Установа «Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці»

Гістарычная даведка

11 лютага 1940 г. у сістэме Народнага камісарыята ўнутраных спраў быў створаны Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці.

У лютым 1940 г. у архіў былі прынятыя дакументы ліквідаваных польскіх дзяржаўных органаў і ўстаноў, якія дзейнічалі ў 1919 -1939 гг. на тэрыторыі Палескага ваяводства, а таксама ўсіх грамадска-палітычных, саслоўных і іншых арганізацый, органаў ваеннага кіравання і вайсковых частак, дзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, маёнткаў.

У чэрвені 1941 г. дакументы архіва эвакуіраваць не ўдалося. У перыяд нямецкай акупацыі многія з іх былі непапраўна пашкоджаны, частка вывезена, уліковы і навукова-даведачны матэрыял да іх быў знішчаны.

У другой палове 1940-х гг. у архіў паступілі дакументы органаў нямецкай адміністрацыі і іншых арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі вобласці ў перыяд акупацыі (чэрвень 1941 – ліпень 1944 г.).

Са студзеня 1954 г. да сярэдзіны 1960-х гг. у абласны архіў паступілі дакументы перыядаў знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, а таксама пад нямецкай акупацыяй, якія захоўваліся ў архівах скасаваных Баранавіцкай і Пінскай абласцей.

З 1950-х гг. Брэсцкі абласны архіў стаў планамерна камплектавацца дакументамі савецкіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.

У сакавіку 1960 г. архіў пераведзены ў падпарадкаванне архіўнага аддзела Брэсцкага аблвыканкама.

У 1992 г. у архіў з ліквідаванага партыйнага архіва Брэсцкага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі паступілі фонды партыйных органаў і арганізацый Брэсцкай, скасаваных Баранавіцкай і Пінскай абласцей за 1939 -1941, 1944 -1991 гг.

28 мая 2001 г. архіў перайменаваны ў “Навукова-метадычная ўстанова “Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці”.

У траўні 2006 г. архіў увайшоў у сістэму Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

З 15 мая 2012 г. архіў носіць назву “Установа “Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці”.