Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (НАРБ)

Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 308 фондаў, 1 226 996 адзінак захоўвання, 811 дакументаў

Храналагічны перыяд: з 1917 г. па цяперашні час (асобныя дакументы XVII, канца XIX – пачатку XX ст.)

Тэрытарыяльны ахоп:

  • былыя Віленская, Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Смаленская губерні Расійскай імперыі
  • Заходняя Беларусь у складзе Польшчы
  • Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР)
  • Рэспубліка Беларусь

Склад фондаў:

Дакументы, якія захоўваюцца ў архіве, характарызуюць найважнейшыя бакі грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця рэспублікі. Яны адлюстроўваюць гістарычныя падзеі, этапы развіцця грамадства і дзяржавы, барацьбу працоўных Беларусі за ўсталяванне і ўмацаванне Савецкай улады, падзеі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі, культурнае будаўніцтва, жыццё выдатных палітычных, дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў навукі, культуры, мастацтва.

Перыяд пярэдадня Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі адлюстраваны ў дакументах фондаў канцылярый губернскіх і павятовых камісараў, зямельных, харчовых і грамадскіх камітэтаў, земскіх і харчовых упраў, іншых устаноў і арганізацый Часовага буржуазнага ўрада на тэрыторыі Беларусі.

Барацьба беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў, імкненне працоўных да захавання саюза з Расіяй, першыя мерапрыемствы па сацыялістычнаму будаўніцтву на неакупаванай тэрыторыі Заходняй вобласці адлюстраваны ў фондах устаноў і арганізацый Заходняй вобласці (1918 г.) і ў фондзе Беларускага нацыянальнага камісарыята (1918-1919 гг.).

Заканадаўчая дзейнасць, прынцыпы, формы і метады дзяржаўнага кіраўніцтва развіцця народнай гаспадаркі, сацыяльна-культурнае і дзяржаўнае будаўніцтва рэспублікі прадстаўлены ў фондах вышэйшых органаў дзяржаўнай улады – Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета Народных Камісараў (СНК) – Савета Міністраў БССР і Рэспублікі Беларусь, Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры Ўрадзе СССР, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Архіў захоўвае фонды органаў аховы грамадскага парадку, правасуддзя, нагляду за законнасцю (Наркамат юстыцыі БССР – Міністэрства юстыцыі БССР і Рэспублікі Беларусь, Вышэйшы суд БССР, Вярхоўны суд БССР і Рэспублікі Беларусь, Пракуратура БССР і Рэспублікі Беларусь, Дзяржарбітраж пры Савеце Міністраў БССР).

Фонды Міністэрства аўтамабільнага транспарту БССР, Галоўнага ўпраўлення шашэйных дарог пры Савеце Міністраў БССР, Галоўнага ўпраўлення рачнога флоту пры Савеце Міністраў БССР, Упраўлення Беларускай чыгункі, Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Нацыянальная авіякампанія “Белавія” ўтрымліваюць рознабаковую інфармацыю па пытаннях развіцця транспарту ў рэспубліцы.

Развіццё паштовай, тэлеграфнай, тэлефоннай сувязі, радыёсувязі, радыётэлевізійнага вяшчання ў рэспубліцы адлюстравана ў дакументах Міністэрства сувязі БССР, Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Стан народнай адукацыі асвятляецца ў дакументах фондаў Наркамата асветы БССР, Міністэрства асветы БССР, Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, вышэйшых навучальных устаноў.

Развіццё мастацтва, культуры ў БССР адлюстравана ў фондах Міністэрства культуры БССР, Дзяржаўнага камітэта пры Савеце Міністраў БССР па кінематаграфіі, Камітэта па справах мастацтваў і Камітэта па справах культурна-асветных устаноў пры Савеце Міністраў БССР.

Пытанні арганізацыі і развіцця аховы здароўя раскрываюць дакументы Наркамата і Міністэрства аховы здароўя БССР і Рэспублікі Беларусь.

У архіве маюцца фонды прафсаюзных і грамадскіх арганізацый, палітычных рухаў і партый.

Дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены ў фондах Беларускага штаба партызанскага руху (БШПД), партызанскіх брыгад і атрадаў, Камісіі па выдачы пасведчанняў «Партызан Беларусі», Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўстанаўленню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды, Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (ЦК КП(б)Б), Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Акрамя таго, у архіве сканцэнтраваны калекцыі лістоў франтавікоў і воінаў, лістовак, газет і плакатаў партыйных, камсамольскіх і антыфашысцкіх арганізацый і партызан Беларусі, а таксама мікрафільмаў дакументаў, якія захоўваюцца ў архівах замежных краін. Супраціў насельніцтва гітлераўскім захопнікам раскрываецца ў фондах вышэйшых партыйных, савецкіх, ваенных і камсамольскіх органаў і арганізацый, мясцовых падпольных партыйных і камсамольскіх органаў і арганізацый.

Дакументы акупацыйнага рэжыму падчас Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены фондамі нямецка-фашысцкіх акупацыйных органаў, органаў самакіравання і іх рэгіянальных аддзяленняў, воінскіх устаноў, частак і фармаваньняў, паліцыі і фарміраванняў, якія выконвалі паліцэйскія функцыі, органаў судовай улады, пракурорскага нагляду, аказання юрыдычнай дапамогі, выканання пакаранняў, рэгістрацыі насельніцтва, органаў эканамічнага асваення акупаваных тэрыторый, камунальнага і жыллёва-камунальнага забеспячэння суб’ектаў гаспадарання, органаў народнай адукацыі, інфармацыйна-прапагандысцкіх арганізацый, грамадскіх арганізацый, якія легальна функцыянавалі ва ўмовах акупацыі, прафесійных і навукова-культурных аб’яднанняў і інш.

У фондах Цэнтральных Камітэтаў Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (ЦК КПБ і ЦК ЛКСМБ) сканцэнтраваны дакументы, якія адлюстроўваюць пытанні партыйнага будаўніцтва і ўнутрыпартыйнай барацьбы, дзейнасць партыі і камсамола па кіраўніцтву органамі дзяржаўнай улады і кіравання, грамадскімі і моладзевымі арганізацыямі, народнай гаспадаркай, культурай, навукай, аховай здароўя, падпольным і партызанскім рухам у гады Вялікай Айчыннай вайны; правядзенне ідэалагічнай, палітыка-выхаваўчай і ваенна-абароннай работы сярод насельніцтва. У фондах вышэйшых органаў партыі і камсамола адклаліся дакументы па асабістаму складу (спісы, мандаты, пасведчанні, анкеты, справы па прыёме і аднаўленні ў партыі, выдачы партыйных дакументаў, асабістыя і персанальныя справы, справы па апеляцыі). Гісторыя стварэння і дзейнасць Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) прадстаўлена ў дакументах фонду Прадстаўніцтва Цэнтральнага Камітэта КПЗБ пры ЦК КП(б)Б.

Дакументы фонду Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь за 1992-1996 гг. адлюстроўваюць заканатворчую дзейнасць па распрацоўцы, абмеркаванні і разгляду законаў, кодэксаў, міжурадавых пагадненняў Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць палітычнае і эканамічнае жыццё рэспублікі ва ўмовах незалежнасці.

Асаблівую групу ўяўляюць фонды асабістага паходжання. У архіве захоўваюцца фонды партыйных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў (М.Я. Аўхімовіча, А. М. Аксёнава, І. Д. Ветрава, М. А. Зецюкова, Т. Я. Кісялёва, І. Ф. Клімава, В. Е. Лабанка, К. Т. Мазурава, П. М. Машэрава, Л. Е. Папкова, І. Я. Палякова, С. А. Прытыцкага, М.Н. Слюнькова, В. С. Смірнова, Н.Л. Сняжковай, Ф. А. Сурганава, С. С. Шушкевіча і інш.), навукоўцаў Беларусі (М.М. Аляксандрава, Б. С. Гудзімава, Ф. М. Дамінікоўскага, І. М. Ігнаценка, Я. С. Канчэра, З. Ю. Капысскага, А. Я. Міхневіча, А. А. Трусава, У. М. Сікорскага, Ф. І. Фёдарава, В. У. Чапко, В. С. Чымбурга, Г. В. Штыхава і інш.).