6 лістапада 2012 г. у НАРБ адбылася прэзентацыя другой кнігі зборніка дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі»

6 лістапада 2012 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя другой кнігі зборніка дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі» (1939—2009). Выданне, укладальнікамі якога сталі супрацоўнікі архіва В.Дз. Селяменеў і В.У. Скалабан, пабачыла свет ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва». У апошнюю частку зборніка уключаны матэрыялы біяграфічнага характару, разнастайныя сведчанні пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў, дакументы пра святкаванне юбілеяў песняроў, увекавечанне іх памяці, выданне збораў твораў, стварэнне і дзейнасць музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На прэзентацыі выступілі выконваючы абавязкі дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М.К. Рудакоўскі, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І. Адамушка, галоўны рэдактар газеты «Звязда» А.М. Карлюкевіч i адзін са складальнікаў зборніка В.Дз. Селяменеў. Прысутнічалі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В. Запартыка, загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Т.В. Кекелева, загадчык аддзелам публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі З.Л. Яцкевіч, выкладчык Інстытута нацыянальнай бяспекі І.А. Валахановіч, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістфака Белдзяржуніверсітэта М.Ф. Шумейка, унучка Якуба Коласа, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі В.Д. Міцкевіч і інш.

М.К. Рудакоўскі адзначыў, што зборнік з’яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва Нацыянальнага архіва з беларускімі і расійскімі архівамі, а таксама музеямі, бібліятэкамі і іншымі ўстановамі. Мікалай Канстанцінавіч выказаў словы павагі і падзякі усім тым, хто меў дачыненне да выдання зборніка.

У.І. Адамушка звярнуў увагу прысутных на ролю Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва ў прадастаўленні матарыялаў для зборніка. Уладзімір Іванавіч адзначыў, што сёлета, ў год 130-годдзя з дня нараджэння нашых класікаў – Я. Купалы і Я. Коласа, завяршылася выданне зборніка, распачатае яшчэ ў 2010 г., і выразіў думку, што гэтая падзея стала значнай з’явай грамадскага, навуковага і культурнага жыцця Рэспублікі Беларусь і годным ўкладам архіўнай галіны ў святкаванне юбілеяў песняроў.

А.М. Карлюкевіч падрабязна асвяціў вялікую працу аўтарскага калектыву, асабісты ўклад гісторыка беларускай літаратуры, энцыклапедыста Віталя Уладзіміравіча Скалабана. Зборнік знайшоў свайго чытача і ўжо стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Алесь Мікалаевіч, як кіраўнік Выдавецкага дома «Звязда», выразіў зацікаўленасць ў далейшым супрацоўніцтве з Нацыянальным архівам.

Складальнік зборніка В.Дз. Селяменеў распавёў аб складанасцях у археаграфічнай падрыхтоўцы тэкстаў дакументаў і падзякаваў усім, хто прымаў удзел у рабоце над выданнем.

Прывітальныя словы ад галоўнага рэдактара зборніка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.І. Мушынскага прысутным зачытаў выконваючы абавязкі дырэктара архіва М.К. Рудакоўскі. Сярод іншых слоў была выказана ўпэўненасць у тым, што «да гэтай невычэрпнай скарбонкі найкаштоўнейшых звестак будуць і надалей звяртацца гісторыкі, літаратуразнаўцы, даследчыкі беларускага тэатра, кіно і г. д.».