1 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння зоркі беларускай паэзіі Максіма Багдановіча

Снежань 2011 года адзначаны светлай датай ў гісторыі беларускай літаратуры – 120-годдзем з дня нараджэння зоркі беларускай паэзіі Максіма Багдановіча. 1 снежня да святкавання гэтай даты ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры далучыліся Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У час вечарыны архіў-музей прэзентаваў выстаўку “З вамі вярнуся да хаты я…”, на якой былі прадстаўлены ўнікальныя рэчы к.ХІХ – пач.ХХ стст., якія належалі сям’і Багдановічаў. Гэта блюды з мельхіёру і парцаляну, лыжкі сталовыя і чайныя, відэльцы, скрынка для гарбаты і кававарка, гаршчок для пасхі і для кашы, коўшык гліняны, да якіх безумоўна дакраналіся рукі Максіма Багдановіча. На выставе прадстаўлены і рэчы роднага брата Максіма Льва, які трагічна загінуў у 1918 г.: рамні ад партупеі, люлька для курэння, афіцэрскі цямпляк, куля, якой быў паранены, фотаздымак у ваеннай форме і іншыя рэчы, а таксама скураны партманэт Адама Ягоравіча, бацькі Максіма. Упершыню дэманстраваўся сямейны альбом Багдановічаў з арыгінальнымі фотаздымкамі Максіма, яго маці Марыі Апанасаўны і бацькі, братоў, цётак, сваякоў, знаёмых, сяброў, у тым ліку Максіма Горкага з жонкай К.П.Волжынай.

Запартыка Г.В. расказала пра гісторыю вяртання на Беларусь дакументаў і рэчаў Багдановічаў і сварэнне яго фонду ў БДАМЛМ. Пісьменнікі і навукоўцы І.Э.Багдановіч, С.С.Панізнік, С.Ф.Давідовіч, заг.аддзела музея М. Багдановіча І.В.Мышкавец, вядучая вечарыны дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Л.В.Макарэвіч падкрэслілі невычарпальнасць, усеабдымнасць, шматграннасць творчасці Багдановіча, глыбінную філасофію, высокую культуру і сучаснасць паэзіі, яго сціплае высакародства і інтэлігентнасць, і выказалі спадзяванні на новыя адкрыцці ў творчасці паэта і ў пошуку новых дакументаў.

Вечарыну ўпрыгожылі песні на словы М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, “Пагоня”, “Зорка Вянера”, якія прагучалі ў выкананні Наталлі Клімковіч і барда Аляксея Галіча. Дарэчы, апошнюю спявалі ўсе прысутныя.

5 снежня мерапрыемства па ўшанаванні памяці Максіма Багдановіча працягнуцца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна, дзе архіў-музей адкрые выставу фотаздымкаў і аўтографаў са збору матэрыялаў сям’і Багдановічаў.