Установа «Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 5 941 фондаў, 13 калекцый, 1 476 243 адзінкі захоўвання (па дзяржаўнаму комплексу ўсяго на захоўванні: 3 115 фондаў, 824 664 адзінак захоўвання, у тым ліку асабовага паходжання – 590 адзінак захоўвання (5 877 дакумент); па партыйнаму комплексу ўсяго на захоўванні: 2 826 фондаў, 651 579 адзінкі захоўвання)

Храналагічны перыяд: з 1917 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваная Мінская губерня
  • скасаваныя Заслаўскі, Рудзенскі раёны
  • горад Мінск, Бярэзінскі, Дзяржынскі, Клецкі, Мінскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці

Склад фондаў:

У архіве сканцэнтраваны комплекс дакументальных матэрыялаў органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, фінансавання, статыстыкі, планавання, кантролю, суда, пракуратуры, адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, спорту. Захоўваюцца фонды арганізацый і прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, друку, выдавецкай справы, радыёвяшчання і тэлебачання і інш.

З 1996 г. у архіве знаходзяцца больш за 600 тысяч спраў былога архіва Мінскага абкама партыі, перададзеныя з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Фонды устаноў перыядаў нямецкай (люты – снежань 1918 г.) і белапольскай (ліпень 1919 г. – ліпень 1920 г.) акупацыі характарызуюць эканамічную і карную палітыку інтэрвентаў.

У архіве захоўваюцца фонды грамадскіх арганізацый (прафсаюзаў, Мінскага абласнога камітэта таварыства Чырвонага Крыжа, Мінскага абласнога савета і інш.), фонды устаноў па справах рэлігійных канфесій (Упаўнаважаны Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР па Мінскай вобласці, Упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР па Мінскай вобласці і інш.).

Найкаштоўнейшай крыніцай для вывучэння перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі вобласці з’яўляюцца рассакрэчаныя дакументы, у якіх маецца інфармацыя аб знішчэнні габрэяў г. Мінска 7-8 снежня 1941 г. і пацыентаў псіхіятрычных бальніц у снежні 1941 г.; прыводзяцца спісы спаленых вёсак, распараджэнні нямецкага камандавання і заклікі аб увядзенні строгіх мер для барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі.

Дакументы аб расследаванні злачынстваў нямецкіх захопнікаў на акупаванай тэрыторыі Мінскай вобласці знаходзяцца ў калекцыі пазітываў фонду Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўсталяванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды.

У архіве захоўваецца шэраг калекцый, сфарміраваных з дакументаў малааб’емных фондаў мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прадпрыемстваў і ўстаноў недзяржаўнай формы ўласнасці.