Установа «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 741 фонд, 10 калекцый, 554 762 адзінкі захоўвання

Храналагічны перыяд: з 1919 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (асобныя тэрыторыі)
  • скасаваных Васілішкаўскі, Жалудокскі, Поразаўскі, Скідзельскі, Сапоцкінскі раёны
  • горад Гродна, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Свіслацкі і Шчучынскі раёны Гродзенскай вобласці

Склад фондаў:

Самыя раннія дакументы архіва адносяцца да перыяду існавання на Гродзеншчыне першых органаў Савецкай улады – ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў (1920 г.). Гэта дакументы аб арганізацыі партыйных і камсамольскіх ячэек; загады, распараджэнні і пратаколы пасяджэнняў павятовых і валасных рэўкамаў па ўсіх напрамках палітычнай, эканамічнай і грамадскай дзейнасці; спісы валасцей і населеных пунктаў і звесткі аб колькасці ўрочышчаў, маёнткаў, фальваркаў і ліку жыхароў у іх; матэрыялы аб працы Гродзенскага тэатра і інш.

У архіве захоўваецца значны комплекс дакументаў устаноў Польскай Рэспублікі, якія існавалі на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага паветаў), Ваўкавыскага і Гродзенскага паветаў Беластоцкага ваяводства. Эканамічны стан краю, правядзенне аграрнай рэформы, хутарызацыя сялянскіх гаспадарак, падатковая палітыка асветлены ў фондах Навагрудскага ваяводскага кіравання, павятовых стараств, праўленняў, гмінных рад, зямельных упраўленняў і надлясніцтваў.

Фонды настаўніцкіх семінарый, гімназій ўтрымліваюць загады, цыркуляры і распараджэнні Міністэрства рэлігійных культаў і грамадскай асветы, папячыцельстваў Варшаўскага і Віленскага навучальных акругаў, пратаколы пасяджэнняў педагагічных саветаў і дзяржаўных экзаменаў, спісы выкладчыкаў і навучэнцаў, ведамасці паспяховасці і інш.

У справаздачах, рапартах, судовых справах паліцэйскіх судовых устаноў, Гродзенскай турмы ўтрымліваюцца звесткі аб грамадска-палітычным руху і выступах працоўных у 1935-1936 гг. у абарону рэвалюцыянера С. А. Прытыцкага, асуджанага польскім судом да смяротнага пакарання; аб утрыманні ў Гарадзенскай турме паэтаў М. Машары, П. Пестрака, В. Таўлая. Дакументы фондаў устаноў перыяду буржуазнай Польскай Рэспублікі ў асноўным на польскай мове.

Дакументы перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі прадстаўлены фондамі устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія дзейнічалі ў той час на акупаванай тэрыторыі, і ілюструюць палітыку нямецкіх улад.

Самы вялікі масіў дакументаў архіва – гэта дакументы савецкага перыяду. Дакументы 1939-1941 гг. адлюстроўваюць гісторыю ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай (БССР), сацыялістычных пераўтварэнняў эканомікі і культуры напярэдадні вайны. Асноўную частку фондаў архіва пасляваеннага перыяду складаюць фонды органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўнага і народнага кантролю, юстыцыі, суда і пракуратуры, планавання і статыстыкі, фінансавання, дзяржаўнага страхавання; устаноў і арганізацый сельскай, лясной і воднай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры, камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі, гандлю, грамадскага харчавання, кааперацыі, народнай адукацыі, культуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, аховы здароўя, сацзабеспячэння, фізкультуры і спорту, прафсаюзных і іншых грамадскіх арганізацый. Гэтыя фонды ўтрымліваюць дакументы, якія адлюстроўваюць асноўную дзейнасць, функцыі названых устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.

Дакументы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, створаных у 90-я гг. XX ст., прадстаўлены у фондах падатковых інспекцый, камітэта па дзяржмаёмасці, адкрытых акцыянерных таварыстваў, сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў.

У фондах асабістага паходжання архіва сабраны дакументы аб жыцці і дзейнасці доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Я. Н. Мараша; філосафа, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, ураджэнца г. Гродна А. А. Макавельскага; пісьменніка А. Карпюка; дырэктара Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, заслужанага дзеяча культуры БССР А. Н. Плешавені; доктара медыцынскіх навук, прафесара В. І. Бржэскага, дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва ў г. Гродна, заслужанага работніка культуры БССР, гісторыка-архівіста К. П. Батраковай; кандыдата гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы В. М. Чарапіцы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Гродна Г. І. Абелеўскага.

У архіве маюцца калекцыі дакументаў удзельнікаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, рэвалюцыйнага руху на Гродзеншчыне і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны; дакументаў на рэпатрыяваных грамадзянскіх асоб і савецкіх ваеннапалонных, дакументаў фільтрацыйных спраў грамадзян, што вярнуліся з Германіі; дакументаў па асабоваму складу за 1944-1962 гг.; дакументаў па гісторыі Беларускай пагранічнай акругі, сабраныя В. П. Верхасем; калекцыя лічбавых копій на правах арыгіналаў дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанесенай імі шкоды грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (ЧДК) па г. Гродна, Бераставіцкім, Васілішкаўскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Зельвенскім, Мастоўскім, Поразаўскім, Радунскім, Свіслацкім, Скідзельскім, Сапоцкінскім, Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці БССР, перададзеных з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі.