3 кастрычніка 2008 г. у БДАМЛМ адбыліся VІ архіўныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка

3 кастрычніка 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся VІ архіўныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння выдатных дзеячаў беларускай культуры, вучоных, акадэмікаў, якія плённа сцвердзілі сябе ў многіх галінах творчай і грамадска-палітычнай дзейнасці, Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка. Кола выступоўцаў было надзвычай шырокім. У чытаннях, на якіх разглядалася таксама і тэма “Дакументы 20–30-х гадоў ў архівах, музеях і бібліятэках Беларусі”, прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, НАРБ, НГАБ, Дзяржархіва Віцебскай вобласці, БелНДЦЭД, Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча, выкладчыкі і аспіранты: Інстытута ўкраінскай археаграфіі і крыніцазнаўства імя М.С.Грушэўскага НАН Украіны, Белдзяржуніверсітэта, Белдзяржпедуніверсітэта імя М.Танка, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны.

Чытанні адкрыла дырэктар архіва-музея Г.В.Запартыка. З прывітальным словам выступіў кіраўнік Дэпартамента па архівах і справаводству пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І. Адамушка, які павіншаваў прысутных з Днём архівіста і расказаў пра актывізацыю і перспектывы супрацоўніцтва архіўнай службы Беларусі з архівамі Польшчы, Расіі, Украіны, Германіі ў галіне выкарыстання дакументаў праз сумесныя зборнікі дакументаў, выстаўкі, абмен лічбавымі копіямі і г.д. З Даўгаўпілсу прыехаў сябра Беларускага таварыства ў Латвіі, краязнавец Мікола Паўловіч, які перадаў у дар архіву-музею шкляныя негатывы аб дзейнасці беларускіх школак і іншыя рэчы. Краязнавец Міхась Казлоўскі, рэдактар часопіса “Віленскі куфэрак”, падараваў архіву-музею рэдкія фотаздымкі, якія тычацца працы культурных дзеячаў Заходняй Беларусі, а таксама ксеракопіі дзённікавых запісаў Мар’яна Пецюкевіча.

Удзельнікі чытанняў працягвалі працу па секцыях. На першай, прысвечанай жыццю і дзейнасці Вацлава Ластоўскага, прагучалі даклады літаратуразнаўчага і крыніцазнаўчага накірунку, з якімі выступілі У.Конан, В.Жыбуль, А.Гурская, Ю.Ксяневіч, Г.Сівохін, Г.Кажамякін, М.Казлоўскі, А.Бурбоўская, Г.Запартыка. Ацэнку яго неардынарнай палітычнай працы далі гісторыкі В.Лебедзева ў дакладах “Вацлаў Ластоўскі і Палута Бадунова” і А.Пашкевіч – “Вільня ці Менск? Трагічны выбар Вацлава Ластоўскага ў 1926 – пачатку 1927 гг”.

На другой секцыі, прысвечанай Язэпу Лёсіку, выступалі пераважна архівісты і гісторыкі, даклады якіх мацаваліся на дакументах, выяўленых ў архівах Беларусі і Украіны: З.Яцкевіч (“Радавод Язэпа Лёсіка”), В.Скалабан (“Беларуская дзяржаўнасць у 1918–1945 гг. Тэксты і кантэксты”), Н.Калеснік, М.Тумаш, В.Урублеўскі, В.Іванова, В.Гапеева, У.Ляхоўскі, В.Ямкова (“Дакументальная спадчына дзеячаў беларускай культуры ў архівах і бібліятэках Украіны”) і інш. Па матэрыялах IV–VI архіўных чытанняў будзе выдадзены зборнік.

Удзельнікі чытанняў азнаёміліся з дакументальнай выставай “Проста – адраджэнцы”, на якой прадстаўлены аўтографы твораў Язэпа Лёсіка, яго публіцыстыка, мовазнаўчыя працы, прыжыццёвыя выданні яго падручнікаў па беларускай мове. Шырока прадстаўлена на выставе навукова-асветная і палітычная дзейнасць Вацлава Ластоўскага на аснове дакументаў рукапіснага аддзела Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. З пяці выданняў унікальнай працы В.Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” (1926), якія захоўваюцца сёння ў БДАМЛМ, дэманструецца адна, з дароўным надпісам М.Улашчыка А.Каўку. На выставе, сярод выданняў і артыкулаў 1990-х гадоў, – у публікацыях Р.Платонава і У.Міхнюка – дакументы следчых спраў В.Ластоўскага І Я. Лёсіка, рэпрэсіраваных па сфабрыкаванай справе неіснуючай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”.