2 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Б.А. Тарашкевіча

2 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння вядомага вучонага, грамадскага і палітычнага дзеяча, акадэміка АН Беларусі Браніслава Адамавіча Тарашкевіча.

На выставе “Пісьменнік, вучоны, змагар” дэманструюцца кнігі і перыядычныя выданні, у якіх змешчаны пераклады і артыкулы Б.Тарашкевіча, крытыка-біяграфічныя нарысы пра яго. Сярод кніг: тры выданні знакамітай “Беларускай граматыкі для школ” Б.Тарашкевіча (1919, 1921, 1929), зборнік дакументаў “Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у Польскі Сойм 1922–1926 гг.” (1927) з прадмовай Б.Тарашкевіча, “Выбранае. Крытыка, публіцыстыка, пераклады” (1991), манаграфіі А.С.Ліса, А.Р.Бергман пра вучонага і інш.

У экспазіцыю ўключаны асабістыя і творчыя дакументы Б.Тарашкевіча: аб вучобе ў Віленскай гімназіі і ў Петраградскім ўніверсітэце, аўтографы артыкула “Літва і Беларусь” (на польскай мове), ліст Б.А.Тарашкевіча да Зоські Верас, лісты ад акадэміка А.А.Шахматава, Янкі Купалы, Рыгора Шырмы, фотаздымкі. Шматлікія дакументы характарызуюць грамадска-палітычную працу Тарашкевіча: статуты (у т.л. Беларускага пасольскага клуба), праекты праграм партый (у т.л. Беларускай сацыялістычнай грамады), падрыхтаваныя ім, мандаты і інш.

На адкрыцці выставы выступілі А.С.Ліс, А.А. Жлутка, А.І.Валахановіч, І.У.Ніжанкоўская, Г.В.Запартыка, Т.В.Кекелева, якія ўзгадалі розныя галіны дзейнасці, у якіх таленавіта праявіў сябе вучоны, раскрылі светлы вобраз чалавека інтэлігентнага, высакароднага, мужнага барацьбіта за правы беларускага народа ў Заходняй Беларусі.