Камедыя «Паўлінка»

Анатацыя

Камедыя завершана ў 1912 г. Упершыню выйшла асобным выданнем у 1913 г. у Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца". У цэнтры падзей — разумная, дасціпная, вострая на язык Паўлінка. Яна вольналюбівая, здольная пастаяць за сябе, за сваё каханне, ідзе ў жыццё самастойнай дарогай. Пакахаўшы настаўніка Якіма Сароку, вобраз якога ўвасабляе новыя павевы ў жыцці вёскі, яна цягнецца і да святла тых новых ідэй, якія ён нясе. Але на шляху закаханых становяцца патрыярхальныя, кансерватыўныя сілы. Паўлінка знаходзіць у сабе мужнасць супрацьстаяць патрыярхальшчыне і фанабэрыі. Вобраз Паўлінкі ўвасабляў перадавыя сілы Беларусі, абуджаў народ да новага жыцця. Фінал п’есы гучыць драматычна — Якіма арыштавалі па даносу бацькі Паўлінкі. Так звычайная сямейна-бытавая калізія перарастае ў глыбокі сацыяльна-палітычны канфлікт, а п’еса з бытавой камедыі — у сацыяльна-праблемную.

(Бібліятэка БДАМЛМ, № 1699)

Цытата

"П а ў л і н к а. …Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста — жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?
…А няхай сабе будзе, што мае быць — я свайго такі даб’юся або згіну, каб і следу не засталося.
А г а т а. А ўсё ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
П а ў л і н к а. Бо… бо Якім з мужыкоў…"