная рэканструкцыя архіва роду князёў Радзівілаў», у выніку рэалізацыі якога былі алічбованы найбольш каштоўныя матэрыялы з архіўнага фонду «Радзівілы, князі», а таксама створана база даных «Князі Радзівілы». Па выніках рэалізацыі названага міжнароднага праекта Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі быў уручаны адпаведны сертыфікат ЮНЕСКА.

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі пастаянна праводзіць работу па выяўленні найбольш значных для нас дакументаў у архівах Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі і іншых краін з мэтай далейшага абмену іх копіямі ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва.
Усё гэта накіравана на выкананне нашай асноўнай ганаровай і адначасова адказнай місіі па захаванні для будучых пакаленняў дакументальнай спадчыны Беларусі, якая прайшла складаны шматвекавы шлях.

Д.У.Яцэвіч,
дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

Гісторыю і сучаснасць Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі адлюстроўвае віртуальная выстаўка , падрыхтаваная яго супрацоўнікамі да 75-годдзя з дня заснавання архіва.