Установа «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (БДАКФФД)

Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў:

  • кінадакументы: 60 177 адзінак захоўвання
  • фотадакументы: 285 476 адзінак захоўвання
  • фонадакументы: 26 559 адзінак захоўвання
  • відэадакументы: 8 546 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: ХІХ – 2023 г.

Тэрытарыяльны ахоп:

  • былыя Віленская, Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні Расійскай імперыі
  • Заходняя Беларусь у складзе Польшчы
  • Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР)
  • Расійская Федэратыўная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
  • Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
  • Германія перыяду Другой сусветнай вайны
  • Рэспубліка Беларусь
  • іншыя краіны (у раздзеле “Сусветная фота”, інш.)

Склад фондаў:

Архіў захоўвае кінафотафонадакументы, якія ілюструюць гісторыю нашай краіны на працягу больш за сто гадоў. Гэта фотадакументы дарэвалюцыйнага перыяду, перыяду Першай сусветнай вайны, Другой сусветнай вайны і сучаснага перыяду, кінадакументы з 1916 г., фоназапісы з 1906 г. Найбольш раннія фотадакументы (1860 – 1890-я гг.) прадстаўлены салоннымі партрэтамі, вырабленымі ў фатаграфічных Атэлье Т. Епіфанава, М. В. Страшунэра і М. Наппельбаума з сямейнага альбома ўдзельніка Першай сусветнай вайны Г. А. Лукоўнікава. Выключная каштоўнасць кінакадраў і фотаздымкаў, знятых на мяжы XIX і XX стагоддзяў, якія адлюстроўваюць будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, Курлоўскі расстрэл 1905 г. у г. Мінску, прыезд у Беларусь цара Мікалая II, братанні салдат на франтах Першай сусветнай вайны. У складзе фотадакументаў знаходзіцца калекцыя фотаздымкаў і паштовак (больш за 400) з відамі беларускіх гарадоў да 1917 г. (Мінска, Нясвіжа, Барысава, Вілейкі, Маладзечна, Заслаўя, Кобрына, Гомеля, Пінска, Гродна, Віцебска, Полацка, Магілёва і інш.). Выявы архітэктурных помнікаў, культавых збудаванняў, помнікаў культуры, абарончых збудаванняў, размешчаных на тэрыторыі Беларусі захаваліся на арыгінальных негатывах (больш за 1000 адзінак), за перыяд 1930-х – 1970-х гг., якія паступілі ад Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры БССР.

Маецца калекцыя пазітыўных здымкаў па гісторыі II Каўказскага армейскага корпуса 1914-1917 гг., якія адлюстроўваюць падзеі Першай сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі, якія адбываліся на тэрыторыі Каралеўства Польскага і Заходніх губерняў Расійскай імперыі. На партрэтных здымках, датаваных канцом XIX – пачаткам XX стагоддзяў, выкананых у фотосалонах гарадоў Менска, Вільні, Петраграда, адлюстраваныя воіны Расійскай імператарскай гвардыі, матросы Балтыйскага флоту расійскай арміі, вайскоўцы РККА, сямейныя пары ў вясельных уборах. Пазітыўныя адбіткі выкананыя ў майстэрнях фатографаў І. Метора, А. Арауса, В. Ю. Янкоўскага, Н. Фішмана.

Адна з найбольш каштоўных калекцый дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве – калекцыя магнацкага роду князёў Радзівілаў, якая складаецца з 55-ці фотаздымкаў. Яны распавядаюць аб Нясвіжскім замку – рэзідэнцыі Радзівілаў, аб членах сям’і, іх сяброў і гасцях. Не менш значным з’яўляецца сямейны фотаальбом Н.А. Кучэўскага. Альбом ахоплівае перыяд часу з 1913 па 1971 гг. 785 фотаздымкаў ілюструюць гісторыю савецкай авіяцыі з першых дзён яе існавання, а таксама ваенную кар’еру камандзіра 5-га асобнага авіяатрада Ваенна-паветраных сіл РККА Н.А. Кучэўскага ад курсанта да камандзіра эскадрыллі.

У зборах архіва вельмі шырока прадстаўлены фотадакументы часоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, міжваеннага перыяду (маніфестацыі, мітынгі салдат і насельніцтва, харчовыя атрады, атрады Чырвонай Арміі), фотапартрэты дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, акцёраў гэтага часу (А. Ф. Мяснікова, М. В. Фрунзэ, А. Г. Чарвякова і інш.).

У раздзеле “Сусветная фота” знаходзяцца работы замежных прафесійных фатографаў пачатку стагоддзя, а таксама 1920-1940-х гг. – жанравыя фота, пейзажы, фатаграфіі Б. Шоў, Ф. Шаляпіна, Р. Тагора, Ч. Чапліна, І. Штраўса і іншых.

У архіве захоўваюцца дакументы, якія адлюстроўваюць эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае становішча Заходняй Беларусі, нацыянальна-вызваленчы рух за уз’яднанне з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай (БССР).

Значную частку дакументаў архіва складаюць кінадакументы – гэта мастацкія, анімацыйныя, навукова-папулярныя, навучальныя і дакументальныя фільмы, кінанарысы, альманахі і кіначасопісы. Шмат цікавых дакументальных кадраў ўключана ў такія фільмы, як “Біяграфія маёй рэспублікі”, “Штрыхі да партрэта”, “Беларусь дарэвалюцыйная”, “Старонкі гісторыі Мінска” і іншыя. У кіначасопісах “Савецкая Беларусія”, “Навіны дня”, “Мастацтва Беларусі”, “Піянер Беларусі”, датаваных 1939-1993 гг., адлюстраваны многія значныя падзеі ў жыцці Беларусі. Сярод кінадакументаў маюцца лічбавыя копіі адных з самых ранніх мастацкіх фільмаў (1927 г.) вытворчасці студыі «Белдзяржкіно» «Кастусь Каліноўскі», «Яго правасхадзіцельства». Калекцыю кінадакументаў дапаўняюць пазітыўныя копіі фільмаў, створаныя студыямі саюзных рэспублік.

Гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў фотаздымках і кінакадрах, створаных ваеннымі аператарамі, фотакарэспандэнтамі. М. Беравым, П. Берштэйнам, І. Вейняровічам, М. Сухавой, А. Рэйзман, В. Цеслюком. Вялікую цікавасць уяўляюць кінадакументы “Баявыя дзеянні нашых войскаў”, “Беларускія партызаны”, “У партызанскім атрадзе імя Бацькі Міная”, “Баявыя дзеянні партызан”, “Бітва за Беларусь”, “Злачынствы фашыстаў на тэрыторыі Беларусі”, “У вызваленым Мінску”, “Вызваленне Савецкай Беларусі”. Унікальныя трафейныя кінастужкі – агітацыйна-прапагандысцкі матэрыял, адзняты ў гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі нямецкімі кінааператарами, а таксама фотадакументы з 63 нямецкіх трафейных альбомаў, вывезеных з Германіі ў 1945 г. У іх прадстаўлена фотахроніка падзей, якія адбываліся ў краінах, акупаваных фашысцкай Германіяй і ў самой Германіі. Сярод фотадакументаў гэтага падзелу найбольшую цікавасць выклікаюць матэрыялы па тэмах: “Акупацыйны рэжым на захопленых тэрыторыях”, “Зверствы фашыстаў”, “Разбурэння беларускіх гарадоў і вёсак”, “Баявыя аперацыі партызанскіх атрадаў”, “Побыт партызан”, “Лагера смерці”, “Габрэйскія гета”. У БДАКФФД захоўваецца фотакалекцыя В. І. Аркашова, якая складаецца з 508 здымкаў, зробленых аўтарам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Фотадакументы адлюстроўваюць падзеі першых дзён вайны, армейскі быт, баявыя эпізоды, атакі і пераправы, работу медсанбатаў і многае іншае. У фондах архіву захоўваюцца кадры нямецкай і партызанскай кінахронікі, якія адлюстроўваюць самы пачатак вайны, ваенныя аперацыі, бітвы і побыт партызан.

У фондах архіва маюцца найцікавыя фонадакументы, на якіх запісаны галасы вядомых палітыкаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Лынькова, М. Танка, К. Крапівы, Т. Я. Кісялёва, П. М. Машэрава, В. І. Казлова, А. Бембеля, 3. Азгура, М. Савіцкага, С. Станюты і многіх іншых), музычныя і драматычныя творы.

Сярод фонадакументаў найбольш яркай і значнай з’яўляецца калекцыя грамафонных пласцінак і магнітафонных запісаў вядомага беларускага тэнара М. І. Забэйды-Суміцкага з песнямі, рамансамі, арыямі з опер на беларускай, рускай, чэшскай, украінскай, польскай, нямецкай, італьянскай, фінскай і англійскай мовах. Калекцыя налічвае 40 адзінак захоўвання.

У архіве захоўваюцца дакументы, якія распавядаюць аб аднаўленні разбуранай ў гады вайны народнай гаспадаркі, адраджэнне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, пра першыя пяцігодкі. Функцыянаванне дзяржавы ў новых палітычных і эканамічных умовах адлюстроўваюць дакументы, якія адклаліся ў архіве пасля абвяшчэння дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

БДАКФФД працягвае папаўняць свае фонды. Асноўнымі крыніцамі камплектавання архіва з’яўляюцца Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а таксама фотатэкі рэдакцый рэспубліканскіх газет і часопісаў.