Установа «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб'яднанняў Магілёўскай вобласці»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 2 745 фондаў, 332 848 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: 1918-1941 гг., з 1943 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваная Магілёўскі акруга
  • Магілёўская вобласць

Склад фондаў:

У архіве сканцэнтраваны дакументы павятовых, валасных, акруговых камітэтаў партыі і камсамола, палітаддзела, абласных і раённых камітэтаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) і Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (ЛКСМБ), першасных партыйных і камсамольскіх арганізацый. У дакументах архіва адлюстравана дзейнасць партыйных органаў вобласці ў сферы арганізацыйна-партыйнай і ідэалагічнай працы, а таксама іх кіраўніцтва эканамічным і сацыяльным развіццём рэгіёну.

У фондах павятовых камітэтаў партыі (1918-1935 гг.) утрымліваюцца звесткі аб барацьбе беларускага народа з белапольскай інтэрвенцыяй, аказанні дапамогі фронту і сем’ям чырвонаармейцаў, дзейнасці рэвалюцыйных камітэтаў і барацьбе з бандытызмам.

Шырока прадстаўлены дакументальныя матэрыялы аб працы сярод жанчын, сялянства, а таксама нацыянальных меншасцяў за даваенны перыяд (1920-1935гг.). Асветлены ход калектывізацыі і калгаснага будаўніцтва, развіццё стаханаўскага руху і сацыялістычнага спаборніцтва, культурна-асветнай працы.

У дакументальных матэрыялах абласнога і раённых камітэтаў КПБ маюцца звесткі аб стане народнай гаспадаркі вобласці пасля акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі і яе аднаўленні, матэрыялы аб увекавечанні подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дакументы аб правядзенні агітацыйна-прапагандысцкіх і гаспадарчых кампаній, звесткі аб развіцці прамысловасці, транспарту, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, агляды, справаздачы аб стане аховы здароўя, народнай адукацыі, аб рабоце грамадскіх арганізацый і добраахвотных таварыстваў.

У дакументальных матэрыялах камсамольскіх фондаў маюцца звесткі аб працоўным, ваенна-патрыятычным, фізічным выхаванні і развіцці навукова-тэхнічнай творчасці моладзі.

У архіве захоўваюцца успаміны ўдзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, абароны г. Магілёва летам 1941 г., патрыятычнага падполля на Магілёўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дакументы пісьменніка М. Лынькова, напісаныя ім падчас яго працы ў рэдакцыі газеты «Камуніст» у г. Бабруйску ў 1930 г.

У архіве маюцца дакументы грамадскіх арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці у 1990-2002 гг.: ветэранскіх, маладзёжных, жаночых, дзіцячых, дабрачынных, рэлігійных і палітычных партый.

На захоўванні ў архіве маюцца фонды асабістага паходжання: Н. Я. Веліканава – калекцыянера экслібрыса, М. П. Булавацкага – выкладчыка Магілёўскага педагагічнага інстытута ім. Куляшова, І. А. Ціханава – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, члена прэзідыума магілёўскага гарадскога Савета Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл.

Дакументы новых паступіўшых фондаў грамадскіх арганізацый адлюстроўваюць развіццё прадпрымальніцтва, фізічнай культуры і спорту на Магілёўшчыне (бодыбілдынг і фітнес, культурызм, кампутарны спорт), дзейнасць пажарнага таварыства і таварыства аховы прыроды, а таксама літаратурныя і журналісцкія пытанні.