7 красавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Каму дудка паслушна…”

7 красавіка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) адбылося адкрыццё выставы “Каму дудка паслушна…”, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння і 110-годдзя з дня смерці вядомага паэта, празаіка і публіцыста, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.

Спачатку слова было дадзена краязнаўцу і літаратуразнаўцу У. Содалю, які вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Ф. Багушэвіча і дапамагаў стваральнікам выставы сваімі карыснымі парадамі і некаторымі экспанатамі са сваёй калекцыі. Потым выступіла літаратуразнавец І. Багдановіч, чый артыкул “Дар музыкі – то твой дар, Божа”, прысвечаны паэту, выйшаў у навукова-метадычным часопісе “Роднае слова”. Дырэктар БДАМЛМ Г. Запартыка расказала пра найбольш цікавыя дакументы з фондаў архіва-музея. Тэму прадоўжыў расповед пра невядомую працу В. Сосенскага “Версіі і легенды: Гутаркі пра беларускага паэта Ф.К. Багушэвіча” (1956). На заканчэнне рок-спявак і пісьменнік В. Лупасін выканаў песні “Танцуй, гарцуй, пане…” на словы Ф. Багушэвіча і “Выпіў Куба да Якуба” на словы яго сучасніка В. Каратынскага.

Выстава складаецца з тэматычных стэндаў: “У пару маладосці”, “Служба”, “З творчай спадчыны”, “З сямейнага альбома”, “Розгалас дудкі”, “Яго даследчыкі”, “На паэтавай сядзібе”, “Памяць”, “Паэт у выяўленчым мастацтве” і аздоблена копіямі аўтографаў твораў Ф. Багушэвіча, фотаздымкаў з яго сямейнага альбома, арыгіналамі матэрыялаў экспедыцыі В. Вольскага ў родныя мясціны паэта ў 1950 г.

Пры стварэнні выставы выкарыстаны матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Старадарожскага мастацкага музея, Дзяржаўнага архіва Чарнігаўскай вобласці (Украіна).