30 верасня 2020 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

30 верасня 2020 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі разгледжаны наступныя пытанні:

1.Аб падрыхтоўцы дзяржаўных архіўных устаноў да асенне-зімовага перыяду 2020/2021 года
2.Аб падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб архіўнай справе і справаводстве»
3.Аб міжнароднай дзейнасці Дэпартамента па архівах і справаводству і дзяржаўных архіўных устаноў

Па першым пытанні калегіяй адзначана, што дзяржаўныя архіўныя ўстановы забяспечылі падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду 2020/2021 года. Адзначана станоўчая работа дзяржаўных архіўных устаноў па выкананні запланаваных мерапрыемстваў і своечасовым атрыманні пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі. На падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі былі затрачаны як бюджэтныя, так і пазабюджэтныя сродкі.

Па другім пытанні калегіяй было адзначана, што ў 2019 – 2020 гг. аддзеламі Дэпартамента па архівах і справаводству, зацікаўленымі дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі была праведзена папярэдняя работа па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 г. № 323-З «Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь ». Асаблівая ўвага ў ходзе работы надавалася ўдасканаленню архіўнай тэрміналогіі, магчымасці выдаленага захоўвання дакументаў, статусу тэрытарыяльных (гарадскіх і раённых) архіваў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, парадку захоўвання дакументаў пры рэарганізацыі арганізацый, перагляду тэрмінаў часовага захоўвання дакументаў, вызначэнню зместа архіўных дакументаў, доступ да якіх абмяжоўваецца, ўдакладненню парадка перамяшчэння арыгіналаў дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду і іх копій. Па выніках абмеркавання калегія вырашыла да 10 снежня 2020 г. дапрацаваць спрэчныя пытанні і да 1 студзені 2021 года сфармаваць канчатковы тэкст праекта Закона.

Па трэцім пытанні калегіяй было адзначана, што ключавое значэнне ў міжнароднай дзейнасці Дэпартамента па архівах і справаводству і дзяржаўных архіўных устаноў займае праца ў рамках міжнародных арганізацый і аб’яднанняў архівістаў. Дэпартамент з’яўляецца членам прафесійнага архіўнага аб’яднання Міжнароднага савета архіваў (МСА) і ў адпаведнасці з прынятай у арганізацыі структурай ўваходзіць у склад яго Еўраазіяцкага рэгіянальнага аддзялення (ЕЎРАЗІКА). Назіраецца тэндэнцыя на пашырэнне пераліку міжнародных кантактаў архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь. У 2016-2020 гг. дзяржаўныя архіўныя ўстановы Беларусі наведалі і прынялі ўдзел у мерапрыемствах рознага фармату афіцыйныя дэлегацыі і прадстаўнікі архіўных службаў каля 11 дзяржаў, сярод якіх Арменія, Казахстан, Кітай, Літва, Мальта, Польшча, Фінляндыя, Султанат Аман, ЗША. Ў адказ візіты беларускай дэлегацыі адбыліся ў Літву Латвію, Польшчу, Славакію, Султанат Аман, Фінляндыю. У развіцці міжнародных адносін выкарыстоўваецца таксама праект мабільнасці Еўрапейскага Саюза MOST.

У ходзе работы калегіі была заслухана інфармацыя аб стане работы па выкананні дзяржаўнай установай «Цэнтральная лабараторыя мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

На пасяджэнні калегіі таксама было ўзгоднена прызначэнне на пасады загадчыка аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» Нартоўскай Н.С., загадчыка аддзела публікацый дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» Кулінка С.В., загадчыка аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў установы «Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі» Кураковай К.А., загадчыка аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі» Цярэшкі А.М.