21 верасня у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Фатограф свайго часу”

Арганізацыя сумесных выстаў стала традыцыяй у працы беларускіх архіваў, музеяў, бібліятэк. Каб паўней раскрыць творчае аблічча таго ці іншага дзеяча, яго ўклад у беларускую культуру, паказаць яго месца ў сваім часе, трэба аб’яднаць намаганні розных устаноў, якія захоўваюць дакументы і матэрыялы гэтай асобы. Прыклад таму, адкрыццё 21 верасня выставы “Фатограф свайго часу”, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння старэйшага беларускага фотамайстра і педагога Ісака Восіпавіча Салавейчыка, у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Выстава была падрыхтавана музеем сумесна з Нацыянальнай бібіліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, прыватнымі калекцыянерамі. На выставе прадстаўлены фотапартрэты вядомых дзеячаў беларускай і замежнай культуры, створаныя Салавейчыкам ў 1950–1960-ыя гг., фатаграфіі вуліц і будынкаў Мінска 1930–1950-ых гг., шматлікія біяграфічныя дакументы і матэрыялы (артыкулы, граматы, віншавальныя адрасы, лісты, паштоўкі, фотаздымкі, кніга водгукаў з персанальнай выставы 1960 г. і інш.) дапаўняюць творчы партрэт таленавітага фотамайстра. Выстава будзе працаваць да 31 кастрычніка 2010 г.