Зборнік вершаў «Жалейка»

Анатацыя

Першы зборнік твораў Янкі Купалы. Змест яго склалі лірычныя вершы і паэма «Адплата кахання», напісаныя ў 1905-1907 гг. Цэласная кніга лірыкі, найперш дум і перажыванняў, якія выказаны ад імя селяніна. Імкнучыся сцвердзіць сябе паэтам народных мас, выразнікам іх дум і пачуццяў, аўтар у шэрагу вершаў нібы даваў тлумачэнне, хто такі паэт Янка Купала, якія ў яго думы, перажыванні, песні, каму ён іх нясе, ахвяруе. У «Жалейцы» ўпершыню апублікаваны верш «А хто там ідзе?», які заняў асаблівае месца ў творчасці Купалы. У вершы створаны абагульнена-рамантычны вобраз беларускага народа да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Гэты твор зрабіў значны ўплыў на беларускую літаратуру і культуру ў цэлым. Яго тэкст, пакладзены на музыку кампазітарам Л. Рагоўскім, як неафіцыйны беларускі гімн выконвалі да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а ў Заходняй Беларусі — да 1939 г.

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 10 077, 2393)

Цытата

«А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.»

(«А хто там ідзе?». [1905-1907 гг.])