Установа «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (БелНДІДАС)


Гістарычная даведка

Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДIДАС) – першая ў Рэспубліцы Беларусь навукова-даследчая ўстанова, якая ажыццяўляе навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне дакументазнаўства і архівазнаўства.

Інстытут вядзе адлік сваёй дзейнасці з 11 снежня 1991 г., калі ў Мінску на базе Інстытута гісторыка-палітычных даследаванняў Кампартыі Беларусі (да кастрычніка 1990 – Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ) распараджэннем Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў створаны Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі (БелНДЦДР).

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 1993 г. БелНДЦДР быў перайменаваны ў Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДЦДАС), што заклікана было падкрэсліць галіновую накіраванасць навуковай дзейнасці цэнтра.

25 студзеня 1994 г. распараджэннем Старшыні Савета ў сувязі з пашырэннем напрамкаў навукова-даследчай дзейнасці цэнтр быў перайменаваны ў Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы (БелНДЦДААС).

31 студзеня 1996 г. у мэтах удасканалення дзейнасці цэнтра і павышэння яго статусу загадам Старшыні Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь ён быў ператвораны ў Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. З 20 чэрвеня 2001 г. афіцыйная назва БелНДIДАС – установа «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы».

У кастрычніку 1999 г. БелНДIДАС стаў базавай арганізацыяй Археаграфічнай камісіі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы архіўнай справы і справаводства – Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь (з мая 2006 г. – Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь).

У перыяд з 1996 па 2002 гг. пры БелНДIДАС дзейнічаў савет па абароне дысертацый па спецыяльнасці 07.00.09 – гісторыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання з правам прымаць да абароны дысертацыі па спецыяльнасці 05.25.02 – дакументалістыка, дакументазнаўства, архівазнаўства. У 2000 па 2013 гг. пры БелНДIДАС функцыянавала аспірантура, якая ажыццяўляла падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі па ўказаных спецыяльнасцях.

24 чэрвеня 2011 г. загадам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь па прапанове БелНДIДАС быў створаны нацыянальны тэхнічны камітэт па стандартызацыі ТК BY 28 «Кiраванне дакументамі» з ускладаннем на інстытут функцый па вядзенні яго сакратарыята.

З 2012 г. на падставе сумеснага загаду дырэктара БелНДIДАС і рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў iнстытуце дзейнічае філіял кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ.

Літаратурныя крыніцы аб БелНДІДАС:

  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 1997
  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. (Да 10-годдзя ўтварэння). Мн., 2001
  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы: Бібліяграфічны паказальнік. Мн., 2001.