У Лепельскім Доме рамёстваў адкрылася выстава геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці

Адкрыццё выставы геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласціЯк мы паведамлялі, у верасні ў Лёзнненскім ваенна-гістарычным музеі была адкрыта выстава геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці. Калекцыя з 42-х добра аддрукаваных і ўзятых пад шкло ў багетныя рамкі выяваў гербаў, у складзе якой – герб Віцебскай вобласці, гарадоў, райцэнтраў, гарадскіх пасёлкаў – створана аддзелам па архівах і справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Пасля Лёзна, дзе наведнікі музея маглі азнаёміцца з экспазіцыяй на працягу месяца, выстава перавезена ў Лепель. На пачатку кастрычніка яна была адкрыта тут у прасторнай зале Дома рамёстваў. Дарэчы сказаць, на адкрыцці выставы, як у Лёзна, так і ў Лепелі, сярод прысутных было шмат школьнікаў. У многім якраз з разлікам на тое, што з геральдычнымі сімваламі Прыдзвінскага краю будуць знаёміцца юнакі і дзяўчаты, і стваралася выстава. Настаўнікі гісторыі, якія прывядуць сюды свае класы, разам з экскурсаводам змогуць пераканаўча рапавесці дзецям аб законах геральдыкі, гісторыі адметных мясцін Віцебшчыны і, вядома, свайго роднага Лепеля. Гэта будуць нязмушаныя і шчырыя ўрокі патрыятызму.

Алена Бондарава,
вядучы спецыяліст аддзела па архівах і справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыі
.